Ціханоўская просіць Нарвэгію і Эстонію ініцыяваць новыя слуханьні ў Радзе Бясьпекі ААН аб сытуацыі ў Беларусі

  • БелаПАН

Сьвятлана Ціханоўская

Ціханоўская чарговы раз заклікала дыпляматаў Заходняй і Паўночнай Эўропы, а таксама Паўночнай Амэрыкі змусіць Лукашэнку да перамоваў аб перадачы ўлады.

Сытуацыя ў Беларусі і арганізацыя перамоў для мірнага вырашэньня крызісу абмяркоўваліся падчас онлайн-сустрэчы 8 красавіка экс-кандыдаткі на выбарах прэзыдэнта Беларусі Сьвятланы Ціханоўскай з амбасадарамі Нарвэгіі, Швэцыі, Фінляндыі, Даніі, Ісьляндыі, Нідэрляндаў, Эстоніі, Латвіі і Канады, паведамляе прэсавая служба Ціханоўскай.

Ціханоўская падкрэсьліла важнасьць узмацненьня ціску на рэжым Лукашэнкі, каб змусіць яго да перамоваў і спыніць гвалт у краіне.

Абмяркоўвалася і прыняцьце чацьвёртага пакету санкцый Эўразьвязу супраць атачэньня Лукашэнкі, а таксама падтрымка беларускіх журналістаў, праваабаронцаў, студэнцкага і рабочага руху, малога бізнэсу.

Таксама ўдзельнікі абмяркоўвалі працу Міжнароднай плятформы для Беларусі па прыцягненьні вінаватых у гвалце да адказнасьці. Беларуская палітык паведаміла пра апошнія судовыя прысуды, вобшук у праваабаронцы Эніры Браніцкай, а таксама пра выклік на допыт старшыні Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага, які браў удзел у стварэньні плятформы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міжнародны камітэт расьсьледаваньня катаваньняў у Беларусі заявіў пра беспрэцэдэнтны ціск на іх валянтэраў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Допыт у Сьледчым камітэце старшыні «Вясны» Бяляцкага не адбыўся, бо сьледчыя не валодаюць беларускай мовай

«Паколькі Нарвэгія і Эстонія зьяўляюцца непастаяннымі сябрамі Рады бясьпекі ААН, Ціханоўская прапанавала арганізаваць там слуханьні ў пытаньні эскаляцыі гвалту і мірнага вырашэньня крызісу ў Беларусі», — паведамляе прэс-служба палітыка.

На двух папярэдніх неафіцыйных пасяджэньнях Рады бясьпекі ААН 4 верасьня 2020 і 22 студзеня 2021 гг. большасьць краін выказалі занепакоенасьць падзеямі ў Беларусі. Лукашэнку тады падтрымалі Кітай і Расея.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як праваабаронцы «Вясны» ратуюць беларусаў. ВІДЭА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская сустрэлася з кіраўніцай МЗС Гішпаніі. 6 дэталяў перамоваў