Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску пачаўся судовы працэс над дзяўчынай, якая перажыла катаваньні на Акрэсьціна


Менская турма на Акрэсьціна. Архіўнае фота.
Менская турма на Акрэсьціна. Архіўнае фота.

У судзе Маскоўскага раёну Менску пачаўся разгляд крымінальнай справы палітзьняволенай Аляксандры Патрасаевай. Яе абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу (удзел у масавых беспарадках).

Санкцыя ў гэтым артыкуле прадугледжвае пазбаўленьне волі на тэрмін ад 3 да 8 гадоў. Справу вядзе судзьдзя Вольга Малашэнка. Бок дзяржаўнага абвінавачаньня прадстаўляе памочнік пракурора Фёдар Сініцкі, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».

20-гадовую дзяўчыну затрымалі летась 16 кастрычніка, ад таго часу яна за кратамі.

Паводле абвінавачаньня, Аляксандра Патрасаева ў ноч на 10 жніўня і ў наступныя дні «брала актыўны ўдзел у масавых беспарадках, а таксама ў загадзя сплянаваных групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак»: блякавалі рух транспарту, узводзілі барыкады, зьнішчалі тратуарную плітку, выкарыстоўвалі пэтарды, факелы і іншыя прадметы. Таксама зьняволеная нібыта заклікала людзей да супраціву і сама аказвала непадпарадкаваньне прадстаўнікам улады.

Аляксандра Патрасаева віны не прызнала, патлумачыла, што інфармацыю даведвалася ў тэлеграм-каналах. Прачытала, што людзям патрэбна мэдычная дапамога, паехала пасьля працы, каб яе аказаць. На скрыжаваньньні менскіх вуліц Бяды, Багдановіча, Сурганава яна ня бачыла супрацоўнікаў міліцыі, ніякіх патрабаваньняў ня чула. Прыкладна 50 чалавек узводзілі барыкады, але не было падпалаў, пагромаў ці кіданьня прадметаў.

Аляксандра ўдакладніла, што аказвала мэдычную дапамогу людзям каля лесьвіцы — апрацоўвала раны, давала абязбольвальныя. Адыходзіла ненадоўга, каб выкінуць мех са сьмецьцем. На абвінавачаньне, што трымала мэталічную палку, адказала, што падняла яе зь зямлі, каб выкінуць, але ніякіх фізычных дзеяньняў не ажыцьцяўляла.

Абаронца папрасіў далучыць да матэрыялаў справы ліст і характарыстыку падабароннай з працы, а таксама гарантыйны ліст. Суд хадайніцтва задаволіў.

Першы раз Аляксандру схапілі ў ноч на 11 жіўня, тры дні яна знаходзілася ў ізалятары на Акрэсьціна, дзе перажыла катаваньні: біцьцё, зьнявагі, абразы, пагрозы згвалтаваць. Яе прымушалі разьдзявацца, станавіцца на расьцяжку і пры гэтым бесперыпынна білі, прычым рабіла гэта жанчына. Затым адпусьцілі. У дзяўчыны былі моцна траўмаваныя зьвязкі, лекары наклалі гіпс.

Сьледчы камітэт адмовіўся прыняць заяву Аляксандры Патрасаевай пра катаваньні на Акрэсьціна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG