Сьцісла:
- У пэўным сэнсе Саюз палякаў Беларусі стаў закладнікам беларуска-польскіх адносін.
- Відавочна, што ўся кампанія супраць Польшчы і СПБ грунтуецца на штучных падставах.
- Беларускім уладам патрэбен пастаянны вонкавы вораг. Польшча пасуе на гэтую ролю найбольш.
- У працэсе зачысткі ўсёй інфраструктуры грамадзянскай супольнасьці, якая адбываецца апошнімі месяцамі, дайшла чарга і да СПБ.
- Патрэбен зразумелы ўнутраны вораг, якога можна лёгка пазначыць. Выставіць у гэтай ролі палякаў падаецца ўдалым варыянтам.
- Міжнацыянальны мір — гэта яшчэ адна ахвяра дзеля ўтрыманьня ўлады.
Канфлікт беларускіх уладаў зь незарэгістраваным Саюзам палякаў Беларусі (СПБ) цягнецца з 2005 году, то заціхаючы, то ўспыхваючы з новай сілай. У пэўным сэнсе СПБ стаў закладнікам беларуска-польскіх адносін. Ня раз афіцыйны Менск, каб націснуць на Варшаву, пачынаў рэпрэсіі супраць гэтага саюзу.
Аднак цяпер «наезд» на СПБ носіць значна больш сур’ёзны характар. Крымінальная справа распачата паводле «цяжкага» артыкула. Адначасова ўдар наносіцца ня толькі па СПБ, але і ўскосным чынам па польскай адукацыі, якая ладзіцца пад «дахам» гэтага саюзу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Супраць дзеячоў Саюзу палякаў Беларусі завялі крымінальную справуПрычым уся кампанія супраць Польшчы і СПБ разгортваецца відавочна штучна. Прадстаўнікоў Саюзу палякаў Беларусі вінавацяць у тым, што незаконныя дзеяньні яны ажыцьцяўляюць з 2018 году. Атрымліваецца, што тры гады гэтага не заўважалі? Ці вось абвінавачаньне ў «рэабілітацыі нацызму» структураў (Армія Краёва), якія ўсю вайну ваявалі з нацыстамі.
У заяве Генпракуратуры СПБ абвінавачваецца, сярод іншага, і ва ўганараваньні «антысавецкіх бандфармаваньняў», якія зьдзяйсьнялі забойствы беларускага насельніцтва. Сама тэрміналёгія наводзіць на думку, што дасюль у Беларусі антысаветызм — гэта крамола, за якую варта перасьледаваць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускага дыплямата выклікалі ў МЗС Польшчы пасьля затрыманьня Анжалікі БорысУзьнікае натуральнае пытаньне: навошта гэта робіцца?
Думаю, тут улады імкнуцца рэалізаваць некалькі мэтаў. Найперш, патрэбен пастаянны вонкавы вораг. Польшча пасуе для гэтага найбольш. Тут можна абудзіць гістарычныя комплексы. З тэрыторыі Польшчы вяшчае «Белсат», адмініструюцца тэлеграм-каналы, адзін зь якіх стварыў фільм «Залатое дно».
Таксама можна меркаваць, што ў працэсе зачысткі ўсёй інфраструктуры грамадзянскай супольнасьці, якая адбываецца апошнімі месяцамі, дайшла чарга і да СПБ. Тым больш што гэтаму саюзу дапамагае Польшча. А ў Беларусі пражывае каля 400 тысяч палякаў. Існуюць асьцярогі ўладаў, што СПБ можа ўзначаліць такую сілу і павесьці яе на штурм рэжыму. Рэальнасьць і ўяўленьне пра рэальнасьць — розныя рэчы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Польшчы: Сытуацыя вакол Пачобута і іншых палякаў не застаецца без рэакцыіАкрамя таго, дзейнічае лёгіка эвалюцыі гэтага рэжыму. Дзеля ўзмацненьня жорсткасьці, пашырэньня рэпрэсій павінна быць ідэалягічнае абгрунтаваньне. Патрэбен зразумелы ўнутраны вораг, якога можна лёгка пазначыць. Тых, каго Лукашэнка называе «пратэстуны», неяк цяжка ідэнтыфікаваць, гэта нейкая абстракцыя. А вось выставіць у такой ролі палякаў падаецца ўдалым варыянтам. Тым больш што за імі стаіць Варшава, якая праводзіць выразна антылукашэнкаўскую палітыку.
А глеба для гэтага падрыхтаваная. Антыпольская кампанія пачалася ў Беларусі адразу пасьля выбараў 9 жніўня мінулага году. Лукашэнка абвінаваціў Польшчу ў намерах пачаць вайну і далучыць Горадзенскую вобласьць. Плянаванае на 17 верасьня новае сьвята — Дзень народнага адзінства — таксама мае выразна антыпольскі характар. Мяркую, што гісторыя вакол былога кіраўніка касьцёла на Беларусі Тадэвуша Кандрусевіча — з таго ж шэрагу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік дыпляматыі Эўразьвязу заклікаў вызваліць актывістаў Саюзу палякаў у БеларусіТут цікава вось што яшчэ. Лукашэнка цягам 26 гадоў ня раз хваліўся, што ў Беларусі, адрозна ад іншых краін, няма міжнацыянальных і міжрэлігійных канфліктаў. І выдаваў гэта за сваю заслугу. Цяпер жа, выглядае, ён гатовы ахвяраваць гэтым дасягненьнем. Міжнацыянальны мір — гэта яшчэ адна ахвяра дзеля ўтрыманьня ўлады.
Усё гэта можа мець нэгатыўныя міжнародныя наступствы. Рэпрэсіі супраць СПБ, якія ў Польшчы разглядаюць як рэпрэсіі супраць беларускіх палякаў, ужо выклікалі жорсткую рэакцыю Варшавы. Калі беларуска-польскі дыпляматычны канфлікт пойдзе па шляху эскаляцыі (закрыцьцё амбасадаў), то ў падтрымку Польшчы выступіць ЭЗ. Так бывала ўжо ў мінулым. Перасьлед нацыянальных меншасьцяў (як і журналістаў, праваабаронцаў) — гэта, з гледзішча эўрапейскіх каштоўнасьцяў, пераход пэўнай мяжы. Згаданыя дзеяньні беларускіх уладаў выглядаюць як штучнае спальваньне мастоў. У такім выпадку новы пакет эканамічных санкцый ЭЗ (прычым мацнейшых, чым раней) будзе гарантаваны.
Афіцыйны Менск распачаў небясьпечную гульню, выйграць у якой у яго шанцаў няшмат.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.