Фатограф Сяргей Гапон ужо некалькі гадоў актыўнічае на сваёй малой радзіме. Ладзіць выставы і сустрэчы, аднаўляе старыя могілкі. У мінулую нядзелю 15 сакавіка вырашыў запрасіць сяброў і знаёмых на сьвяткаваньне Масьленіцы. Сьвята мелася быць адносна невялікае, для «сваіх». Ладзіў яго на ўласным падворку. Але безь міліцыі і розгаласу ў СМІ не абышлося.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Несанкцыянаванае частаваньне блінамі». Вядомага фатографа выклікалі ў міліцыю за Масьленіцу на ягоным падворку«Пазваніў участковы і сказаў, што заедзе разам зь міліцыянтамі»
«Была дадатковая нагода сустрэцца зь сябрамі пасьля доўгага перапынку, — расказвае Сяргей. — Празь вядомыя падзеі даўно ня бачыліся, было не да сустрэч крыху. А тут вясна, настрой зьмяніўся, пацяплела акурат. І нагода — Масьленіца. Традыцыя ў чыстым выглядзе. Якасная рэканструкцыя, па вялікім рахунку. З адпаведнымі аўтэнтычнымі сьпевамі і танцамі. Лялька адмыслова была з чыстым тварам. Людзі звычайна на такіх сьвяткаваньнях ёй вочы, нос дамалёўваюць. Але традыцыя гэта забараняе, будзе ўжо візуалізацыя, адсыл да чалавека. А пудзіла — гэта зіма, спальваць трэба безасабовую ляльку».
Сяргей расказвае, што арганізацыяй Масьленіцы ў Крэве займаўся ўжо трэці раз. Акрамя танцаў, карагодаў і спальваньня пудзіла былі, натуральна, бліны на вогнішчы. Але першымі ў нядзелю 14 сакавіка аб’явіліся міліцыянты.
«Умоўна мы зьбіраліся на 14 гадзіну, але гэта не тэатар, свабодна можна прыехаць, — расказвае фатограф. — Усё максымальна свабодна, хто колькі меў жаданьня. І вось за гадзіну да пачатку мне ўчастковы патэлефанаваў, спытаўся, што мы тут зьбіраемся рабіць. Я патлумачыў, што Масьленіца. Песьні, карагоды, бліны. Ён сказаў, што добра. А потым ператэлефанаваў і паведаміў, што праз паўгадзіны разам са смаргонскімі міліцыянтамі завітае. Так і адбылося. Пад’ехалі, участковы пазваніў і запрасіў выйсьці. Каб лішні раз сваёй прысутнасьцю маіх гасьцей не турбаваць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Kreva Create: тры амбітныя праекты для Крэва ад Сяргея Гапона
«Я пра Крэва паўсюль расказваю»
Сяргей кажа, што, верагодна, ня ўсе зь яго гасьцей зразумелі, што адбываецца. Падворак адасоблены ад рэшты мястэчка, а міліцыянты прадбачліва спыніліся наводдаль. Размаўлялі смаргонскія міліцыянты. Яны паведамілі, што ў падзеях на падворку бачаць прыкметы парушэньня закону аб масавых мерапрыемствах, і запрасілі зьявіцца ў панядзелак 15 сакавіка, каб даць пісьмовыя тлумачэньні. Там Сяргей Гапон даведаўся, што супраць яго распачаты адміністрацыйны працэс за парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў.
«Напісаў ім такое школьнае сачыненьне, — расказвае Сяргей. — Вадзіў карагод, спаліў Марэну, паеў бліноў. Сонца сьвяціла. Як мне падалося, міліцыянты больш увагі аддавалі таму, якім чынам я запрашаў да сябе гасьцей. Праз фэйсбук, ці закрыты ў мяне профіль, ці адкрыты? Ня ведаю чаму. Магчыма, нейкую ў гэтым зачэпку бачылі».
Агулам у нядзелю 14 сакавіка на падворку Сяргея Гапона ў Крэве сабралася каля 50 чалавек. Сам ён прызнаецца, што нават не падлічваў дакладна. Хтосьці зьяжджаў, нехта прыяжджаў. Збольшага ўсе яны былі сябрамі альбо знаёмымі журналіста. Прыйшлі на сьвяткаваньне і мясцовыя, жыхары Крэва.
«Вольга Хіжынкова была таксама, мы даўно зь ёй сябруем, — кажа Сяргей Гапон. — Яна прыехала. Ды шмат хто. Я ж пра Крэва паўсюль расказваю. Урэшце вось такая нагода склалася, што трэба прыехаць і паглядзець сваімі вачыма, што ж гэта за Крэва такое».
«Праекты ў Крэве немагчыма рабіць без кантактаў з уладамі»
У Крэве Сяргей набыў дом два гады таму, на стала пераехаў жыць у канцы 2019-га. Ён сам родам адсюль, тут жывуць бацькі. Але вяртацца да іх не хацеў, пажадаў мець уласны дом. Акурат вызвалілася сядзіба, якую даўно нагледзеў. Удалося набыць яе ва ўласнасьць. У Менск, страціўшы акрэдытацыю замежнага журналіста, езьдзіць больш няма патрэбы. Пэрыядычна працадаўца запрашае на здымкі за мяжой, але сталае месца яго жыцьця цяпер у Крэве.
«Мой падворак уразаецца ў схіл Юравай гары, гэта такое культавае месца ў Крэве, — расказвае Сяргей пра сваю сядзібу. — Тут стагодзьдзямі зьбіралася моладзь на тусоўкі, на Крэва з гары шыкоўныя віды адкрываюцца. Таму, калі я кажу „прыяжджайце на бліны на Юраву гару“, то гэта абсалютна правільна. Бо я жыву тут».
Масьленіца 14 сакавіка была далёка ня першай імпрэзай, якую Сяргей зладзіў у Крэве. Актыўнічаць тут ён пачаў яшчэ да пераезду. Раней міліцыянты ня толькі не перашкаджалі, але нават і ніколі не прыяжджалі паглядзець, чым ён займаецца ў мястэчку. Зь мясцовым участковым Сяргей знаёмы зь дзяцінства, яны сябравалі школьнікамі. Фатограф мяркуе, што праверку па факце правядзеньня Масьленіцы цяпер са Смаргоні «павесяць» акурат на яго. Той ужо званіў, казаў, што зойдзе пагаварыць.
Што будзе далей з актыўнасьцю Сяргея ў Крэве, пакуль сказаць складана. Фатограф кажа, што шмат якія праекты немагчыма рабіць без кантактаў зь мясцовымі ўладамі, бо яны закранаюць грамадзкую прастору, а ня толькі яго ўласны падворак. А некаторыя, як выставу побач з мурамі Крэўскага замку, увогуле ўзгадняюць ледзьве не на самым версе.
«Па некаторых момантах з уладамі ня вельмі хутка знаходзілася паразуменьне, — кажа Сяргей. — Мінулым летам мы разам зь „Месяцам фатаграфіі“ Андрэя Лянкевіча на некалькіх закінутых будынках побач з замкам клеілі вялікія архіўныя здымкі Крэва. Гэта ўзгаднялася ня хутка. Новая цікавая форма, як гэта будзе глядзецца? Ля замку абы-што не паклеіш, гісторыка-культурная каштоўнасьць. Я б не сказаў, што былі праблемы, але гэта быў працяглы працэс. Ён патрабаваў дадатковага часу на ўзгадненьне».
З папярэднімі Масьленіцамі, кажа Сяргей, было проста. Хоць яны і арганізоўваліся не на ўласным падворку, а ў грамадзкім месцы. Дастаткова было пазваніць у сельсавет і сказаць, што будзе вось адбывацца нешта такое.
«Я нікуды не хачу зьяжджаць»
«Адзін з асноўных праектаў, якім мы зараз займаемся ў Крэве, — гэта ўпарадкаваньне мясцовых габрэйскіх могілак, — кажа Сяргей. — Натуральна, гэта ўжо ня мой падворак, хоць яны таксама на Юравай гары. Усе працы ўзгадняю зь сельсаветам. Ім гэта выгадна таксама, бо сельсавет ня мае лішніх рук, каб займацца гэтым. Сродкі таксама абмежаваныя. Ім не да могілак, скажам так. Але яны маюць рыштунак, напрыклад. Таму мы супрацоўнічаем. Пад гэтую справу прыяжджае шмат людзей. І незнаёмых, і крэўскія прыходзяць».
