Сёлета беларусы забралі з банкаў 200 млн даляраў валютных дэпазытаў

  • БелаПАН

Ілюстрацыйнае фота

Дэпазыты беларусаў у нацыянальнай валюце вырасьлі на 145 млн рублёў. Але людзі аддаюць перавагу кароткатэрміновым укладам. Гаварыць жа пра вяртаньне замежнай валюты ў бягучай сытуацыі не выпадае.

Тэрміновыя рублёвыя ўклады насельніцтва за першы квартал вырасьлі на 3,2%, тэрміновыя валютныя дэпазыты зьменшыліся на 4,3%, сьведчыць статыстыка Нацыянальнага банку.

У грашовым вымярэньні тэрміновыя валютныя дэпазыты насельніцтва ў студзені-сакавіку скараціліся на 200,7 млн даляраў да 4,439 млн даляраў па стане на 1 красавіка. У той жа час тэрміновыя рублёвыя ўклады насельніцтва вырасьлі на 145,7 млн рублёў да 4,678,3 млн рублёў.

Па дадзеных камэрцыйных банкаў, беларусы ў 2021 годзе цікавяцца ў асноўным кароткатэрміновымі рублёвымі дэпазытамі, да трох месяцаў.

«Рабочыя стаўкі ад 17%», — паведаміў БелаПАН топ-мэнэджар аднаго з банкаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 77,9% беларусаў ня вераць, што цэны ў краіне замарудзяць рост

Стаўкі па валютных дэпазытах застаюцца на нізкім узроўні (1,25% гадавых у выпадку разьмяшчэньня дэпазыту на тэрмін да году і 2,3% гадавых — па валютных дэпазытах на тэрмін звыш году).

Беларускія эканамісты мяркуюць, што з улікам ставак на рынку адтоку рублёвых дэпазытаў назірацца ня будзе, але магчымы далейшы адток валютных укладаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі рубель рэкордна ўпаў да даляра. Новы гістарычны максымум — 2,6676 рубля

На думку экспэртаў, павялічыць валютныя дэпазыты ў банкаўскай сыстэме будзе цяжка ня толькі з прычыны нізкай прыбытковасьці такіх укладаў, але і па палітычных прычынах.

«Без кардынальнага паляпшэньня палітычнай сытуацыі ў краіне казаць аб поўным вяртаньні валютных дэпазытаў, якія пакінулі банкаўскую сыстэму летась, не выпадае», — лічыць аналітык дасьледчай групы BusinessForecast.by Аляксандар Муха.

У 2020 годзе на фоне палітычных падзей тэрміновыя валютныя дэпазыты ў банкаўскай сыстэме скараціліся на чвэрць, тэрміновыя рублёвыя ўклады фізычных асоб — больш чым на 10%.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Крэдыты Беларусі даюцца дзеля таго, каб узмацніць уплыў Расеі». Эканаміст — пра даўгі Беларусі і іншых краінаў Маскве
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША прыгразілі аднавіць санкцыі супраць 9 беларускіх прадпрыемстваў, калі Менск ня выпусьціць палітвязьняў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад пачатку году ў бюджэтнікаў падаюць заробкі. Якімі сумамі завабліваюць лекараў і настаўнікаў