Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыянты патрабуюць ад фігурантаў «пінскай справы» 380 тысяч рублёў кампэнсацыі за «маральныя пакуты»


Падчас пратэстаў у Пінску 9 жніўня 2020 году
Падчас пратэстаў у Пінску 9 жніўня 2020 году

Паводле інфармацыі сваякоў абвінавачаных, прыблізна такая сума кампэнсацыі была агучана на гэты момант у ходзе судовых паседжаньняў.

Суды над фігурантамі «пінскай справы» праходзяць з 23 сакавіка. Паводле сьледзтва, пацярпелымі ў справе выступаюць 109 міліцыянтаў.

Як расказала Свабодзе мачаха абвінавачанага Алега Рубца Тацяна, на мінулым тыдні ў ходзе судовых паседжаньняў апытвалі каля 70 пацярпелых міліцыянтаў Пінскага РАУС і ГАУС.

«Нават тыя зь іх, хто не атрымаў ніякіх цялесных пашкоджаньняў, выставілі пазовы на суму ад 3 да 5 тысяч рублёў. Былі нават і на 7 і 8 тысяч. Згодна з нашымі падлікамі, агульная сума кампэнсацыі цяпер складае каля 380 тысяч, — расказвае Тацяна Рубец. — Супрацоўнікі матывавалі падобны памер выплат тым, што яны атрымалі маральныя пакуты. У іх таксама парушыўся сон і апэтыт, пачаліся праблемы з суседзямі. Таму некаторыя зь сілавікоў зьехалі зь месцаў свайго сталага пражываньня. Казалі, што яны адчувалі жах, былі абражаныя».

Па словах Тацяны, адзін зь пінскіх міліцыянтаў таксама заявіў, што яму паступала пагроза сэксуальнага характару.

«У чым гэта праяўлялася, нават ня можам выказаць здагадку. Мы вельмі зьдзіўленыя падобнага роду прэтэнзіям», — кажа суразмоўца.

Тацяна дадала, што сёньня, 5 красавіка, паказаньні даюць 21 супрацоўнік Іванаўскага РАУС. Яны, нягледзячы на тое, што таксама атрымалі траўмы, ня маюць да абвінавачаных прэтэнзіяў ні маральных, ні матэрыяльных.

«Яны аказаліся, можа, больш годнымі, калі так можна сказаць, і па-мужчынску ўспрынялі гэтую сытуацыю. Даюць паказаньні менавіта пра тое, што непасрэдна адбывалася 9 жніўня, пра свае дзеяньні і сутыкненьні сілавікоў з пратэстоўцамі. Іванаўскія міліцыянты нікога не апазналі, іх апытваюць проста як удзельнікаў», — дадае Тацяна.

Асноўнае пра «Пінскую справу»

Дзяржабвінаваўца сьцьвярджае, што 9 жніўня 2020 году абвінавачваныя

  • бралі ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве каля будынку Пінскага райвыканкаму, груба парушылі грамадзкі парадак;
  • учынілі пагромы, нанесьлі супрацоўнікам міліцыі ўдары рукамі, нагамі і рознымі прадметамі — дошкамі, палкамі, вулічнымі скрынямі, фрагмэнтамі тратуарнай пліткі і бэтонных парапэтных плітаў, бутэлькамі, камянямі, мэталічнымі вырабамі і арматурай;
  • пасьля чаго наўмысна зьнішчылі і пашкодзілі транспартныя сродкі і іншую маёмасьць, якія належалі міліцыі, фізычным і юрыдычным асобам.

Прысуд 14 пінчукам маюць абвясьціць 9 красавіка. Усім ім пасьля падзей у Пінску 9-10 жніўня выставілі абвінавачаньне паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу (удзел у масавых беспарадках). Падсудным пагражае да 8 гадоў пазбаўленьня волі.

Віны, па словах Тацяны Рубец, не прызналі Станіслаў Міхайлаў, Ігар Салавей, Данііл Богнат і Аляксандар Цярэшка. Усе астатнія прызналі часткова. Яны сьцьвярджаюць, што толькі знаходзіліся ў месцы сутыкненьняў, аднак гвалтоўных дзеяньняў у бок сілавікоў ніхто зь іх не рабіў.

24 сакавіка ў «пінскай справе» затрымалі таксама новых фігурантаў, якія раней знаходзіліся ў статусе падазраваных. Сярод іх Андрэй Хвескавец, Аляксандар Шандыба і Валянцін Колба. Яны да сёньняшняга моманту знаходзяцца пад вартай. Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтру «Вясна», Валянцін Колба мае інваліднасьць праз хваробу сэрца, раней ён перанёс інфаркт. Пасьля затрыманьня ў яго здарыўся сардэчны прыступ.

Што расказваюць пінчукі пра падзеі 9-10 жніўня

Паводле жыхароў Пінску, зь якімі раней пагаварыла Свабода, 9 жніўня пасьля 20:00 людзі прыйшлі да выбарчых участкаў, каб паглядзець на выніковыя пратаколы. Аднак сябры выбарчых камісій паведамілі, што ўжо перадалі вынікі ў Пінскі гарадзкі выканаўчы камітэт. Каля 21:00 некалькі тысяч чалавек наблізіліся да будынку гарвыканкаму, падыход да якога заблякавалі супрацоўнікі ГАУС і РАУС. Да людзей выйшлі начальнік ГАУС Дзьмітры Каравякоўскі і старшыня гарвыканкаму Іван Рабкавец. Яны прапанавалі вылучыць 5 дэлегатаў для перамоваў з кіраўніцтвам гораду.

Цягам 2,5 гадзіны пратэстоўцы чакалі вяртаньня сваіх дэлегатаў. У выніку на паркоўку гарвыканкаму прыехала падмацаваньне сілавых структур. Яны ўзялі людзей у кола, зь якога пратэстоўцы вырашылі прарывацца.

Пазьней людзі пачалі адціскаць сілавікоў, выкарыстоўваючы для абароны падручныя матэрыялы (выламаныя з лавак дошкі, сьметніцы). Прагнаўшы АМАП, пінчукі празь некаторы час разышліся па дамах. На наступны дзень, 10 жніўня, людзі зноў выйшлі на пратэст, аднак ён скончыўся масавымі жорсткімі затрыманьнямі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG