Аляксандар Лукашэнка прызначыў намесьнікаў міністраў абароны, а таксама зрабіў шэраг прызначэньняў у кіраўніцтве Ўзброеных сілаў, паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны.
Генэрал-маёр Віктар Гулевіч узначаліў Генэральны штаб, адпаведна стаўшы і першым намесьнікам міністра абароны. Ён скончыў Маскоўскую вышэйшую агульнавайсковую камандную вучэльню і Вайсковую акадэмію Беларусі. Службу праходзіў у вайсковай выведцы і сілах спэцапэрацый. Зь лютага 2020 году камандаваў войскамі Заходняга апэратыўнага камандаваньня.
Генэрал-маёр Андрэй Жук стаў намесьнікам міністра абароны. Ён скончыў Менскую сувораўскую вучэльню, Маскоўскую вышэйшую агульнавайсковую камандную вучэльню і камандна-штабны факультэт Вайсковай акадэміі Беларусі. З траўня 2018-га ачольваў войскі Паўночна-заходняга апэратыўнага камандаваньня.
Замест Жука яго цяпер узначаліў Аляксандар Навуменка, які раней кіраваў Менскай сувораўскай вучэльняй.
Камандуючым войскамі Заходняга апэратыўнага камандаваньня прызначылі генэрал-маёра Ігара Дземідзенку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму Армэнія не Беларусь. Дыскусія аналітыкаўЛукашэнка пра «людзей, якія ваявалі»
Прызначаючы новых людзей у Генштаб і Мінабароны, Лукашэнка зрабіў галоўны ўпор на тое, што камандаваць апэратыўнымі напрамкамі і быць начальнікам штабу і намесьнікамі міністра мусяць людзі, «якія ваявалі».
Паводле яго, «войны сёньня набываюць іншы характар. Магчыма, будуць падрываць знутры».
«Ледзь-ледзь нас зачапілі са жніўня, пасьля выбараў. Пакаштавалі нас на зуб, зуб зламалі. Зараз на ўсе зубы будуць спрабаваць, і будуць спрабаваць знутры. Публічна кажу: нам, людзям ваенным, давядзецца абараняць сваю краіну, пачынаючы знутры. Ня трэба сядзець у войсках і чакаць, што нехта перасячэ нашу мяжу і тады мы стрэльбу возьмем і пачнём ваяваць. Ваяваць будзем адсюль».
У студзені Аляксандар Лукашэнка прызначыў Аляксандра Вальфовіча з Генштабу дзяржсакратаром Савету бясьпекі. Гэта была трэцяя перастаноўка на пасадзе за год, да Вальфовіча там пакіравалі Андрэй Раўкоў і Валер Вакульчык.
Прызначаючы Вальфовіча, Лукашэнка таксама казаў пра «вонкавыя пагрозы» і неабходнасьць разам з Расеяй выяўляць ворагаў і змагацца зь імі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Разам з братамі расейцамі». Генштаб Беларусі гатовы супрацьстаяць «буйнамаштабнай агрэсіі» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар абароны Беларусі ацэньвае актыўнасьць у сумежных дзяржавах як «ваенную пагрозу» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка зьмяніў кіраўніка Сьледчага камітэту, які не завёў ніводнай справы за сьмерці і катаваньні падчас разгонаў пратэстаў