28-гадовага мужчыну затрымалі 25 сакавіка ў цэнтру Бабруйску. Судзілі ў мясцовым ізалятары часовага ўтрыманьня на наступны дзень. У чым абвінавацілі — невядома.
27 сакавіка маці даведалася пра галадоўку пратэсту сына. Па словах бабруйскай праваабаронцы Галіны Смірновай, супрацоўнікі ізалятару патрабуюць, каб родныя асуджаных аплацілі знаходжаньне ў ім, і толькі тады прымуць перадачы.
Маці Манько мае заплаціць за 30 дзён больш за 400 рублёў. У студзені Іван ужо галадаў на знак пратэсту супраць незаконнага зьняволеньня. Тады яго асудзілі за парушэньне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах на 12 дзён.
Акрамя Івана Манько 25 сакавіка былі затрыманы і асуджаныя на 30 дзён Уладзімер Міхалап, на 20 сутак — інвалід 3-й групы Сяргей Бяляеў. Пасьля зьняволеньня яго вазілі дамоў, каб узяў у няволю неабходныя мэдыкамэнты. На тыя ж 20 сутак асудзілі Аляксандра Парахневіча.
На 15 дзён адправілі за краты Паўла Кабанчука за «Пагоню» на машыне. Маці траіх дзяцей Ірыну Сурыгіну пасьля двух дзён няволі аштрафавалі на 5220 рублёў.