Чарговая цырымонія ўручэньня прэміі імя Сьвятланы Навумавай прайшла 9 сакавіка, піша БелаПАН. Прэмію ўручаюць з 2012 году з ініцыятывы аб’яднаньня «Гавары праўду», але сёлета ёю ўганаравалі не канкрэтных людзей, як раней.
Прэмію за 2020 год прызначылі ў трох новых намінацыях — у аргкамітэце кажуць, што прынялі «экстранае рашэньне» і вызначылі «тры сацыяльныя зьявы, якія зрабілі Беларусь такой, якой яна ёсьць».
Пераможцы ў намінацыях:
- «Грамадзянская ўзаемадапамога» — фонд «Вместе. Ты не один» за дзейнасьць падчас пандэміі каранавірусу. Фонд дапамагае Беларускаму дзіцячаму госьпісу.
- «Грамадзянская ініцыятыва» — «Честные люди», якія ладзілі альтэрнатыўны падлік галасоў на прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году.
- «Свабодная Беларусь» — усе палітвязьні Беларусі. Такімі на момант цырымоніі прызналі 269 чалавек, але іх колькасьць, як адзначылі на цырымоніі, гэта «не закрытая лічба».
Апошнюю прэмію выдалі праваабаронцу цэнтру «Вясна» Ўладзімеру Лабковічу, які адзначыў, што гэта таксама «намінацыя тых тысяч людзей, якія пацярпелі, тых дзясяткаў тысяч, якія прайшлі праз катаваньні і зьдзекі».
«Было вельмі складана на гэты раз выбіраць, хто лепшы, хто заслугоўвае гэтай узнагароды ў грамадзтве, бо гэта мільёны беларусаў», — адзначыў сустаршыня «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў.
Прэмію ўручаюць у памяць аб актывістцы «Гавары праўду» Сьвятлане Навумавай, якая памерла 10 сакавіка 2011 году. Паводле арганізатараў, прэмія мае «стымуляваць дзейнасьць палітычных журналістаў і аналітыкаў, а таксама зьвярнуць увагу на найбольш пэрспэктыўных маладых палітыкаў і грамадзкіх дзеячоў». Арганізатары называюць прэмію «спробай вярнуць мараль у палітыку».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Честные люди» далі справаздачу, колькі атрымалі грашовай дапамогі і на што яе патрацілі