Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Археолягі знайшлі ўнікальныя артэфакты на гарадзішчы ў Крэве. ФОТА


Уся зямля з раскопаў перабіраецца ўручную
Уся зямля з раскопаў перабіраецца ўручную

Пасьля перапынку ўзнавіліся раскопкі тысячагадовага гарадзішча ў мястэчку Крэва Смаргонскага раёну Горадзенскай вобласьці. Знойдзеныя артэфакты Свабодзе прадэманстраваў кіраўнік археалягічных работ, кандыдат гістарычных навук Алег Дзярновіч.

Гарадзішча было цэнтрам Крэва, пакуль не зьявіўся замак

Упершыню Крэва згадваецца ў нямецкіх кроніках XIII стагодзьдзя як цэнтар авеяных легендамі Нальшанаў. Да гэтага пэрыяду (XI-XIII стагодзьдзі) адносіцца і крэўскае гарадзішча, якое і цяпер захавала сьляды былой велічы — 20-мэтровае ўзвышша, абнесенае 5-мэтровымі землянымі валамі.

Гісторык Алег Дзярновіч расказвае пра раскопы ў Крэве
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:05:20 0:00
Наўпроставы лінк

«У шырокай сьвядомасьці Крэва як успрымаецца? Праз замак! — кажа гісторык Алег Дзярновіч. — Нягледзячы на дыскусіі пра час пабудовы, за аснову бярэцца першая палова XIV стагодзьдзя — час, калі Альгерд атрымлівае Крэва ад свайго бацькі Гедыміна. Аднак пытаньне: а што было да таго, адкуль пайшло старажытнае Крэва? І вынікам нашых раскопак, якія мы зь перапынкамі вядзём ад 2012 году, стала разуменьне: да пабудовы мураванага замку цэнтрам раньняга Крэва было якраз гарадзішча. Пазьней на зьмену прыйшла мадэль раньнеўрбаністычных паселішчаў абапал княскіх рэзыдэнцый, якія будаваліся па-за горадам. Мястэчка Крэва, якое мы ведаем у XVІ-XVІІІ стагодзьдзях, разьвівалася ўжо вакол замка».

Кандыдат гістарычных навук Алег Дзярновіч
Кандыдат гістарычных навук Алег Дзярновіч
Руіны крэўскага замку
Руіны крэўскага замку

Алег Дзярновіч не выключае, што побач з гарадзішчам знаходзіўся і першы касьцёл Ягайлы, які паўстаў пасьля хросту паганскай Літвы. Вядома, што вялікі князь фундаваў сем храмаў, адзін зь іх менавіта ў Крэве. Калі гіпотэза пацьвердзіцца, археолягаў чакаюць унікальныя адкрыцьці.

А пакуль задачы дасьледчыкаў-прафэсіяналаў і валянтэраў-добраахвотнікаў (прыяжджаюць, дарэчы, цэлымі сем’ямі, зь дзецьмі) больш сьціплыя — сабраць артэфакты, якія засьведчаць побыт першых насельнікаў мястэчка.

Валянтэры на крэўскім гарадзішчы
Валянтэры на крэўскім гарадзішчы
Раскопы пад рытуальным каменем
Раскопы пад рытуальным каменем

«У папярэднія сэзоны мы ўскрылі пабудову. Магчыма, гэта была майстэрня, бо знайшлі загатоўкі, матрыцу для вырабу мэталічных упрыгожаньняў, — кажа навуковец. — Наогул важна адзначыць, што крэўскае гарадзішча ёсьць адным з цэнтраў усходняй Літвы (карыстаючыся тэрміналёгіяй Міколы Ермаловіча, летапіснай Літвы). Гэта значыць, адзін з настаражытнейшых цэнтраў да Міндоўга, адкуль пачыналіся ўсе дзяржаватворчыя працэсы. Іншыя пункты ў гэтым шэрагу — Гальшаны, Сьвір, Кернаў. Тут праходзіла мяжа паміж „давэкаэлаўскай“ Літвой і полацкай зямлёй. Таму з гледзішча сацыяльнай, этнічнай, культурнай гісторыі аб’ект надзвычай цікавы».

Знакі заняпаду на гарадзішчы

Паводле Алега Дзярновіча, крэўскае гарадзішча падобнае да гарадзішчаў жалезнай эпохі пачатку нашай эры. Іх у вялікай колькасьці абжывалі насельнікі паўночнага захаду Беларусі, якія пакінулі пасьля сябе шматлікія матэрыяльныя сьведчаньні — прадметы штрыхаванай керамікі, жалезныя ўпрыгажэньні, рэшткі драўляных пабудоваў. Таксама гарадзішчы былі сховішчамі, дзе людзі ратаваліся ад варожых набегаў. Толькі з пашырэньнем урбаністычных працэсаў іх значэньне зьменшылася.

Сьляды ад пажарышча
Сьляды ад пажарышча
Дзеці далучаюцца да археалёгіі
Дзеці далучаюцца да археалёгіі

«Пасьля таго, як цэнтар усяго жыцьця быў перанесены ў замак, крэўскае гарадзішча заняпала — папросту не было патрэбы ў яго далейшым функцыянаваньні, — канстатуе гісторык. — Тут мы знаходзім напластаваньні XI-XIII стагодзьдзяў, і храналягічна гэта сынхранізуецца з часам пабудовы замку. Значыць, „адміністрацыя“ акругі становіцца прывязанай менавіта да яго. Дарэчы, некалі тут рабіў археалягічную выведку Георгі Штыхаў, які пісаў, што знайшоў позьні матэрыял ажно XVІІ стагодзьдзя. Мы на нешта падобнае не натрапілі, але паднялі артэфакты XI-XIII стагодзьдзяў, пра якія да гэтага толькі здагадваліся».

Самыя адметныя крэўскія артэфакты

Адна з самых каштоўных знаходак апошніх дзён — мэталічны пярсьцёнак, дакладны ўзрост якога яшчэ трэба будзе высьветліць. Але ўнікальнасьць артэфакта бясспрэчная. Як і раней, на крэўскім гарадзішчы масава сустракаецца кераміка з традыцыйным лінейна-хвалістым арнамэнтам, формы для вырабу упрыгажэньняў-падвесак. Паводле Алега Дзярновіча, раз-пораз трапляюцца матэрыялы, якія яскрава сьведчаць пра гарадзкі характар паселішча.

Стары мэталічны пярсьцёнак
Стары мэталічны пярсьцёнак
Керамічныя артэфакты
Керамічныя артэфакты

«Велізарнае значэньне маюць артэфакты, зьвязаныя з вытворчасьцю, яны дазваляюць паглядзець на сацыяльную гісторыю паселішча, — зазначае Алег Дзярновіч. — У пляне храналёгіі раней знайшлі вельмі ўдалыя фрагмэнты шкляных бранзалетаў. Справа ў тым, што цэнтар іх вырабу месьціўся пад Кіевам. Калі Кіеў разграмілі мангола-татары, вытворчасьць у старых маштабах ужо не аднавілася. Што, у сваю чаргу, зьяўляецца выдатным артэфактам для датаваньня — пазьней 40-х гадоў XIII стагодзьдзя такія бранзалеты ўжо не выкарыстоўваліся. Плюс да ўсяго, іх знаходзілі выключна ў паселішчах гарадзкога тыпу, у вясковых курганах нічога падобнага няма. Таму такія рэчы прыадкрываюць нязвыклыя і цікавыя старонкі».

Як кажа Алег Дзярновіч, таксама вылучаецца знаходка двух брактэатаў — упершыню ў Беларусі. Гэта «аднабаковая» манэта з тонкай срэбнай пласьцінкі, бітая штэмпэлем. Брактэаты зьявіліся ў першай палове ХІІ стагодзьдзя ў Нямеччыне і хадзілі наступныя 300 гадоў. Такім чынам, зьяўляюцца доказы гандлёвых зносінаў жыхароў Крэва з Балтыйскім рэгіёнам.

Cьляды Першай сусьветнай вайны

Выглядае, што на крэўскім гарадзішчы можна капнуць у любым месцы і разьлічваць на ўнікальны артэфакт, прызнае Алег Дзярновіч.

Вонкавы выгляд гарадзішча
Вонкавы выгляд гарадзішча
Сьведчаньні супрацьстаяньня 100-гадовай даўнасьці
Сьведчаньні супрацьстаяньня 100-гадовай даўнасьці

«Нездарма аб’ект уключаны ў сьпіс гісторыка культурнай спадчыны, пра што сьведчыць і ахоўны знак. Мы адсочваем сытуацыю, выпадковых людзей сюды асабліва не трапляе, кажа Алег Дзярновіч.— Але ёсьць іншая складанасьць: тут усё было прасякнута Першай сусьветнай вайной. Увесь смаргонскі край цягам 1915-1918 гадоў быў падзелены лініяй фронту, па крэўскай дарозе праходзіла лінія разьмежаваньня. На гарадзішчы стаялі расейскія падразьдзяленьні, немцы — на другім баку, а таксама ў Крэўскім замку. Тут літаральна ўсё нашпігавана аскепкамі снарадаў, гільзамі. Шукаць на гарадзішчы штосьці мэталічнае досыць складана, бо паўсюль суцэльны мэтал».

Цывілізацыйны выбар: балты ці славяне

На перакананьне Алега Дзярновіча, прыклад Крэва ХІ-ХІІІ стагодзьдзяў можа скарэктаваць звыклыя ўяўленьні пра даўнюю Літву. Найперш спрэчкі наконт таго, якой была першапачатковая Літва — балцкай ці славянскай. Прынамсі ёсьць падстава паразважаць пра шматстайны этнічны і сацыяльны характар гэтай тэрыторыі.

Апазнавальны знак крэўскіх дасьледчыкаў
Апазнавальны знак крэўскіх дасьледчыкаў
Раскопы на крэўскім гарадзішчы
Раскопы на крэўскім гарадзішчы

На матэрыялах крэўскага гарадзішча робіцца зразумелым, што да эпохі ВКЛ летапісная Літва падыходзіла з пэўным цывілізацыйным здабыткам. Тут мелі месца працэсы раньняй урбанізацыі, існавалі цэнтры з разьвітай рамеснай вытворчасьцю і замежнымі сувязямі.

Але толькі далейшыя дасьледаваньні могуць адказаць на пытаньне, чыім насамрэч было крэўскае гарадзішча ў ХІ-ХІІІ стагодзьдзях: славянскім ці балцкім.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG