Інфармацыя пра тое, дзе апошнім часам знаходзіўся Аляксей Кудзін, была «пад грыфам сакрэтна», паведамляе са спасылкай на Віталя Гуркова партал Tut.by.
«Я ня ў курсе, як ён апынуўся ў Маскве і колькі там знаходзіўся. Думаю, што падтрымліваў форму, вёў перамовы пра ўдзел у далейшых спаборніцтвах. Усё ж Аляксей — спартовец у росквіце сілаў. Мяркую, у яго было шмат прапаноў з розных прафэсійных арганізацый і лігаў», — лічыць Віталь Гуркоў.
На пытаньне пра абставіны затрыманьня свайго сябра тайбаксэр адказаў:
«Наколькі ведаю, яго затрымліваў спэцназ ФСБ. Гэта адбылося раніцай у чацьвер у кватэры ягонага сябра. Мне расказалі, што Аляксей спачатку прачнуўся ад шуму за сьцяной — спэцназ памылкова ўварваўся ня ў тую кватэру. Па словах сябра, Лёха падумаў, што яму прысьніўся сон пра аблаву. Але праз 20 хвілін тыя хлопцы ўвайшлі ўжо ў патрэбныя дзьверы. Сілавікі працавалі карэктна, ніякай «жэсьці» і фізычнага ўзьдзеяньня не было, Аляксей нармальна сябе адчувае».
Паводле Віталя Гуркова, нельга дапусьціць, каб расейскія ўлады пагадзіліся на экстрадыцыю Аляксея Кудзіна — у Беларусі яго чакае «расправа». Але папярэдне ў Маскве павінен адбыцца суд.
«Чамусьці ва ўсіх, хто займаецца справай Аляксея, сфармавалася ўстойлівая думка, што рашэньне аб яго экстрадыцыі ўжо прынятае на самым высокім узроўні. Пры гэтым яго прыхільнікі будуць змагацца і выкарыстоўваюць кожны шанец, бо ўсе разумеюць: Аляксею ў Беларусі рабіць няма чаго. Яго справа — паказальная, гучная, палітычная. Таму чакае сур’ёзны тэрмін і вялікая рызыка здароўю. У яго ўжо стралялі і кідалі сьвятлашумавыя гранаты, ён цудам застаўся жывы. Як той казаў, „Міністэрства аховы здароўя не рэкамэндуе“ вяртацца».
Больш за 300 спартоўцаў папрасілі не дапусьціць экстрадыцыі шматразовага чэмпіёна сьвету ў кікбоксінгу і тайскім боксе Аляксея Кудзіна з Расеі ў Беларусь.
Адкрыты ліст, ініцыяваны Беларускім фондам спартовай салідарнасьці і адрасаваны генэральнаму пракурору Расейскай Фэдэрацыі Ігару Краснову, падпісалі шматразовы чэмпіён сьвету і Эўропы ў тайскім боксе і кікбоксінгу Віталь Гуркоў, трохразовая алімпійская прызэрка ў плаваньні Аляксандра Герасіменя, прызэрка чэмпіянату Эўропы ў баскетболе Алена Леўчанка, адна з наймацнейшых у свой час тэнісістак Натальля Зьверава ды іншыя.