Сяргей спадзяецца, што гісторыя зь візытам міліцыі на Масьленіцу не перашкодзіць далей працаваць над праектамі ў Крэве. Фатограф кажа, што адмыслова ўлічваў магчымыя наступствы і не зьбіраўся нейкім чынам правакаваць праваахоўнікаў.
«Я сам сабе не магу гэтага дазволіць, я шчыра люблю Крэва, — кажа Гапон. — Гэта для мяне ня нейкая ноўнэйм-вёска. Гэта мая радзіма, я бачу вялікі патэнцыял у Крэве. У Фэйсбуку ў камэнтах мне нехта напісаў — давай, чакаем у Літве цябе. Але я нікуды не хачу зьяжджаць. У мяне тут распачата шмат праектаў, працы вышэй галавы, і яе трэба рабіць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Археолягі знайшлі ўнікальныя артэфакты на гарадзішчы ў Крэве. ФОТА
«Міліцыянт казаў, што мяне затрымлівалі на акцыі»
Сам Сяргей падвышаную цікавасьць праваахоўнікаў да сябе зьвязвае акурат з прафэсіяй.
«Гэта ўсё праз тое, што я працую на замежнае агенцтва, пазбаўлены акрэдытацыі, — кажа ён. — У міліцыі нейкі незразумелы для мяне шлейф цягнецца. Смаргонскі міліцыянт казаў, што вось, я быў затрыманы на акцыі ў Менску. Я спрабаваў тлумачыць, што мяне затрымлівалі як журналіста для праверкі дакумэнтаў. Нічога не парушаў і пратаколу ніхто не складаў на мяне. Гэта была шараговая праверка. Тым ня менш, я ў іх там пазначаны як нядобранадзейны элемэнт. Але спадзяюся, што ў нядзелю яны пабачылі ўсё на свае вочы».
Фатограф расказвае, што зладжаныя ім падзеі і мерапрыемствы ў Крэве прыцягваюць увагу ня толькі менскіх сяброў, але і мясцовых жыхароў. Гэта яму падабаецца асабліва.
«У студзені 2020 году мы ладзілі ў Крэве творчую сустрэчу зь пераможцай конкурсу World Press Photo Алёнай Качатковай, — расказвае ён. — Яна мая сяброўка з Калугі, з Расеі. Мне падавалася, што гэта такая вузкая тэма. На сваю, даволі спэцыфічную аўдыторыю. Але я быў шчыра зьдзіўлены, калі ў кавярні на сустрэчы пабачыў зь дзясятак крэўскіх людзей. Ім фатаграфія абыякавая, але прыйшлі паглядзець на чалавека. Ім было цікава, цікавыя пытаньні задавалі. Гэта вельмі цешыць, дадатковы стымул нешта рабіць, спыняцца ня варта».
Сяргей кажа, што актыўнасьці накшталт Масьленіцы ў невялікіх мястэчках неабходныя. Яшчэ і таму, што яны дазваляюць згуртаваць супольнасьць. Фатограф перакананы, што калі людзям не даваць разам адпачываць, яны ня будуць валянтэрыць на могілках альбо праяўляць іншую карысную для грамадзтва актыўнасьць.
Цяпер фатограф плянуе наступны праект для Крэва — на ліпень. Сяргей кажа, што гатовы абмяркоўваць яго з раённымі ўладамі, абавязкова пачне гэта рабіць. Ці гатовыя чыноўнікі да супрацы зь Сяргеем, пакуль сказаць цяжка.
«Спадзяюся, што ўсё будзе добра, мы захаваем сяброўскія адносіны, — кажа Сяргей. — Адна справа, калі ты спрабуеш рабіць нешта ў вялікім горадзе. Ты там адзін аднога ня ведаеш. А тут стасункі ня толькі ў якасьці арганізатара і кантрольных органаў. Тут мы адзін аднаму сусед, застаёмся побач жыць».
Паведамленьне пра вынікі міліцэйскай праверкі павінна прыйсьці Сяргею Гапону са Смаргонскага РУУС на працягу некалькіх тыдняў.