Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакаты абскардзілі абвінавачаньне Максіма Знака. Што ў ім ня так?


Максім Знак
Максім Знак

Скарга абароны ўжо паступіла ў Генпракуратуру. Адвакаты лічаць, што сьледзтва не дало абгрунтаваньняў абвінавачаньню, у якім да таго ж шмат ідэалягічных ацэнак.

Абарона абскардзіла абвінавачаньне сябру прэзыдыюму Каардынацыйнай рады беларускай апазыцыі Максіму Знаку, паведаміў у сваім тэлеграм-канале адзін з адвакатаў Знака Дзьмітры Лаеўскі.

Ён растлумачыў, што гэта менавіта тое абвінавачаньне, якое зьявілася ў лютым 2021-га і ў якім, акрамя арт. 361 КК аб публічных закліках да дзеяньняў, накіраваных на шкоду нацбясьпецы, ёсьць арт. 361-1 КК аб стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня, якім названая Каардынацыйная рада , і арт. 357 КК пра змову з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам.

На думку Лаеўскага, у абвінавачаньні «мала прававых паняцьцяў і шмат ідэалягічных ацэнак», што спараджае сумнеў аб матывах крымінальнага перасьледу.

Асобна ён пракамэнтаваў абвінавачаньне, выстаўленае Знаку паводле арт. 357 КК.

«Зыходзячы са зьместу арт. 357 КК, для абвінавачаньня ў зьдзяйсьненьні такога злачынства трэба даказаць перш за ўсё абставіны, якія ўтвараюць катэгорыі „змова“ і „захоп дзяржаўнай улады“. Прычым захоп павінен плянавацца змоўшчыкамі менавіта з дапамогай неканстытуцыйных дзеяньняў».

Гэта, на думку Лаеўскага, значыць, што сьледчаму трэба сфармуляваць, у якіх дзеяньнях былі «змова» і намер на «захоп улады» і што ўлада, згодна з плянам, мелася перайсьці да ўдзельнікаў змовы менавіта спосабам, які супярэчыць Канстытуцыі.

«Але ў абвінавачваньні Знака гэтыя прыкметы не раскрытыя. Калі ж паглядзець даступныя ў інтэрнэце выступы грамадзкіх і палітычных лідэраў, якія гучалі летам 2020 году да затрыманьня Знака, то ў іх ідзе гаворка альбо аб новых выбарах, альбо пра адстаўку, альбо пра неабходнасьць перамоваў. Аднак усё гэта працэдуры, якія не супярэчаць Канстытуцыі. [...] Такім чынам, склад злачынства паводле арт. 357 КК адсутнічае. Значыць, няма падстаў для крымінальнага перасьледу — трэба вызваляць чалавека», — заявіў Лаеўскі.

Максіма Знака затрымалі 9 верасьня, а 18 прад’явілі абвінавачаньне. Адвакат аб’явіў галадоўку і трымаў яе больш за тыдзень. Пазьней яму выставілі абвінавачаньні яшчэ паводле двух артыкулаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG