«Яшчэ будзе лунаць наш сьцяг». Віталь Гуркоў — пра перамогу, радыкалізацыю супраціву, сустрэчу зь Зяленскім і парк Кудзіна

Віталь Гуркоў. 2019 год.

У жывым эфіры Свабода Premium беларускі кікбаксэр, шматразовы чэмпіён сьвету і вакаліст панк-гурту BRUTTO Віталь Гуркоў адказаў на пытаньні Свабоды і нашай аўдыторыі.

Глядзець стрым на відэа.


Тут адказы Віталя Гуркова на некаторыя пытаньні

Якую спартовую мэтафару вы б прапанавалі для беларускай рэвалюцыі?

— Трэба пратрымацца да 12-га чэмпіёнскага раўнду. Дакладна, палову раўндаў мы ўжо прайшлі. Якімі будуць наступныя раўнды, яшчэ ніхто ня ведае. Трэба быць мацнейшымі, больш асьцярожнымі і ўважлівымі, не губляць канцэнтрацыі. І ўсё будзе добра. Адказ на гэтае пытаньне залежыць ад таго, што вы лічыце перамогай. Я лічу перамогай, калі ў нас будзе незалежная, вольная Беларусь са сваёй мовай, культурай, гісторыяй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Кожны беларус цяпер у закладніках або ў турме». Баец Віталь Гуркоў — аб сваім звароце да сілавікоў і рэакцыі спартоўцаў на пратэсты

Як вы ставіцеся да таго, што людзі не абараняюць сябе ад фізычных нападаў сілавікоў у чорным ці зялёным?


— Балюча, што людзі абсалютна не абароненыя. Мы ведаем, якія наступствы могуць быць, калі чалавек спрабуе абараніцца. Адзін зь яскравых прыкладаў — тое, што адбылося з маім сябрам па нацыянальнай зборнай Аляксеем Кудзіным, які адказаў на гвалтоўныя дзеяньні сілавікоў. Гэта была самаабарона, у выніку ў яго стралялі, у СІЗА не хацелі аказваць мэдычную дапамогу, Аляксей вымушаны быў зьехаць за мяжу, і потым яго затрымалі. Мы бачым у гэтай гісторыі, што нармальны здаровы мужык з духоўнымі каштоўнасьцямі і сыстэмай каардынатаў, які мае фізычную моц, празь беззаконьне вымушаны сядзець у турме, дзякуй Богу, не ў Беларусі, а ў суседняй краіне. Калі ведаеш пра такі прыклад, цяжка адказваць сілай на незаконныя дзеяньні, на незаконную агрэсію невядома яшчэ каго, ці то супрацоўнікаў, ці то злачынцаў. Усе ўжо разумеюць, што за людзі хаваюцца за гэтымі маскамі. У Маладэчне, дзе і адбылася гэтая гісторыя, неўзабаве будзе парк Кудзіна, а мясцовыя жыхары ўжо называюць яго паркам Кудзіна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Браў спэцназ ФСБ». Віталь Гуркоў расказаў, як у Маскве затрымлівалі Аляксея Кудзіна

Сілавікі, якія ўжываюць гвалт, пераважна маюць спартовую падрыхтоўку. Якія спартовыя прынцыпы яны парушаюць?


— Гэтых людзей нельга лічыць спартоўцамі. У атрадах АМАПу ці іншых падразьдзяленьнях не было людзей, якія дасягалі сур’ёзных вынікаў у спорце. У іх няма спартовых прынцыпаў, гэта ўвогуле ня спорт. Дзейнасьць, якой яны займаюцца, несумяшчальная са спартовымі прынцыпамі. Ніхто зь іх ня быў чэмпіёнам сьвету ці чэмпіёнам Беларусі. Гэта людзі, якія ўскосна праходзілі падрыхтоўку. Калі высьветлілася, што ў спорце не атрымалася зарабляць грошы прафэсіяналізмам і майстэрствам, чалавек ідзе ва ўстанову, зьвязаную зь сілавым блёкам — войска ці АМАП, бо здаецца, што ён ня здольны зарабляць сабе на жыцьцё іншымі спосабамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Віталь Гуркоў зьвярнуўся да сілавікоў: «На Беларусь напалі вы». ВІДЭА

Пра што сьведчыць крымінальны перасьлед кіраўнікоў Беларускага фонду спартовай салідарнасьці?


— Фонд спартовай салідарнасьці практычна заўсёды максымальна дасягае сваіх мэтаў. Гэта вельмі пасьпяховая праца. Мы гэта бачым па адменах чэмпіянатаў і іншых выніках. Мне здаецца, тут адыграла ролю асабістая крыўда.


Як жывецца ў Кіеве пасьля часовага адʼезду зь Беларусі?

Віталь Гуркоў

— Пасьля жніўня я быў ня толькі ў Кіеве, пашчасьціла і пападарожнічаць. Якое жыцьцё ў Кіеве? Сачу за навінамі з розных крыніцаў, і гэта тое, што замінае спаць. Спрабую вярнуцца да звыклага ладу жыцьця. Трэніруюся, праводжу заняткі, працую трэнэрам, камэнтую спартовыя турніры. Нядаўна быў у Малдове на прафэсійным турніры ў якасьці камэнтатара. Ва Ўкраіне ўдзельнічаю ў адным праекце прафэсійнай лігі — бяру інтэрвію ў спартоўцаў і камэнтую баі. Працягваю разьвівацца ў сваёй прафэсійнай галіне. Думаю, што яшчэ выйду на рынг. Ёсьць пэўныя прапановы па прафэсійных баях, і, спадзяюся, яшчэ будзе лунаць наш сьцяг. У мяне вельмі шмат сяброў ва Ўкраіне ўжо даўно, ёсьць і сваякі, таму не адчуваю дыскамфорту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я таплю за Беларусь». Чэмпіён сьвету ў тайскім боксе пра жыцьцё паміж Тайляндам і Асіповічамі. ФОТА

Што гаварылі пра Беларусь на сустрэчы з прэзыдэнтам Уладзімірам Зяленскім?


— Гэта была нефармальная размова з нагоды таго, што Сяргею Ўладзіміравічу Міхалку ўсё ж далі ганаровае званьне заслужанага артыста Ўкраіны. У нас пыталіся, што, на нашую думку, цяпер адбываецца ў Беларусі. Мы пачулі пра законы для айцішнікаў, пра павелічэньне тэрмінаў знаходжаньня ва Ўкраіне для беларусаў. Нешта робіцца. Мы самі бачым, як шмат беларусаў зьехала ва Ўкраіну. Дзе б ты ні быў — Львоў, Адэса ці Кіеў, беларусаў вельмі шмат. У мяне шмат беларусаў трэніруецца. Нехта зьехаў за 2–3 месяцы да падзеяў, нехта пасьля, нехта год таму. Шмат беларусаў ва Ўкраіне з рознымі гісторыямі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фільм «Mortal Kombat» агучаць па-беларуску проста ў кінатэатры. Будзе Гуркоў!


Як ставіцеся да «радыкалізацыі» супраціву? Ці ня будзе такая зьмена фармату больш дзейснаю?


— У нас няма і не было рэсурсаў для радыкалізацыі супраціву. У нас зачышчаная тэрыторыя ўжо вельмі даўно, ніхто ня мог гэтым займацца і ніхто ня здолеў бы. Беларусы — эўрапейская нацыя з пэўнымі каштоўнасьцямі. Больш спакойная ў гэтым пляне. У нас толькі ў 90-я нешта падобнае магло быць. Тым больш з разьвіцьцём новых тэхналёгій мы бачым, што пратэст адразу быў інстаграмавы, з крутымі фоткамі і ўсім астатнім. 80% людзей, якія аказаліся зацягнутыя ў яго, ня ведалі і не маглі нават уявіць, што з таго боку будзе такое зло і жахі — гранаты, выбухі, стрэлы ў людзей.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Правілы жыцьця Віталя Гуркова

Калі гэта скончыцца?

— Беларусы — пазытыўныя, таму хочуць адказу на пытаньне, калі гэта ўсё скончыцца. Пасьля Новага году, вясной, 25 сакавіка, 9 траўня... Давайце ня ставіць ніякіх датаў, не падманваць і не падманвацца. Проста рабі што павінен, і будзе што будзе.


Чаму важна адмовіцца ад алькаголю і тытуню і далучыцца да Зборнай здаровага ладу жыцьця?

Віталь Гуркоў перамог чэмпіёна кітайскага К-1, казаха Мэргена Білялава

— Беларусам патрэбны зарад бадзёрасьці і рашучасьці, бо дэпрэсіўная зіма была, дэпрэсіўныя навіны. Спартоўцы, як сацыяльна адказныя людзі, падтрымалі ініцыятыву Беларускага фонду спартовай салідарнасьці. Трэба захаваць здароўе, узьняць настрой і пазбавіцца нэгатыўнага асяродзьдзя. Заняткі спортам падтрымліваюць агульны настрой і фізычную форму, і, да таго ж, можна далучыцца за кляснай кампаніі свабодных спартоўцаў Беларусі.


Якія бэнэфіты атрымаюць сябры Зборнай здаровага ладу жыцьця?

Віталь Гуркоў. Архіўнае фота.

— Вы ўваходзіце ў Зборную здаровага ладу жыцьця і можаце да любога спартоўца зьвярнуцца з пытаньнямі датычна трэніровак, харчаваньня, ладу жыцьця, фізычных нагрузак. Часта пытаюцца наконт праблемаў з траўмамі, мне даволі часта такія кансультацыі даводзілася рабіць, бо спартоўцы сутыкаюцца з такімі праблемамі.

Ці вядуць здаровы лад жыцьця Лукашэнка і ягонае атачэньне?


— Усе мы бачылі людзей на «Ўсебеларускім народным сходзе». Дастаткова паглядзець на іх твары, фігуры, і адразу можна меркаваць, хто займаецца спортам, а хто не.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Захаваць здароўе да перамогі». Алякандра Герасіменя — пра «Зборную здаровага ладу жыцьця»

Чаму ня варта купляць цыгарэты і алькаголь?


— Я курыў толькі ў трэцяй клясе, пакуль дзягі не атрымаў ад бацькоў. Тытунёвы і алькагольны бізнэс губіць жыцьці, семʼі распадаюцца, гэта зло. У сваю школьную пару я памятаю, што шапікі з разьліўным півам і цыгарэтамі ўраздроб былі каля маёй школы. Потым іх прыбралі, а цяпер ізноў па ўсім горадзе «Табакеркі» зьявіліся — каля шпіталяў, каля школаў, на ўсіх прыпынках. Адмова ад алькаголю і цыгарэтаў адыграе пазытыўную ролю ў жыцьці, няважна, у якой краіне гэта выраблена і дзе прадаецца.