«Экстрэмістаў» будуць караць за выкарыстаньне «Пагоні»
Праект закону «Аб супрацьдзеяньні экстрэмізму» апублікавалі на Нацыянальным прававым партале.
За «экстрэмісцкія дзеяньні» могуць абвінаваціць каго заўгодна — людзей, партыі, арганізацыі, у тым ліку замежныя і міжнародныя.
Экстрэмізмам назвалі дзеяньні на шкоду незалежнасьці, тэрытарыяльнай цэласнасьці, сувэрэнітэту, асновам канстытуцыйнага ладу і грамадзкай бясьпецы.
Далей ідзе пералік такіх дзеяньняў з 18 пунктаў, некаторыя зь якіх выцякаюць з сэнсу фармулёўкі экстрэмізму, а некаторыя выглядаюць нечакана.
Гэтак, поруч з гвалтоўным захопам улады, стварэньнем узброеных фармаваньняў і тэрарыстычнай дзейнасьцю, экстрэмізмам палічылі:
- распаўсюд хлусьлівых зьвестак пра розныя сфэры жыцьця Беларусі, прававы стан беларусаў, «якія дыскрэдытуюць Рэспубліку Беларусь»;
- абразу прадстаўніка ўлады,
- дыскрэдытацыю органаў улады і кіраваньня;
- перашкоду працы Цэнтравыбаркаму ды іншых дзяржаўных органаў;
- актыўны ўдзел у масавых беспарадках ці іх арганізацыю;
- заклік на несанкцыянаваную масавую акцыю — ад мітынгу да пікету, а таксама ўцягненьне людзей ва ўдзел у іх;
- публічнае апраўданьне такіх дзеяньняў, а тым больш заклік да іх;
- фінансаваньне вышэйпазначаных дзеяньняў.
Экстрэмісцкай сымболікай могуць палічыць усё, што можна паказаць, прачытаць ці прасьпяваць для «экстрэмісцкай дзейнасьці». А партрэт экстрэміста — сам па сабе экстрэмізм.
Забаранілі выкарыстаньне «экстрэмістамі» сымболікі, прызнанай гісторыка-культурнай каштоўнасьцю, а таксама афіцыйных сымбаляў. За гэта будуць караць.
Супрацьдзейнічаць экстрэмізму, акрамя сілавікоў, будуць улады, адказныя за інфармацыю, адукацыю і рэлігію. Для гэтага будуць выхоўваць патрыятызм у дзяцей, моладзі і астатніх грамадзян.
2 красавіка Палата прадстаўнікоў прыняла гэты законапраект у першым чытаньні.
Афіцыйнае папярэджаньне, забарона дзейнасьці, турма. Што пагражае за «рэабілітацыю нацызму»
У публічным доступе зьявіўся і законапраект «Аб недапушчэньні рэабілітацыі нацызму», ухвалены Палатай прадстаўнікоў у першым чытаньні. У чым асноўныя навацыі?
У тэксьце даюцца вызначэньні некаторых паняцьцяў. Нацысцкімі злачынцамі названыя арганізатары, падбухторшчыкі, кіраўнікі ці выканаўцы ваенных злачынстваў. Памагатыя — тыя жыхары акупаваных тэрыторый, у тым ліку прызваныя на службу, хто непасрэдна выконваў або наўмысна садзейнічаў выкананьню загадаў нацысцкіх органаў.
Пералік дзеяньняў, якімі вызначаецца рэабілітацыя нацызму, дапоўнілі «гераізацыяй нацысцкіх злачынцаў і іх памагатых» — праслаўленьнем іх, а таксама іх злачынстваў.
Супрацьдзейнічаць рэабілітацыі нацызму, згодна з дакумэнтам, будуць з дапамогай патрыятычнага выхаваньня грамадзянаў. Вось што пад ім разумеецца:
- фармаваньне ў грамадзтве нецярпімасьці да нацызму і яго рэабілітацыі;
- распаўсюд адпаведнай інфармацыі, у тым ліку ў інтэрнэце;
- услаўленне перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне праз мастацтва, адукацыйныя і навуковыя праекты.
Сярод суб'ектаў супрацьдзеяньня рэабілітацыі нацызму законапраект вылучае МУС – ведамства будзе каардынаваць дзейнасьць дзяржорганаў. Разам з КДБ праваахоўнікі мусяць рабіць прагнозы грамадзка-палітычнай сытуацыі, падаваць інфармацыю кіраўніку краіны і ўраду, удзельнічаць у рэалізацыі прафіляктычных захадаў.
Міністэрства юстыцыі, апарат Упаўнаважанага ў справах рэлігій і нацыянальнасьцяў і мясцовыя выканкамы, апроч іншага, павінны маніторыць дзейнасьць партый, прафсаюзаў, грамадзкіх абʼяднаньняў і рэлігійных арганізацый.
За парушэньні могуць вынесьці афіцыйнае папярэджаньне, прыпыніць дзейнасьць любой арганізацыі (у тым ліку замежнай і міжнароднай), прызнаць іх экстрэмісцкімі і забараніць на тэрыторыі Беларусі.
Крымінальная адказнасьць за рэабілітацыю нацызму зьявілася ў беларускім заканадаўстве 1 лютага 2020 году — тады набылі сілу папраўкі ў артыкул 130 Крымінальнага кодэксу («Распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасьці, рэабілітацыя нацызму»). Санкцыя артыкула прадугледжвае да 5 гадоў пазбаўленьня волі.
Новы законапраект аб СМІ: абмяжоўваць, пазбаўляць, прыцягваць да адказнасьці
Палата прадстаўнікоў таксама ўхваліла ў першым чытаньні законапраект «Аб зьмене законаў у пытаньнях сродкаў масавай інфармацыі». Праект апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Як вынікае з дакумэнту, будуць пашыраныя абавязкі юрыдычных асобаў, якія зьяўляюцца рэдакцыямі СМІ, уладальнікамі інтэрнэт-рэсурсаў і сеткавых выданьняў. Да 5 гадоў павялічаны тэрмін забароны на права фізычным і юрыдычным асобам выступаць у якасьці заснавальніка СМІ пасля таго, як яго выпуск спынены. Для ўладальнікаў інтэрнэт-выданьня такое абмежаваньне — 3 гады.
Сярод падставаў для адмовы ў дзяржаўнай рэгістрацыі або перарэгістрацыі называюцца наступныя:
- назва СМІ супадае або падобная да назвы выданьня, у дачыненьні да якога прынята рашэньне аб спыненьні выпуску;
- назва сеткавага выданьня не супадае з назвай дамэну інтэрнэт-рэсурсу;
- галоўны рэдактар ня мае права паводле закону займаць такую пасаду.
Таксама ў праекце дакумэнту пашыраны сьпіс падставаў для спыненьня выпуску СМІ:
- вынясеньне цягам году двух і больш пісьмовых папярэджаньняў;
- рашэньне міжведамаснай камісіі па бясьпецы ў інфармацыйнай сфэры аб наяўнасьці паведамленьняў або матэрыялаў, распаўсюд якіх здольны прывесьці да ўзьнікненьня пагрозы нацыянальнай бясьпецы.
Зьявіліся новыя прычыны, на падставе якіх дзяржорганы могуць абмяжоўваць доступ да інтэрнэт-рэсурсаў і сеткавых выданьняў. Так, на рашэньне Міністэрства інфармацыі гэта дазволена ў наступных выпадках:
- публікацыя інфармацыі, забароненай да распаўсюду;
- вынясеньне ўладальніку інтэрнэт-рэсурсу цягам году двух і больш патрабаваньняў, а ўладальніку сеткавага выданьня — пісьмовых папярэджаньняў;
- невыкананьне ўладальнікам інтэрнэт-рэсурсу патрабаваньняў органа дзяржкіраваньня аб ліквідацыі парушэньняў заканадаўства аб СМІ або неперадачы ў гэты орган пацьвярджальных дакумэнтаў;
- рашэньне міжведамаснай камісіі пра наяўнасьць на інтэрнэт-рэсурсе матэрыялаў, пашырэньне якіх пагражае нацыянальнай бясьпецы.