Улады хочуць «максымальна выкарыстаць досьвед Кітаю ў пабудове лічбавага грамадзтва» і стварыць адзіны орган дзяржаўнага рэгуляваньня сфэры інфармацыйных тэхналёгій, паведаміла прэсавая служба Лукашэнкі.
Кантраляваць дзейнасьць крыптабіржаў і лічбавых знакаў будзе адміністрацыя Парку высокіх тэхналёгій, перадае БелТА.
«У некаторых краінах інструмэнты IT-карпарацый актыўна і непрыхавана выкарыстоўваюцца ў палітычных працэсах (гэта нам знаёма). Тыя, хто выпусьціў усе гэтыя працэсы з-пад кантролю, цяпер пажынаюць адпаведныя плады», — заявіў Лукашэнка.
Ён адзначыў, што ўлады хочуць «устанавіць неабходны ўзровень кантролю над новай сфэрай лічбавых апэрацый».
Летась у верасьні «Беларускі фонд салідарнасьці» абʼявіў пра выплаты ў крыптавалюце беларусам, якія зазналі перасьлед за ўдзел у пратэстах супраць фальшаваньня выбараў.
«Улады актыўна абразаюць паступленьні з замежных рахункаў, праводзяць ператрусы на мяжы, каб ня даць завезьці валюту. Таму мы вырашылі залучыць біткойн як „транспарт“», — заявілі заснавальнікі фонду.
«На нашых вачах адбываецца нараджэньне беларускай крыптаэкономікі, у якую цягам году-двух будуць уцягнутыя мільёны беларусаў. У ёй няма месца дзяржаве — як супрацоўніку АМАП няма месца на спатканьні закаханай пары», — сказаў тады амбасадар Trustee Wallet у Беларусі Яўген Раманенка.
Сёньня ў Беларусі дзейнічае некалькі крыптавалютных біржаў, дзе можна прадаць і абмяняць біткойны. Некаторыя крамы, рэстараны і нават будаўнічыя кампаніі ўжо прымаюць аплату ў крыптавалютах.