Новым старшынём Сьледчага камітэту Беларусі Лукашэнка прызначыў Дзьмітрыя Гару, які да сёньня працаваў на пасадзе намесніка генэральнага пракурора.
Што вядома пра новага кіраўніка
Дзьмітрый Гара ўзначальваў Міжведамасную камісію, якая вывучала скаргі людзей на пабоі і катаваньні сілавікамі пасьля выбараў 9 жніўня 2020 году. У выніку яе працы ніводнай справы на гэтых скаргах не было заведзена.
Пасаду намесьніка генэральнага пракурора Гара заняў 30 сьнежня 2019 года. Яму 50 гадоў, ён родам з Тбілісі. Вучыўся ў Вайсковым інстытуце ў Маскве. З 1993 года працаваў следчым у КДБ. У 2009 годзе быў прызначаны начальнікам следчага ўпраўленьня КДБ.
Дзмітрый Гара ўжо заявіў, што кардынальных зьменаў у дзейнасьці Сьледчага камітэту ня будзе:
«Думаю, што няцяжка будзе зарыентавацца і прыняць захады, каб нешта ўзмацніць і зрабіць больш прагрэсіўным. Ёсьць асаблівасьці сьледзтва. У цяперашняй сытуацыі трэба дамагацца аднастайнасьці, адзінага падыходу, каб хутка і дакладна выконваць задачы, якія стаяць перад камітэтам», – цытуе Гару БЕЛТА.
Чым запомніўся Наскевіч
Сьледчы камітэт пад кіраўніцтвам Івана Наскевіча не пачаў ніводнай крымінальнай справы супраць сілавікоў за іх гвалтоўныя дзеяньні пры разгоне пратэстаў, хоць было некалькі тысяч заяваў аб катаваньнях і факты сьмерці. Затое супраць пратэстоўцаў ад жніўня 2020 году завялі 2407 спраў «экстрэмісцкай накіраванасьці», прыкладна 650 справаў пракурор перадаў для накіраваньня ў суд.
Івана Наскевіча паставілі кіраўніком СК у 2015 годзе, да таго моманту ён тры гады працаваў пракурорам Берасьцейскай вобласьці, у якой і нарадзіўся.
Пры Наскевічы праз Сьледчы камітэт прайшоў шэраг гучных спраў: «справа БелТА», «справа Коржыча», «справа Белага легіёну», напад школьніка на навучэнцаў і настаўніцу ў Стоўпцах.
Лукашэнка некалькі разоў крытыкаваў працу СК, напрыклад за справу галоўнага інжынэра Менскага заводу колавых цягачоў Андрэя Галавача, які 4 гады правёў пад сьледзтвам, але якога апраўдаў суд празь недаказанасьць віны.