Тое, што Лукашэнка з дапамогай кішэннай Канстытуцыйнай камісіі будзе ствараць новую Канстытуцыю для самога сябе, пад свае палітычныя інтарэсы, было зразумела з самага пачатку. Грамадзтва ў гэтым працэсе ніякага ўдзелу не бярэ.
Сьцісла
- Адмова ад вылучэньня працоўнымі калектывамі кандыдатаў у дэпутаты як ад спадчыны савецкага часу лягічная.
- Камісія прапануе абмежаваць выбарчыя правы беларусаў паводле ўзросту. А як жа роўнасьць грамадзян перад законам?
- Такое ўражаньне, што ўлады рыхтуюць Канстытуцыю, у якой будуць зусім абсурдныя палажэньні.
- Калі насельніцтва прагаласуе супраць новай Канстытуцыі, то захаваецца дзейны Асноўны закон, паводле якога Лукашэнка можа дабыць сваю прэзыдэнцкую кадэнцыю да канца, то бок да 2025 году.
Старшыня Канстытуцыйнага суду і кіраўнік Канстытуцыйнай камісіі Пятро Міклашэвіч у камэнтары тэлеканалу СТВ расказаў пра некаторыя намеры ўладаў.
Тое, што прапанавана адмовіцца ад вылучэньня працоўнымі калектывамі кандыдатаў у дэпутаты, лічу правільным. Працоўныя калектывы як суб’ект выбарчага працэсу, калі шырэй, суб’ект палітыкі — гэта спадчына савецкага часу. Тады партыйныя, грамадзкія арганізацыі (КПСС, камсамол і іншыя) ствараліся паводле вытворчага прынцыпу. Гэты рудымэнт захаваўся толькі ў Беларусі, дзе дзяржаўныя прадпрыемствы і ўстановы па-ранейшаму зьяўляюцца інструмэнтам кантролю за палітычнай добранадзейнасьцю работнікаў. Яшчэ варта было б на канстытуцыйным узроўні забараніць працоўным калектывам вылучаць кандыдатаў у выбарчыя камісіі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канстытуцыйная камісія, створаная Лукашэнкам, абмяркоўвае рэформу выбарчай сыстэмы. Што там прапанавалі?Але вось наступная навацыя выклікае зьбянтэжанасьць. Паводле Пятра Міклашэвіча, камісія прапануе абмежаваць выбарчыя правы беларусаў паводле ўзросту. Цяпер правам галасаваць будуць надзелены грамадзяне ва ўзросьце ад 20 да 70 гадоў. Я ня ведаю прыкладаў іншых краін, дзе былі б такія правілы. Гэта супярэчыць канстытуцыйнай норме ўсіх цывілізаваных краін пра роўнасьць грамадзянаў перад законам.
Зразумела, чаму выбарчы ўзрост падвышаецца на два гады. Сам Лукашэнка фактычна прызнаў, што моладзь улада страціла, што ў моладзевым асяродзьдзі рэжым не карыстаецца падтрымкай. Калі так, то трэба пазбавіць частку іх права голасу, падвысіць узроставы цэнз з 18 да 20 гадоў. Міклашэвіч тлумачыць гэта тым, што толькі ў 20 гадоў «маладыя людзі ўжо пасьпеюць сфармавацца як асоба і будуць здольныя рэальна ацэньваць сытуацыю».
Цікава, што ў войска маладзёнаў бяруць з 18 гадоў. То бок бараніць Радзіму яны сасьпелі, давяраць ім самую сучасную зброю можна. А вось каб галасаваць на выбарах, яны яшчэ не сфармаваліся як асобы. Дзіўная лёгіка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як законы падганяюць пад злачынствыА ўжо чаму грамадзянам ва ўзросьце за 70 гадоў нельга галасаваць, увогуле загадка. Ва ўсім сьвеце працягласьць жыцьця павялічваецца. І пазбаўляць людзей пажылога веку выбарчага права — гэта такая відавочная дыскрымінацыя, якая ня мае ніякага ўцямнага тлумачэньня.
Такое ўражаньне, што ўлады рыхтуюць Канстытуцыю, у якой будуць зусім абсурдныя палажэньні. Ня будзем забываць пра намер надаць канстытуцыйны статус Усебеларускаму народнаму сходу. І можа так здарыцца, што дзейны Асноўны закон у параўнаньні з прапанаваным праектам будзе выглядаць нават больш дэмакратычным.
Не выключаю, што Лукашэнка можа падрыхтаваць беларускаму грамадзтву такую палітычную пастку. Альбо галасуйце на рэфэрэндуме за новую Канстытуцыю, у якой будуць такія дзівосы, як абмежаваньне выбарчага права паводле ўзросту і шмат іншых непрыемных нечаканасьцяў, пасьля чаго абяцаю датэрміновыя прэзыдэнцкія і парлямэнцкія выбары. Альбо, калі вы галасуеце супраць ці байкатуеце, то захоўваецца дзейная Канстытуцыя. Тады, паводле яе, Лукашэнка дабывае сваю прэзыдэнцкую кадэнцыю да канца, то бок да 2025 году. Выбірайце паміж двума кепскімі варыянтамі.
Думаю, дэмакратычнай грамадзкасьці варта рыхтавацца да такой непрыемнай дылемы.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пра рэформу ўлады: «У прэзыдэнта застануцца асноўныя паўнамоцтвы» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апублікавалі ўхваленыя законапраекты аб экстрэмізьме, СМІ, рэабілітацыі нацызму. Што ў іх новага?