Сьцісла:
- Міністар прызнае, што ёсьць сумневы ў афіцыйных выніках прэзыдэнцкіх выбараў.
- Уладзімер Макей заявіў, што ў адказ на замежны ціск беларускія ўлады ліквідуюць грамадзянскую супольнасьць.
- Галоўная выснова палягае ў тым, што ўлады абсалютна перасталі маскавацца.
- Грамадзянская супольнасьць адсутнічае толькі у таталітарных дзяржавах.
Першы момант. Міністар сказаў: «І зьвярніце ўвагу: сёньня ніхто не спрачаецца, што Аляксандар Лукашэнка выйграў выбары. Гаворка ідзе пра тое, ці тая гэта лічба ці ня тая гэта лічба».
То бок, міністар прызнае, што ёсьць сумневы ў афіцыйных выніках прэзыдэнцкіх выбараў. Дарэчы сам Лукашэнка на Ўсебеларускім народным сходзе прызнаў, што, магчыма, губэрнатары накінулі яму некалькі працэнтаў.
Калі тое сапраўды так, то з прававога гледзішча гэта азначае, што прэзыдэнцкія выбары былі сфальсыфікаваныя. І няважна, колькі насамрэч набраў Лукашэнка, «тая гэта лічба ці ня тая гэта лічба». Паводле закону, нельга выйграць сфальсыфікаваныя выбары. У такім разе вынікі прэзыдэнцкіх выбараў павінны быць адмененыя, генэральны пракурор абавязаны распачаць крымінальную справу, каб разабрацца, што ж там адбылося. Калі спартовец злоўлены на выкарыстаньні допінгу, то ён здымаецца з спаборніцтваў, дыскваліфікуецца, незалежна ад таго, якое месца заняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Макей: калі санкцыі будуць узмацняцца, грамадзянская супольнасьць перастане існавацьДругі момант. Уладзімер Макей прызнаў, што ў адказ на замежны ціск беларускія ўлады зьнішчаць грамадзянскую супольнасьць. Падобнага роду намёкі міністар рабіў і раней. Але цяпер гэта была сказана проста і шчыра, без усялякай маскіроўкі. Прычым двойчы. Гаворачы пра пазыцыю Захаду, Макей адзначыў: «Гэта прывядзе адназначна, скажам, калі далей будзе нагнятацца сытуацыя, да таго, што ня будзе той грамадзянскай супольнасьці, пра якую так клапоцяцца нашы эўрапейскія партнэры». А потым у другім сюжэце яшчэ раз акцэнтаваў на гэтым увагу: «Любое далейшае ўзмацненьне жорсткасьці санкцый прывядзе да таго, што грамадзянская супольнасьць, пра якую яны клапоцяцца, перастане існаваць. І гэта будзе, я лічу, абсалютна абгрунтавана ў дадзенай сытуацыі».
Галоўная выснова палягае ў тым, што ўлады абсалютна перасталі маскавацца. Яны не баяцца прызнацца, які палітычны рэжым сфармаваны ў Беларусі. Ім цяпер ня важна, як яны выглядаюць звонку. Рэпутацыя іх цяпер зусім не цікавіць. Макей не зьмякчае сваю пагрозу нейкім эўфэмізмам кшталту «так званая грамадзянская супольнасьць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Знарочыста хамаватая зухаватасьць». Сын Макея скрытыкаваў заяву на адрас амбасады ЗША. Бацька адказаўАле грамадзянская супольнасьць ёсьць аснова дэмакратыі. Гэта запісана ва ўсіх падручніках. Грамадзянская супольнасьць адсутнічае толькі ў таталітарных дзяржавах. А ў згаданым інтэрвію гаворка ідзе якраз пра тое, каб зьнішчыць грамадзянскую супольнасьць пад корань, каб яна ўвогуле перастала існаваць. Як вынікае, пра існаваньне гэтай супольнасьці ў Беларусі клапоцяцца «эўрапейскія партнэры», а не беларускія ўлады. То бок дэмакратыя беларусам непатрэбная.
Такім чынам, міністар адкрытым тэкстам кажа, што будзем чыніць рэпрэсіі супраць уласных грамадзян, будзем змагацца з сваім народам. Яму лянота нават называць гэтых людзей «экстрэмістамі» ці «тэрарыстамі». У Расеі гэта называецца «бамбіць Варонеж». У Беларусі гэта можна назваць захопам закладнікаў.
З улікам таго, што гэтая супольнасьць, якая была створаная падчас масавых пратэстаў летась, аб’ядноўвае сотні тысяч людзей, можна ўявіць маштаб рэпрэсій. Пра які абвяшчае краіне і сьвету не міністар унутраных спраў ці нейкі ўмоўны Карпянкоў, а міністар замежных спраў. Што яшчэ больш паказальна.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.