Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вынік масавых затрыманьняў у Бабруйску: «суткі», штрафы, падазраваныя ў крымінальнай справе


У Бабруйску затрыманым 22 студзеня прысудзілі «суткі» і штрафы. Яны правялі ў мясцовым ізалятары больш за тры дні. Судзілі іх тамсама.

122 студзеня ў горадзе адбыліся масавыя вобшукі і затрыманьні. Нагодай для іх стала, нібыта, крымінальная справа за апублікаваньне ў адным з тэлеграм-каналаў асабістых зьвестак двух міліцыянтаў. Пасьля допытаў зьняволеных адпраўлялі ў ізалятар. У ім, як паведамлялі розныя крыніцы, магло быць ад 12 да 15 чалавек.

Пяцёра застаюцца ў ізалятары

25 студзеня родныя прыйшлі да ізалятара. Як кажа актывістка Аб’яднанай грамадзянскай партыі Галіна Сьмірнова, у вязьніцы адмовіліся гаварыць ім, ці тут затрыманыя, таму ў пракуратуру падалі заяву аб зьнікненьні людзей. Судзіць зьняволеных пачалі ў другой палове дня.

  • 12 «сутак» арышту далі Яўгену Габраляну.
  • Па 10 — Дзьмітрыю Косьціну і Івану Манько.
  • У ізалятары засталіся падазраванымі ў крымінальнай справе мэдыкі Дзьмітры і Юлія Яськевічы.
  • Пасьля трох сутак са штрафам 580 рублёў выпусьцілі Ірыну Сурыгіну, 435 рублёў прысудзілі Кацярыне Барадаевай і 290 — Алене Стрыгуновай.
  • Інваліда трэцяй групы Сяргея Бяляева вызвалілі пасьля трох дзён арышту бяз штрафу. Пад арыштам у яго застаецца аўтамабіль.
  • Справу супраць Андрэя Сініцы адправілі на дапрацоўку. Ён, як і ўсе затрыманыя 22 студзеня, прабыў у ізалятары тры дні.

Забралі за «зьвесткі аб міліцыянтах», асудзілі за бел-чырвона-белы сьцяг

Ірыну Сурыгіну, маці траіх дзяцей, аштрафавалі за фатаграфаваньне зь бел-чырвона-белым сьцягам. 22 студзеня ў ейнай кватэры прайшоў вобшук. Жанчыне патлумачылі, што яна можа мець дачыненьне да «зьліву інфармацыі пра міліцыю» ў адзін з тэлеграм-каналаў. У гаспадыні кватэры забралі тэлефоны, даручэньне на распаўсюд «Народнай волі», падпісныя аркушы за зьмены артыкула 23.34, а таксама колькі бел-чырвона-белых прадметаў.

У міліцыі, куды Ірыну даставілі пасьля вобшуку, паказалі фатаздымкі, дзе яна стаіць са сьцягам. Яна кажа, што ёй прапанавалі: альбо прызнаньне віны і «ідзе дамоў», альбо інкрымінуюць іншы артыкул. Жанчына прызналася, што фатаграфавалася са сьцягам, але ўсё роўна яе завезьлі ў ізалятар. Туды яна трапіла позна ноччу. Пасьцельную бялізну ёй выдалі толькі на наступны дзень. Ноч спалі на голых ложках. Пакармілі толькі 24 студзеня.

Пад хапун трапіў і журналіст. Ён на волі

У карэспандэнта інтэрнэт-выданьня «Бобруйский курьер» Віктара Качана 22 студзеня таксама адбыўся вобшук. Па словах журналіста, ён праводзіўся ў межах крымінальнай справы, распачатай за апублікаваньне ў адным з тэлеграм-каналаў асабістых зьвестак двух міліцыянтаў. Міліцыянты забралі сыстэмны блёк кампутара, фотаапарат, тэлефоны, «старыя» нататнікі.

Пасьля вобшуку Віктара чатыры гадзіны трымалі ў аддзеле міліцыі. З пытаньняў супрацоўнікаў крымінальнага вышуку ён зрабіў выснову, што ягоныя тэлефонныя гутаркі праслухоўваюцца.

Зь міліцыі журналіста перадалі ў мясцовы аддзел Сьледчага камітэту, дзе допыту чакалі яшчэ колькі затрыманых. Сьледчых цікавіла, якія інфармацыйныя рэсурсы ў інтэрнэце ён праглядае, паказвалі нумар тэлефона, зь якога, як ён зразумеў, былі апублікаваныя зьвесткі пра міліцыянтаў. Затрымліваць ня сталі.

На наступны дзень Віктара зноў выклікала сьледчая — «удакладніць пару пытаньняў» — і ўзяла ў яго, як у сьведкі, падпіску аб неразгалошваньні. Журналіст мяркуе, што ім зацікавіліся апэратыўнікі, бо ён трапіў у сьпісы ўдзельнікаў пратэставых акцыяў. Ён падкрэсьлівае, што ў пратэстах ня ўдзельнічаў, а прысутнічаў на іх, выконваючы прафэсійныя абавязкі журналіста.

«Унутрана я быў гатовы да затрыманьня, — падсумоўвае Віктар Качан. — Страху не адчуваў, бо нічога не рабіў крымінальнага. Было непрыемна, аднак, калі падчас вобшуку корпаліся ў маіх рэчах».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG