Вялікая Брытанія і ЗША цьвёрда выступаюць супраць расейскай кампаніі па дэстабілізацыі Ўкраіны і заклікаюць Расею да дээскаляцыі сытуацыі. Пра гэта ў сваім твітэры напісаў кіраўнік брытанскага замежнапалітычнага ведамства Дамінік Рааб.
Ён таксама напісаў, што дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен пагадзіўся з тым, што Расея павінна неадкладна дээскаляваць сытуацыю і выканаць міжнародныя абавязаньні, якія яна падпісала ў Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (АБСЭ).
Рух расейскіх узброеных сілаў да межаў Украіны і ў акупаваным Расеяй Крыме зафіксавалі на фатаздымках і відэа, што выклікае асьцярогі з нагоды таго, што Масква можа рыхтавацца да масавага накіраваньня вайсковых сіл на ўсход Украіны для далейшага вядзеньня вайны.
Крэмль адхіліў заклікі Захаду адцягнуць свае войскі, адмаўляючы, што яны ўвасабляюць пагрозу. Таксама ў Маскве дадалі, што вайсковыя перасоўваньні ўнутры Расеі зьяўляюцца «сувэрэннай унутранай справай».
Заява Рааба прагучала на наступны дзень пасьля таго, як прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі праінфармаваў прэзыдэнта Турэччыны Рэджэпа Эрдагана пра бягучае становішча. Турэцкі бок, у сваю чаргу, падпісаў з украінскім пагадненьне аб спрыяньні вяртаньня Крыму ва Ўкраіну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці пачнецца «гарачая» расейска-ўкраінская вайна? Адказы на 6 пытаньняў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: АБСЭ патрабуе тлумачэньняў ад Расеі: чаму тая канцэнтруе войскі на мяжы з Украінай ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Турэччына падтрымае праграму вяртаньня Крыму пад кантроль Украіны