Тлумачым, як сытуацыя з цэнзурай і рэгуляваньнем інтэрнэту выглядае ў Кітаі.
На якой падставе кантралюецца інтэрнэт у Кітаі?
Гэта рэгулююць больш як 50 асобных правілаў. На практыцы дзяржаўныя органы абмяжоўваюць доступ да пэўных старонак і сэрвісаў праз супрацу зь лякальнымі інтэрнэт-правайдэрамі, кампаніямі і няўрадавымі арганізацыямі.
Доступ да інтэрнэту блякуецца праз так званы «вялікі файрвол», створаны ў рамках праекту «Залаты шчыт». На яго запуск было выдаткавана каля 800 мільёнаў даляраў. Але ўтрыманьне такой плаціны сёньня каштуе мільярды.
Адсочваньнем інтэрнэту і таго, што там абмяркоўваецца, займаецца кітайская «кібэрпаліцыя».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка загадаў «выкарыстоўваць досьвед Кітая» пры рэгуляваньні інтэрнэтуДык там няма свабодных СМІ?
Не. У Кітаі незалежныя СМІ проста немагчымыя. Усё фільтруецца.
Але законы аб цэнзуры маюць шмат недакладнасьцяў і, напэўна, няма нікога, хто дакладна ведае, што заблякавана, а што не. Усё дзейнічае даволі выпадкова. Некаторыя старонкі зусім не загружаюцца, а некаторых даводзіцца чакаць вельмі доўга.
Што ў Кітаі блякуецца?
Найперш гэта датычыць палітычных сайтаў: BBC, «Голас Амэрыкі», Wikipedia, YouTube, старонкі, зьвязаныя з Тыбэтам, Далай-ламам ці Тайванем.
Публікаваць паведамленьні ў Facebook, Instagram ці Twitter з Кітаю немагчыма. Але цікава, што нават урадавыя СМІ маюць афіцыйныя профілі на гэтых парталах.
Заходнія пошукавыя сыстэмы, як Google, у Кітаі таксама не працуюць. Замест іх былі створаныя ўласныя, як Baidu. Але зьмест там жорстка фільтруецца.
Большасьць парталаў маюць свае мясцовыя варыянты. Вельмі папулярны на мабільных прыладах дадатак WeChat — камунікатар з шырокімі магчымасьцямі для абмену фатаграфіямі і статусамі. Ёсьць і свой варыянт Twitter — сэрвіс Weibo.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Заблякаваны ў Беларусі сайт kyky.org просіць дапамогі праз Patreon. Што гэта такое?У кітайскім інтэрнэце блякуюць ня толькі цэлыя сайты, але і асобныя словы або вобразы. Нельга ня толькі «нагугліць» у кітайскім пошукавіку, напрыклад, кадры расстрэлу дэманстрацыі на плошчы Т'яньаньмэнь у 1989 годзе — забароненыя і менш відавочныя рэчы. Так, у 2017 годзе пад забарону трапілі выявы Віні Пыха, бо зьнешнасьць мядзьведзя кітайцы сталі жартам параўноўваць са зьнешнасьцю кіраўніка дзяржавы. Да забароненых у перапісцы адносяцца такія фразы, як «савецкія анэкдоты» або «Ганконг, наперад!», і нават лічба «709»
Ці можна абысьці блякаду?
У маладых людзей ёсьць спосабы абысьці гэтую забарону, выкарыстоўваючы бясплатныя VPN і такія інструмэнты, як Freegate. Аўтары праграмы — інжынэры, якія перажылі расправу на плошчы Т'яньаньмэнь у якасьці студэнтаў. Сёньня яны працуюць у Сыліконавай даліне.
Нягледзячы на блякаду, у Кітаі больш за 10 млн карыстальнікаў Twitter.
Некаторыя блякады можна абысьці даволі лёгка. Акаўнт у Gmail, падключаны да дадатку Mail на iOS, дазваляе адпраўляць і атрымліваць паведамленьні электроннай пошты. Падобна зь некаторымі вэб-сайтамі.
Калі нейкі сайт не працуе ў браўзэры, можна паспрабаваць выйсьці на яго праз агрэгатары кантэнту, такія як Flipboard або Feedly. Аднак часам нават гэта не дапамагае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Горадні пачаўся суд над галоўным рэдактарам Hrodna.life за матэрыялы з «экстрэмісцкага» тэлеграм-каналуНя толькі фільтрацыя...
У 2017 годзе група дасьледчыкаў з Гарварду апублікавала справаздачу, зь якой вынікае, што ў кітайскага ўраду ёсьць каля двух мільёнаў стваральнікаў інтэрнэт-кантэнту. Іх задача — публікаваць спрыяльныя ўладам палітычныя камэнтары. Колькасьць такіх тэкстаў ацэньваецца ў 400 мільёнаў у год.