Ці так гэта? Што гэта ўвогуле за арганізацыя і чым яна займаецца? Што ўяўляе сабой Чырвоны Крыж у Беларусі?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік Міжнароднага Чырвонага Крыжа адказаў на заклік праінспэктаваць беларускія турмыЗаяўленая мэта — абараняць жыцьцё і годнасьць людзей
Міжнародны Чырвоны Крыж (арганізацыя мяняла назвы) заснаваны ў 1863 годзе (да паўстаньня Кастуся Каліноўскага гэта ня мела ніякага дачыненьня), спачатку — для дапамогі параненым у ваенных канфліктах. На тэрыторыі сучаснай Беларусі Менскае ўпраўленьне было створанае ў 1872 годзе.
Як ён паведамляе цяпер пра сябе на сваім сайце, «Міжнародны Камітэт Чырвонага Крыжа (МКЧК) зьяўляецца бесстароньняй, нэўтральнай і незалежнай арганізацыяй, чые мэты і задачы носяць выключна гуманітарны характар і заключаюцца ў тым, каб абараняць жыцьцё і годнасьць людзей, якія пацярпелі ад збройных канфліктаў і іншых сытуацый гвалту, і прадстаўляць ім дапамогу. Прапагандуючы і ўмацоўваючы гуманітарнае права і ўнівэрсальныя прынцыпы гуманнасьці, МКЧК прыкладае ўсе намаганьні да таго, каб прадухіліць пакуты людзей».
Сталін адмаўляўся ад дапамогі Чырвонага Крыжа
У часы сталінскага тэрору дзейнасьць савецкага камітэту Чырвонага Крыжа знаходзілася пад поўным кантролем кампартыі. Зразумела, што ніякай гаворкі пра дапамогу вязьням ГУЛАГу і ахвярам рэпрэсіяў быць не магло.
У часы Другой сусьветнай вайны Міжнародны Чырвоны Крыж зьвярнуўся да савецкага ўраду з прапановай забясьпечваць пасылкамі савецкіх вайскоўцаў, якія апынуліся ў гітлераўскім палоне (на канец 1941 году іх было больш як тры мільёны чалавек). Брытанскія, францускія і іншыя ваеннапалонныя такую дапамогу атрымлівалі. Аднак савецкі ўрад нават не адказаў на гэтую прапанову. Паводле брытанскага дыплямата, які абмяркоўваў тэму зь міністрам замежных спраў СССР Молатавым, савецкае кіраўніцтва лічыла «палітычна немэтазгодным даць шанец Нямеччыне выявіць перад грамадзкасьцю здольнасьць да гуманітарных дзеяньняў». Сотні тысяч савецкіх ваеннапалонных памерлі ад голаду.
Наведваньне зьняволеных — частка місіі Чырвонага Крыжа
Як паведамляецца на сайце арганізацыі, «Жэнэўскія канвэнцыі даюць МКЧК права на наведваньне ваеннапалонных і грамадзянскіх інтэрнаваных асоб падчас канфліктаў. Мы таксама наведваем зьняволеных у іншых сытуацыях гвалту (вылучана рэдакцыяй — РС). Сваім візытам мы хочам дамагчыся гуманнага абыходжаньня зь вязьнямі і супрацоўнічаем з уладамі, каб прадухіліць злоўжываньні і палепшыць умовы ўтрыманьня».
Пэтэр Маўрэр супраць катаваньняў
У чэрвені 2015 году прэзыдэнт Міжнароднага Чырвонага Крыжа Пэтэр Маўрэр (той самы, які адмовіўся дасылаць місію ў Беларусь) зрабіў адмысловую заяву супраць катаваньняў. «Катаваньні ўяўляюць сабой ганьбу чалавечнасьці, — пісаў ён. — Ад іх пакутуюць ня толькі непасрэдныя ахвяры дрэннага абыходжаньня, але таксама і іх сем’і, чыё існаваньне можа парушыцца або спыніцца наогул. Незаконнае, амаральнае або негуманнае абыходжаньне ніколі не было правільным выбарам. Цэлыя супольнасьці адчуваюць на сабе разбуральнае дзеяньне наступстваў катаваньняў, асабліва там, дзе вінаватыя застаюцца беспакаранымі. Жорсткае абыходжаньне спараджае нянавісьць і прыводзіць да ўзьнікненьня заганнага кола помсты».
У той жа заяве Маўрэр паведаміў, што ў 2014 годзе прадстаўнікі Міжнароднага Чырвонага Крыжа наведалі больш як 800 тысяч зьняволеных у 92 краінах, прычым, як ён адзначыў, «значная колькасьць гэтых асоб, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўленьня волі, сутыкаюцца зь небясьпекай прымяненьня да іх катаваньняў. Мы вядзем канфідэнцыйны дыялёг з уладамі з мэтай паляпшэньня ўмоваў утрыманьня зьняволеных».
Пра дыялёг у гэтай справе з уладамі Беларусі нічога не вядома.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску пачаўся судовы працэс над дзяўчынай, якая перажыла катаваньні на АкрэсьцінаСамая буйная гуманітарная арганізацыя ў Беларусі
Як паведамляе пра сябе Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК), гэта самая буйная гуманітарная арганізацыя на тэрыторыі Беларусі, яно частка Міжнароднага Руху Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ААН: Органы папярэдняга расьсьледаваньня Беларусі атрымалі 4644 скаргі пра ўжываньне сілы і спэцсродкаў сілавікаміДапамагае асуджаным. Праўда, ня ўсім
Як тлумачыць сайт БТЧК, таварыства дапамагае «асуджаным і былым асуджаным (людзям, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўленьня волі і вызваліліся, якія адбываюць лячэньне ў ЛПП)».
Тым часам у апошнія месяцы, размаўляючы з сотнямі людзей, якія прайшлі праз Акрэсьціна і іншыя месцы зьняволеньня, журналісты Радыё Свабода ня чулі ніводнага факту, каб супрацоўнікі БТЧК нечым дапамаглі асуджаным за палітычную ды грамадзкую дзейнасьць, удзел у пратэставых акцыях.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хуткія» для затрыманых, мэдычная тайна, турэмная мэдыцына, пацыенты-амапаўцы. Этычныя дылемы мэдыкаў падчас рэпрэсійКадры кіраўнічыя, правераныя
Выканаўца абавязкаў старшыні прэзыдыюму Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа — міністар аховы здароўя Дзьмітрый Піневіч, генэральны сакратар — Вольга Мычко, дэпутатка Палаты прадстаўнікоў VI скліканьня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міжнародны камітэт расьсьледаваньня катаваньняў у Беларусі заявіў пра беспрэцэдэнтныя зьдзекі ўлады з жанчынУдзельнічалі ў фальсыфікацыях выбараў
На пачатку сакавіка Народнае антыкрызіснае кіраўніцтва зьвярнулася ў міжнародны офіс Чырвонага Крыжа з заявай па фактах саўдзелу беларускай філіі арганізацыі ў фальсыфікацыях на прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году. У дакумэнце выклалі факты, якія пацьвярджаюць удзел БТЧК у фальсыфікацыях. Так, падчас выбараў прэзыдэнта ў склад участковых выбарчых камісій ад БТЧК увайшлі 2998 чалавек. Пры гэтым 2532 зь іх ужо ўдзельнічалі ў парлямэнцкіх выбарах 2019 году, але чвэрць гэтага сьпісу тады вылучалася ў камісіі ад іншых арганізацый.
На 362 участках, дзе працавалі прадстаўнікі БТЧК, плятформа «Голас» даказала факты фальсыфікацый — колькасьць фота бюлетэняў з галасамі за Сьвятлану Ціханоўскую перавысіла колькасьць залічаных за яе галасоў у пратаколах, падпісаных сябрамі камісій.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Міжнародны Чырвоны Крыж накіравалі ліст з абвінавачаньнямі беларускай філіі арганізацыі ў парушэньні статуту