Супрацоўнікі Падляскага аддзелу Нацыянальнага падатковага ўпраўленьня Польшчы (KAS) прадухілілі кантрабанду 650 тысяч пачак беларускіх цыгарэт, паведамляецца на сайце KAS.
Нелегальны груз выявілі на памежным пункце пропуску «Кузьніца». У грузавіку, у якім, паводле дакумэнтаў, павінны былі перавозіць партыю цьвікоў, супрацоўнікі KAS знайшлі кантрабандныя цыгарэты коштам больш за 9,5 млн злотых (каля 2,48 млн даляраў). У паведамленьні ведамства адзначаецца, што калі б цыгарэты выйшлі на нелегальны рынак, страты б склалі 15 млн злотых (каля 3,92 млн даляраў).
Грузавіком кіраваў 45-гадовы грамадзянін Беларусі, супраць яго пачалі расьсьледаваньне. За такую вялікую колькасьць кантрабанды яму пагражае да 10 гадоў пазбаўленьня волі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На польскай мяжы затрымалі амаль 2 мільёны пачак цыгарэт зь Беларусі22 лютага польскія памежнікі на тым жа памежным пераходзе спынілі найбуйнейшую ў гісторыі спробу кантрабанды цыгарэт зь Беларусі — больш як 1,8 мільёна пачкаў.
Толькі за апошні месяц кантрабандныя цыгарэты двойчы выяўляла і літоўская мытня: 25 лютага на памежным пункце Райгардас выявілі 100 тысяч пачак кантрабандных беларускіх цыгарэт на 355 тысяч эўра, 7 сакавіка літоўская мытня спыніла спробу ўвозу цыгарэт зь Беларусі на суму больш як мільён эўра. Паводле дадзеных мытнага дэпартамэнту Літвы, 93% цыгарэт (гэта 388 млн штук), увезеных у 2020 годзе кантрабандным шляхам на яе тэрыторыю, паступілі зь Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік літоўскай мытні заявіў пра буйнамаштабную кантрабанду цыгарэт зь БеларусіУ сьнежні 2021 году Эўрапол паведаміў, што раскрыў маштабную схему нелегальнага гандлю цыгарэтамі: яны траплялі на чорны рынак Эўразьвязу і Вялікай Брытаніі кантрабандай — у выніку краіны гублялі мільёны эўра падаткаў. 88% з 67 мільёнаў канфіскаваных цыгарэт было выраблена ў Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўрапол выкрыў нелегальны гандаль беларускімі цыгарэтамі ў Эўропе