24 сакавіка Сяргея Зікрацкага на кваліфікацыйнай камісіі ў Міністэрстве юстыцыі прызналі недастаткова кваліфікаваным адвакатам. У яго забяруць ліцэнзію празь некалькі тыдняў. Вядомы адвакат расказвае, у чым галоўная перавага адвакацкага пасьведчаньня сёньня, пра бясплатную працу ў жніўні і пра тое, чаму вырашыў больш не маўчаць.
Сьцісла
- «Мяне з асьпірантуры выкінулі, пайшоў працаваць у камэрцыйную фірму».
- «Судзіўся з ваенкаматам, калі мяне на 5-м курсе выклікалі на камісію».
- «Калі адвакат не папрацуе з кліентам, кліент можа сам сабе шмат чаго сапсаваць».
- «Калі бачыш, што ў тваёй краіне вось гэта ўсё адбываецца, то нельга проста назіраць».
- «Калі я браўся за адміністрацыйную справу, то выкрэсьліваў увесь наступны дзень».
- «Галоўная каштоўнасьць пасьведчаньня адваката сёньня ў магчымасьці трапіць у СІЗА».
- «Я ўпэўнены, што да ўлады прыйдуць новыя людзі».
Адвакаты ў Беларусі плянава праходзяць атэстацыю раз на 5 гадоў. Зрабіць гэта можна як у Кваліфікацыйнай камісіі ў Міністэрстве юстыцыі, так і ў тэрытарыяльных калегіях. Большасьць адвакатаў робіць гэта акурат у калегіях.
У Беларусі звыш 2 тысяч адвакатаў, праверыць іхную кваліфікацыю Кваліфікацыйная камісія ня зможа проста фізычна. Міністэрства пры гэтым мае права атэстоўваць любога адваката праз Кваліфікацыйную камісію, калі такое жаданьне ў чыноўнікаў зьявіцца. Бывае і пазачарговая атэстацыя, калі на кагосьці з абаронцаў ёсьць скаргі ад кліентаў, альбо міністэрства само заўважыць парушэньні ў працы.
Сяргея Зікрацкага 24 сакавіка ў Міністэрства юстыцыі выклікалі акурат на пазачарговую атэстацыю (чарговую ён мусіў праходзіць у 2023 годзе). Прычынай, па яго словах, сталі камэнтары ў СМІ.
Першы камэнтар быў дадзены парталу Onliner з нагоды візытаў міліцыянтаў у Новую Баравую. Другі выпадак датычыў камэнтару Зікрацкага пасьля прысуду Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай. Трэцяя прэтэнзія чыноўнікаў да Сяргея Зікрацкага датычылася паста ў фэйсбуку, які перадрукавала адно з выданьняў. На момант размовы ў Міністэрстве юстыцыі пост ужо быў выдалены. Але ў ім чыноўнікі нібыта ўбачылі заклік выходзіць на мірныя шэсці.
Напярэдадні пазаплянавай атэстацыі Сяргей Зікрацкі расказаў пра тое, як стаў адвакатам, чаму 2020 год зьмяніў ягоную кар’еру і што будзе ў Беларусі з адвакатамі далей.
«Бацькі казалі, каб быў кім заўгодна, толькі не інжынэрам»
«Я нарадзіўся ў Менску, у звычайнай сям’і, — расказвае Сяргей Зікрацкі. — Бацькі ў мяне інжынэры, я хадзіў у звычайную менскую школу. Вучыўся пасьля ў эканамічным унівэрсытэце, там была такая спэцыяльнасьць — гаспадарчае права. З нас рыхтавалі юрыстаў, якія працуюць у камэрцыйнай сфэры, у галіне эканомікі. Паступіў у 1996 годзе. Адпаведна, у 2001-м скончыў».
Тое, што стаў юрыстам і адвакатам, Сяргей называе ледзьве не выпадковасьцю. Рашэньне аб выбары спэцыяльнасьці прымаў проста ў прыёмнай камісіі ўнівэрсытэту.
«Бацькі мне тады сказалі — што заўгодна, толькі не інжынэрам, — успамінае Сяргей. — Гэта ж былі 90-я гады. Калі інжынэры вельмі дрэнна зараблялі, былі вялікія праблемы. Самай прэстыжнай была акурат прафэсія юрыста. Эканамічны ўнівэрсытэт, куды я паступаў, быў самым прэстыжным. Рыхтаваўся ўсю 11-ю клясу. Прыйшлі ў прыёмную камісію, а там стаіць дэкан і рэклямуе сваю спэцыяльнасьць, паступайце. Ну вось так і атрымалася. Які быў тады конкурс, цяпер ужо ня памятаю. 3 ці 4 чалавекі на месца».
Зікрацкі расказвае, што пасьля яшчэ вучыўся ў асьпірантуры і некалькі гадоў працаваў выкладчыкам.
«Але потым мяне з асьпірантуры выкінулі, пайшоў працаваць у камэрцыйную фірму, — працягвае ён. — Дапрацаваўся да загадчыка юрыдычнага аддзелу ў буйным холдынгу. Але ня вельмі мне гэта падабалася, хацелася нечага свайго. Пайшоў у вольнае плаваньне».
Сяргей кажа, што юрыдычнымі аспэктамі працы СМІ пачаў займацца яшчэ ва ўнівэрсытэце. Дыплём пісаў пра абарону гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі. Працягнуў тэму і ў асьпірантуры, нават напісаў першую частку дысэртацыі.
«З маіх аднакурсьнікаў зараз не магу прыгадаць, каб нехта даслужыўся да высокіх пасадаў у Генпракуратуры ці МУС з СК, — кажа Сяргей. — Гэта ўсё ж быў не юрфак. Зь юрфаку шмат хто ідзе ў дзяржаўныя органы, пракуратуру. У нас больш усё ж звычайныя юрысты. Шмат хто працуе ў камэрцыйных структурах, нехта зусім у іншай сфэры. Некалькі адвакатаў ёсьць».
Выйграў першыя тры свае справы, у тым ліку супраць Міністэрства юстыцыі
Першую сваю справу ў якасьці прадстаўніка інтарэсаў «Задзіночаньня беларускіх студэнтаў» Сяргей Зікрацкі выйграў у Міністэрства юстыцыі, яшчэ калі быў студэнтам. Датычыла яна выкарыстаньня слова «Менск» у афіцыйных дакумэнтах ЗБС.
«Мы папярэджаньне аспрэчвалі, — узгадвае Сяргей. — Аспрэчвалі і перамаглі. Я тады прадстаўляў інтарэсы ЗБС і сам быў студэнтам. На 3-м ці 4-м курсе вучыўся. Гэта быў ці то 1999-ы, ці то 2000 год. Другую справу таксама выйграў, там было вельмі сьмешна. Я судзіўся з ваенкаматам, калі мяне на 5-м курсе выклікалі на камісію. У мяне было захворваньне вачэй. Прыйшоў да іх і кажу — вось, захворваньне. Адправілі на камісію і далі позву ў ваенкамат. Камісію я прайшоў, але ў ваенкамат ужо не зьявіўся. Паехаў пасьля сэсіі зь сябрамі адпачываць у Чэхію. Потым вяртаюся, а мне кажуць, што судовыя выканаўцы штраф мне далі».
За тое, што ваенкамат наклаў на яго штраф, не выклікаючы на адміністрацыйны працэс, Сяргей Зікрацкі падаў на вайскоўцаў у суд. На паседжаньне прыйшоў ваенком.
«Маёр Рынкевіч, як сёньня памятаю, — кажа Сяргей. — Крычаў, што я ўхіляюся, што мой брат ухіляецца. Прынёс маю асабістую справу, а там мая анкета з пытаньнем пра род войскаў, у якіх хачу служыць. І адказ, што служыць я не хачу. Судзьдзя таксама эмацыйна рэагавала. Сказала, што служыць у войску — гэта гонар і абавязак. Але ў выніку прызнала пастанову аб штрафе незаконнай. Так я выйграў і другую справу. І трэцюю. Мой аднаклясьнік таксама не пайшоў у армію, яму таксама далі штраф. Мы ў суд разам прыйшлі зь ім, а там зноў маёр Рынкевіч. Як мяне ўбачыў, то адразу пачаў крычаць, што ён супраць. Бо „гэты Зікрацкі такі-сякі“».
Пасьля ўнівэрсытэту і няўдалай гісторыі з асьпірантурай Сяргей спачатку атрымаў ліцэнзію на юрыдычныя паслугі і адвакатам не працаваў. Да 2013 году пераважна прадстаўляў у судах інтарэсы юрыдычных асобаў. Датычыліся яны ў асноўным гаспадарчых спраў, нерухомасьці.
«Адвакат можа зрабіць вельмі шмат. Але так было да 2020 году»
Ці мае праца адваката сэнс у Беларусі? На думку Сяргея, «вельмі дарагім паштальёнам» адваката называць усё ж ня варта. Прынамсі, так дакладна было да 2020 году.
«Усё залежыць ад таго, якую ролю адыгрывае адвакат, — кажа Зікрацкі. — Мы бачым, што ў Беларусі колькасьць апраўдальных прысудаў вельмі нізкая, дзясятыя долі адсотку. Калі паглядзець на гэта, тады адразу ўзьнікае думка, навошта той адвакат, калі апраўдальнага прысуду ня будзе. Але з другога боку, адвакаты працуюць і падчас сьледзтва. У нас шмат справаў сканчаецца яшчэ на стадыі дасудовага разбору».
Зікрацкі зьвяртае ўвагу на тое, што адвакату вельмі важна пасьпець папрацаваць з кліентам, каб выпрацаваць пазыцыю падчас сьледзтва.
«Бо калі адвакат не папрацуе з кліентам на гэтай стадыі, то кліент можа сам сабе шмат чаго сапсаваць, — тлумачыць ён. — І тады будзе вельмі складана яго выцягваць. У судзе, калі сьледзтва працавала добра, то відаць, што доказы ёсьць. Але зноўку можна глядзець на кваліфікацыю справы, перакваліфікаваць на іншы артыкул. Таму я не лічу, што роля адваката ў Беларусі — гэта толькі роля паштальёна. Шмат што адвакат можа зрабіць. Але гэтак было да 2020-га. У 2020 годзе сытуацыя вельмі моцна зьмянілася. Цяпер мы бачым, што нормы права фактычна не выкарыстоўваюцца».
Па словах адваката, да 2020-га ён не займаўся крымінальнымі справамі. Летась колькасьць так званых палітычных спраў вырасла шматкроць, калі параўноўваць з папярэднім пэрыядам. Пра сваё рашэньне заняцца ў 2020 годзе абаронай абвінавачаных з палітычных матываў Сяргей не шкадуе. Кажа, што ня бачыў для сябе іншага выйсьця.
«Я не магу сядзець і маўчаць, — прызнаецца адвакат. — Я не магу глядзець на тое, што адбываецца. Таму зь мінулага лета пачаў займацца пытаньнямі ў выбарчай тэматыцы. Спачатку кансультаваў звычайных грамадзянаў, потым мы абскарджвалі рашэньні выканкамаў аб фармаваньні ўчастковых выбарчых камісій. Потым адміністрацыйныя справы і той кашмар, які быў 9–10–11 жніўня. Гэта выклікала вялікае абурэньне. Я лічу, што нельга ў такой сытуацыі сядзець і проста за гэтым назіраць».
«Ліцэнзія — гэта проста паперка»
Сяргей прызнае, што далёка не ўсе адвакаты зрабілі так, як ён. Гэта быў асабісты выбар кожнага. Некаторыя адвакаты ня браліся за справы менавіта за іх палітызаванасьць. Нехта адмаўляўся праз тое, што не спэцыялізаваўся ў адміністрацыйным і крымінальным праве.
«Кожны робіць свой выбар, тут нельга нікога папракаць, — кажа Сяргей. — Я таксама ніколі раней ня ўдзельнічаў у крымінальных справах. І да 2020 году я заўсёды казаў, што ніколі крыміналам займацца не буду. Бо я займаюся толькі бізнэсам, гэта не мая сфэра. Што туды проста не палезу. Але калі бачыш, што ў тваёй краіне вось гэта ўсё адбываецца... Нельга назіраць. Трэба браць і рабіць, гэта мой абавязак».
Сяргей прызнаецца, што разумеў рызыку. І здагадваўся, што ягоная актыўнасьць можа скончыцца пазачарговай атэстацыяй. Згадвае допіс Бабарыкі ў фэйсбуку пра Дэклярацыю аб свабодных выбарах. Сяргей тады публічна яе падтрымаў і заявіў, што будзе ўсіх ахвотных кансультаваць за 1 рубель.
«У нас ёсьць такі адвакацкі чацік, і мне тады туды некалькі калег напісалі: „Сяргей, крута, я таксама буду дапамагаць“, — успамінае Зікрацкі. — Я гэтым людзям адразу ў прыват напісаў, што калі пад такое падпісацца, то можна застацца безь ліцэнзіі празь нейкі пэрыяд. Мне адказалі, што цудоўна гэта разумеюць. Але ні ў кога не было пытаньняў, ці займацца такім. Ліцэнзія — гэта проста паперка, якая табе дае нейкія магчымасьці. Але магчымасьці ёсьць і безь яе. Ня будзе адвакацкай ліцэнзіі, займуся нечым іншым. Буду юрыстам. Альбо пайду навучуся яшчэ нечаму. Галоўнае — унутранае адчуваньне таго, што ты зрабіў усё, што мог зрабіць. Гэтага ня купіш ні за якія грошы. Для мяне не стаяла ніякага выбару».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яшчэ тры адвакаты не прайшлі атэстацыю Міністэрства юстыцыі Беларусі«У жніўні была эўфарыя, усе гатовыя былі працаваць бесплатна»
Згадвае Сяргей і пра аплату працы адвакатаў у Беларусі. На яго думку, яе даволі вялікі памер выкліканы ў тым ліку тым, што адвакатаў у краіне не хапае.
«Я лічу, што кожная праца мусіць аплочвацца, — гаворыць Сяргей Зікрацкі. — І любы ганарар існуе праз мэханізмы рынкавага цэнаўтварэньня. Я лічу, што на сёньняшні момант у нас мала адвакатаў і тыя бар’еры, якія сёньня існуюць на ўваходзе на адвакацкі рынак, яны штучныя. Наяўнасьць гэтых бар’ераў уплывае ў тым ліку і на цэны на паслугі адвакатаў. Паверце, ёсьць адвакаты, якія зарабляюць мала, вельмі мала, і такіх шмат. А ёсьць такія, якія шмат працуюць, маюць высокую кампэтэнцыю і зарабляюць дастаткова добра».
Сяргей зноў згадвае падзеі жніўня і верасьня 2020 году. Ён гаворыць, што ў той пэрыяд вялікая колькасьць адвакатаў у Беларусі працавала ўвогуле бясплатна. Гэтак было ўвесь жнівень і большую частку верасьня.
«У жніўні ў нас таксама была эўфарыя, усе гатовыя былі працаваць бясплатна, — успамінае Сяргей. — Тады ніхто ня ведаў, што ўсё працягнецца так доўга і будзе настолькі жорстка. З кліентаў шмат хто ня браў грошай і ў верасьні. Але адвакатам таксама трэба карміць свае сем’і, адвакаты пачалі выстаўляць ганарары. Гэта псыхалягічна было складана самім адвакатам, якія хацелі працягваць дапамагаць бясплатна, але ўжо не маглі сабе гэтага дазволіць. І людзям таксама, якім выстаўлялі раптам рахункі. У дадатак шмат хто сутыкаўся з паслугамі адвакатаў упершыню і проста раней ня ведаў, колькі гэта каштуе».
Сяргей таксама гаворыць, што за адносна вялікімі ганарарамі адвакатаў часта стаіць вялікая колькасьць працы, якой кліенты проста ня бачаць. Калі падчас разгляду эканамічнай працы можна спрагназаваць, што ён адбудзецца з 10 да 12 гадзіны, а пасьля можна займацца чымсьці іншым, то з палітычнымі адміністрацыйкамі і крымінальнымі справамі ўсё зусім іначай.
«Калі я браўся за адміністрацыйную справу, то выкрэсьліваў увесь наступны дзень, — кажа Сяргей. — А магчыма, што і два наступныя дні. Я ня ведаў, калі будзе разглядацца гэтая справа, дзе яна будзе разглядацца і гэтак далей. Таму, з аднаго боку, я разумею грамадзян, якія гаварылі пра высокія ганарары. Але фактычна адвакаты часта трацяць на справы значна больш часу».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта будзе калясальны ўдар па незалежнасьці прафэсіі», — адвакат Бабарыкі перасьцерагаецца пагаршэньня прававога становішча адвакатуры«Лепшыя пакінуць адвакатуру»
Актыўнасьць адвакатаў летам і восеньню 2020 году Сяргей зьвязвае з тым, што ў палітычнае жыцьцё летась актыўна ўключылася ўся краіна. У склад Каардынацыйнай рады ўвайшлі дзясяткі людзей, сярод якіх былі і адвакаты. Атрымаўся своеасаблівы зрэз грамадзтва.
«Максім Знак туды трапіў таму, што ад пачатку выбарчай кампаніі аказваў юрыдычную дапамогу Віктару Бабарыку, — гаворыць Сяргей Зікрацкі. — Затым Сьвятлане Ціханоўскай. Ільля Салей юрыдычна дапамагаў Марыі Калесьнікавай. Для мяне абсалютна відавочна, што яны за кратамі таму, што аказвалі юрыдычную дапамогу. Яны расказвалі, як мусяць працаваць выбарчыя мэханізмы. Ня буду паглыбляцца, бо я зьяўляюся адным з адвакатаў Максіма і ведаю сутнасьць справы. На мой погляд, яна ня мае складу злачынства. Фактычна гэта абсалютна незаконнае ўтрыманьне пад вартай адваката за яго прававую пазыцыю».
Сяргей прызнаецца, што яму вельмі балюча назіраць за тым, што ўлады плянуюць зрабіць з інстытутам адвакатаў у будучыні. Праект новага закону можа пазбавіць магчымасьці ўдзельнічаць у адміністрацыйных і крымінальных справах адвакатаў, якія маюць самастойную практыку. Таксама ў хуткай будучыні кіраўніцтва адвакацкіх калегій могуць прызначаць Міністэрствам юстыцыі, а не выбіраць, як раней.
«Вельмі спрэчная норма аб тым, што былыя сьледчыя, пракуроры і судзьдзі змогуць у спрошчаным парадку пераходзіць у адвакатуру, — кажа Сяргей. — Усё ідзе да таго, што, калі гэты закон будзе прыняты, то шмат адвакатаў пакіне адвакатуру. Сыдуць найлепшыя і самыя актыўныя. Тыя, хто быў гатовы займаць актыўную пазыцыю і выступаць адкрыта. Яны проста ня знойдуць сабе месца ў новай адвакатуры. Яны сыдуць, на іх месца прыйдуць былыя сьледчыя, пракуроры. Ня трэба будзе трохгадовага стажу, прыйдуць студэнты. Узровень адвакатуры будзе вельмі і вельмі нізкі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адвакаты абскардзілі абвінавачаньне Максіма Знака. Што ў ім ня так?Прычыну гэтага Сяргей бачыць у тым, што адвакаты пакуль усё ж маюць уплыў на сытуацыю. Яны займаюць актыўную пазыцыю, агучваюць прысуды, якія выносяцца. Адкрыта гавораць, чаму яны ня згодныя з такімі прысудамі, і аргумэнтуюць, чаму гэтыя прысуды незаконныя. Сяргей кажа, што гэта самае балючае для дзяржавы. Ёй патрэбны такія адвакаты, якія будуць ціха выконваць сваю працу. Пісаць скаргі, падаваць апэляцыі, але не выступаць адкрыта.
«Пакуль ёсьць ліцэнзія, буду наведваць у СІЗА сваіх кліентаў»
«Я ведаю, чым займуся зараз, — кажа Зікрацкі. — Галоўная каштоўнасьць пасьведчаньня адваката сёньня не ў магчымасьці абараняць кліента і ня ў здольнасьці трапіць у суд. Галоўная каштоўнасьць пасьведчаньня адваката сёньня ў магчымасьці трапіць у СІЗА. На сёньняшні момант я ня бачу, што да адваката нехта прыслухоўваецца падчас разгляду адміністрацыйных альбо крымінальных спраў. Буду там я альбо нехта іншы, на прысуд гэта не ўплывае. Таму на сёньняшні момант асноўная каштоўнасьць майго пасьведчаньня ў тым, што я магу зайсьці ў СІЗА. У мяне сёньня там тры кліенты. Пакуль мяне канчаткова пазбавяць ліцэнзіі, пройдзе яшчэ 2-3 тыдні. Я б гэты час прысьвяціў таму, каб правесьці са сваімі кліентамі як мага больш часу ў СІЗА. Ім патрэбна гэтая падтрымка як сьвежае паветра».
Пра тое, што будзе рабіць, калі забяруць ліцэнзію, Сяргей Зікрацкі пакуль ня думаў. Ён кажа, што, хутчэй за ўсё, зоймецца зараз працаўладкаваньнем сваіх асыстэнтак, якія застануцца бяз працы.
«У мяне тры памочніцы, — кажа адвакат. — Цудоўныя дзяўчаты, якіх я браў на працу альбо яшчэ з унівэрсытэту, альбо адразу пасьля яго заканчэньня. І вучыў сам. Я ведаю, што яны цудоўныя юрысткі. Мой выбар быў зроблены яшчэ ў чэрвені, а ў дзяўчат выбару такога не было. Яны працавалі, выконвалі свае абавязкі. Калі мяне пазбавяць ліцэнзіі, то яны пазбавяцца працы ад таго, што Зікрацкі быў такі актыўны. Родныя мяне таксама падтрымліваюць. Некаторыя баяцца, вядома. Яны бачаць, што людзей затрымліваюць ні за што. Кажуць, што мяне таксама могуць затрымаць. Яны вельмі-вельмі баяцца за мяне».
Нягледзячы ні на што, Сяргей Зікрацкі кажа, што будучыню Беларусі бачыць выключна пазытыўнай. А беларусы, на яго думку, выбралі правільны шлях у 2020 годзе.
«Гэта шлях пераменаў, — кажа Сяргей. — Мы ідзём гэтым шляхам, і мы даб’ёмся іх. Я ўпэўнены, што да ўлады прыйдуць новыя людзі, здольныя весьці краіну ў правільным кірунку».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Старшыня калегіі адвакатаў Чайчыц заклікаў калегаў «ня лезьці ў палітыку» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спэцдакладчыца ААН: У Беларусі ўзмацняецца ціск на праваабаронцаў