Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канстытуцыйная камісія, створаная Лукашэнкам, абмяркоўвае рэформу выбарчай сыстэмы. Што там прапанавалі?


Пётар Міклашэвіч, старшыня Канстытуцыйнай камісіі.
Пётар Міклашэвіч, старшыня Канстытуцыйнай камісіі.

Пры гэтым Пятро Міклашэвіч, старшыня Канстытуцыйнага суду, які ачольвае Канстытуцыйную камісію, адразу заявіў, што ўсе мінулыя ў Беларусі выбары адпавядалі дэмакратычным прынцыпам.

Сёньня ў Менску праходзіць другое пасяджэньне Канстытуцыйнай камісіі, створанай указам Аляксандра Лукашэнкі; разглядаюцца магчымыя зьмены ў разьдзел Канстытуцыі, які рэглямэнтуе выбарчую сыстэму.

«Усе мінулыя выбары ў нас грунтаваліся на канстытуцыйнай аснове, дэмакратычных прынцыпах, якія даюць магчымасьць нашым грамадзянам праявіць і выказаць сваё свабоднае волевыяўленьне як пры выбарах дэпутатаў у парлямэнт, так і, адпаведна, прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь», — сказаў перад пачаткам пасяджэньня Пятро Міклашэвіч. Яго цытуе дзяржаўнае агенцтва БелТА.

«Я перш за ўсё хацеў бы адзначыць, што канстытуцыйныя прынцыпы выбарчай сыстэмы, замацаваныя ў Канстытуцыі, адпавядаюць міжнародным стандартам, замацаваным на ўзроўні Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, на ўзроўні эўрапейскім у адпаведных актах... Але ў цяперашні час паўстала абʼектыўная неабходнасьць унесьці пэўныя карэкціроўкі ў тыя ці іншыя канстытуцыйныя палажэньні», — дадаў Міклашэвіч.

Намесьніца Міклашэвіча Натальля Карповіч паведаміла, што паступіла больш за 300 прапановаў ад грамадзян на тэму рэформы выбарчай сыстэмы.

«Вядома ж, грамадзяне, падтрымліваючы тыя прынцыпы выбарчай сыстэмы, якія закладзеныя ў нашай Канстытуцыі — гэта ўсеагульнае роўнае прамое выбарчае права, тайнае галасаваньне, тым ня менш выказалі шэраг прапаноў, якія тычацца ўдакладненьня і разьвіцьця гэтых прынцыпаў у канстытуцыйных нормах. Такіх прапаноў паступіла больш за 300», — расказала Натальля Карповіч.

У прыватнасьці, яна назвала прапановы аб мэтазгоднасьці зьмены ўзроставых цэнзаў грамадзян, увядзеньня гранічнага ўзросту для ўдзелу ў выбарах і заняцьця выбарных пасад. Таксама ўносіліся прапановы, якія тычацца выключэньня некаторых абмежаваньняў, прадугледжаных Канстытуцыяй для асоб, якія падазраюцца ў зьдзяйсьненьні злачынстваў.

Першае пасяджэньне Канстытуцыйнай камісіі адбылося 31 сакавіка. Тады ж быў зацьверджаны графік яе пасяджэньняў. Яны будуць праходзіць два разы на месяц. Усяго заплянавана 9 пасяджэньняў.

У сярэдзіне сакавіка Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 105 аб Канстытуцыйнай камісіі. Створанай камісіі даручана распрацаваць прапановы па зьмене асноўнага закона краіны і забясьпечыць іх усенароднае абмеркаваньне.

Да 1 жніўня гэтага году камісія плянуе прадставіць Лукашэнку выпрацаваныя прапановы для іх вынясеньня на рэфэрэндум. У склад камісіі ўвайшлі 36 чалавек на чале са старшынёй Канстытуцыйнага суду Пятром Міклашэвічам. У камісіі няма ніводнага прадстаўніка апазыцыі і дэмакратычнай супольнасьці.

Як Лукашэнка абяцаў рэформу Канстытуцыі

  • У сакавіку 2019 году Лукашэнка сказаў, што ня супраць зьменаў у Канстытуцыю, асабліва ў частцы ўзмацненьня заканадаўчай улады.
  • У траўні 2019 году Лукашэнка заявіў, што неўзабаве ў Беларусі будзе альбо новая Канстытуцыя, альбо будуць уносіцца зьмены ў дзейную. «Наша Канстытуцыя пачынае трошкі адставаць», — сказаў тады ён.
  • У жніўні 2020 на фоне пратэстаў супраць фальшаваньня выбараў прэзыдэнта Пуцін, які падтрымаў Лукашэнку, выступіў за канстытуцыйную рэформу ў Беларусі як магчымае выйсьце з сытуацыі.
  • У канцы лістапада 2020 Лукашэнка заявіў, што «незнаёмаму прэзыдэнту такую Канстытуцыю аддаваць нельга, будзе бяда». І паабяцаў, што пры новай Канстытуцыі «я ўжо з вамі прэзыдэнтам працаваць ня буду».
  • У сьнежні Лукашэнка заявіў, што Ўсебеларускі народны сход трэба зрабіць канстытуцыйным органам. І перадаць менавіта гэтаму органу тыя паўнамоцтвы, якіх пазбавіцца прэзыдэнт.
  • Але ўжо перад Новым годам стала зразумела, што пытаньне пра зьмены ў Канстытуцыю адклалі як мінімум да канца 2021-га. «Думаю, што да канца наступнага году праект новай Канстытуцыі будзе гатовы. І тады на рэфэрэндуме людзі вызначаць, быць новай Канстытуцыі ці ня быць», — сказаў Лукашэнка.
  • 30 сакавіка Аляксандар Лукашэнка правёў нараду наконт пераразьмеркаваньня паўнамоцтваў. На ёй ён заявіў, што неабходна захаваць моцную прэзыдэнцкую ўладу.

«У прэзыдэнта застануцца асноўныя паўнамоцтвы, якія могуць уплываць на любое рашэньне зьнізу даверху. Дзе б ні быў Лукашэнка, які б ні быў тут прэзыдэнт, ён будзе кіраўніком дзяржавы з моцнымі паўнамоцтвамі, бо калі мы „разбавім“ будучага прэзыдэнта (не мяне гэта тычыцца), маюцца на ўвазе паўнамоцтвы найперш, краіне ня быць, яна зьнікне», — заявіў Лукашэнка.

Ён падкрэсьліў што прэзыдэнт і далей будзе галоўным у тых сфэрах, «дзе вырашаюцца найважнейшыя пытаньні для любога жыхара, субʼекта гаспадараньня і дзяржавы ў цэлым».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG