Глядзіце размову цалкам на відэа
Надзея Пятроўская, кандыдат мэдычных навук. У лістападзе звольніліся з РНПЦ дзіцячай анкалёгіі, гематалёгіі і імуналёгіі, дзе загадвала анкалягічна-гематалягічным аддзяленьнем № 3 (для дзяцей ад 7 да 18 гадоў). Мэдычны стаж – 21 год. Атрымлівала прэзыдэнцкі грант у галіне аховы здароўя ў 2015 годзе і дыплём ляўрэаткі ў намінацыі «Найлепшая кандыдацкая дысэртацыя 2013 году» ў мэдычных навуках.
Доктарку былі затрымалі на пратэставай акцыі мэдыкаў 7 лістапада, пакаралі штрафам. Надзея Пятроўская вырашыла звольніцца пасьля таго, як у РПНЦ, насуперак волі пэрсаналу, зьмянілі кіраўніцтва.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Трасуцца рукі, цякуць сьлёзы». Загадчыца аддзяленьня РНПЦ дзіцячай анкалёгіі звольнілася праз сытуацыю ў краінеПасьля звальненьня Пятроўская падрыхтавала грунтоўнае навуковае дасьледаваньне пра этычныя праблемы ў мэдыцыне, якія паўсталі перад беларускімі лекарамі пасьля 9 жніўня 2020 году. Надзея Пятроўская паспрабавала знайсьці адпаведнасьць дзеяньняў беларускіх мэдыкаў падчас масавых пратэстаў маральна-этычным прынцыпам, выкладзеным у міжнародных дакумэнтах, у прыватнасьці ў Стамбульскім пратаколе.
Прыводзім галоўныя пункты дасьледаваньня Надзеі Пятроўскай:
З такім маштабным гвалтам Беларусь сутыкнулася ўпершыню пасьля Другой сусьветнай вайны
У сувязі з падзеямі жніўня 2020 году беларускія мэдыкі сутыкнуліся з шэрагам складаных прафэсійных і этычных праблем. Наступствы гвалту запатрабавалі ня толькі мэдычнай дапамогі, але і выпрацоўкі дакладнай маральнай пазыцыі і кансалідацыі прафэсійнай супольнасьці. У першыя ж дні лекары і мэдсёстры розных устаноў аховы здароўя рэзка асудзілі гвалт і запатрабавалі спыніць яго. На сёньня адкрыты зварот падпісалі каля пяці тысяч мэдработнікаў Беларусі.
Катаваньні і Стамбульскі пратакол, які не падпісала Беларусь
У справе лекараў, якая праходзіла ў рамках Нюрнбэрскага працэсу, 23 падсудных прызналі вінаватымі. Важным вынікам працэсу стаў Нюрнбэрскі кодэкс, які істотна паўплываў на канцэпцыю правоў чалавека і мэдыцынскую этыку, яго палажэньні былі ўключаныя ў Канвэнцыю аб правах чалавека і Хэльсынскую дэклярацыю. Стамбульскі пратакол зьяўляецца міжнародным даведачным дапаможнікам як для мэдыцынскіх работнікаў, так і для тых, хто дае ацэнку дзеяньням мэдыкаў, калі іх прымушаюць ігнараваць, скажаць або фальсыфікаваць зьвесткі аб парушэньнях правоў чалавека, у прыватнасьці забарону на ўжываньне катаваньняў. Гэты дакумэнт носіць рэкамэндацыйны характар, аднак ягоная імплемэнтацыя ў Кіргізстане, Армэніі і Малдове значна палепшыла сытуацыю з правамі чалавека і забаронай на катаваньні ў гэтых краінах.
Этычная дылема мэдыкаў, зьвязаная з мэдычнай тайнай
Адзін з галоўных прынцыпаў мэдычнай этыкі – прыватнасьць. У Беларусі ён рэглямэнтаваны арт. 46 закону «Аб ахове здароўя». У Стамбульскім пратаколе адзначаецца, што «абавязак захаваньня канфідэнцыйнасьці не зьяўляецца абсалютным і можа бяз страты для этыкі парушацца ў выключных абставінах, калі ў адваротным выпадку відавочна можа быць нанесеная сур’ёзная шкода людзям або дапушчана гpубае парушэньне правасудзьдзя».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ня мусіць быць крымінальнага перасьледу за інфармацыю, якая складае грамадзкі інтарэс», — прадстаўніца АБСЭ пра вырак Барысевіч і СарокінуТут дарэчы прывесьці прыклад доктара Арцёма Сарокіна, які даў інфармацыю аб стане Рамана Бандарэнкі. Тым самым ён абараніў інтарэсы пацыента і ягоных законных прадстаўнікоў і зьняпраўдзіў хлусьню афіцыйных асобаў, якія хацелі ўтаіць факт жорсткага пабіцьця, што прывяло да сьмерці пацыента. Аднак лекара затрымалі і абвінавацілі ў выдаваньні мэдычнай тайны.
Пры згодзе пацыента або яго афіцыйных прадстаўнікоў мэдычная інфармацыя, якая дазваляе ідэнтыфікаваць асобу пацыента, можа быць агучаная. Паколькі ў гэтым выпадку доктар дзейнічаў у інтарэсах пацыента і справядлівага правасудзьдзя, ягоныя дзеяньні ў маральна-этычных аспэктах у поўнай ступені апраўданыя.
Калі дзеяньні ў адпаведнасьці з законам не адпавядаюць прафэсійнай этыцы
Сапраўдная дылема ўзьнікае тады, калі на мэдыкаў ціснуць, каб атрымаць інфармацыю, якая можа прынесьці шкоду пацыенту.
Асноўны этычны абавязак мэдыка – паважаць свабоду волі, дзейнічаць у інтарэсах пацыентаў, рабіць дабро і пазьбягаць прычыненьня шкоды. Гэтыя меркаваньні вышэйшыя за ўсе іншыя. Кал суд ці ўлады запытваюць такую інфармацыю, лекары павінны прама заяўляць, што яны зьвязаныя прафэсійным абавязкам захоўваць канфідэнцыйнасьць.
На сёньня ў Беларусі вырашыць гэтую дылему падобным чынам немагчыма. Паводле артыкулу 46 закону «Аб ахове здароўя» мэдыкі абавязаны даваць інфармацыю на запыт уладаў, што ва ўмовах палітычнага крызісу можа прывесьці да таго, што пацыенту нанясуць шкоду. Такім чынам, дзеяньні ў адпаведнасьці з законам могуць ісьці насуперак прынцыпам прафэсійнай этыкі.
Ці меў рацыю амапавец, калі скардзіўся на доктара, які пасадзіў яго ў чаргу
Вельмі важны прынцып прафэсійнай незалежнасьці. У Сусьветнай мэдычнай асацыяцыі падкрэсьліваецца, што абавязак лекараў – аказваць дапамогу, “трымаючы поўную незалежнасьць у тэхнічных і маральных адносінах, праяўляючы пры гэтым спачуваньне і павагу да годнасьці чалавека”.
З Такійскай дэклярацыі Сусьветнай мэдыцынскай асацыяцыі і Дэклярацыі аб незалежнасьці і прафэсійнай свабодзе лекара вынікае, што «лекары павінны настойваць на тым, што яны свабодныя ў сваіх дзеяньнях у інтарэсах пацыентаў, нягледзячы на ўсе іншыя меркаваньні, у тым ліку на ўказаньні працадаўцаў, турэмных уладаў ці сілаў бясьпекі”.
Практычна ва ўсіх мэдычных кодэксах ёсьць пастуляты – пазьбягаць прычыненьня шкоды, дапамагаць хворым, не дапускаць паміж пацыентамі ніякіх адрозьненьняў, акрамя тых, наколькі тэрмінова патрэбна дапамога. Аднак праблема этычных прынцыпаў у тым, што ў іх адсутнічаюць дакладныя правілы, таму ёсьць патрэба ў адпаведным тлумачэньні.
Яскравым прыкладам неадназначнага ўспрыманьня сытуацыі зьяўляецца выпадак у Берасьцейскай гарадзкой лякарні ў кастрычніку 2020 году. Доктар ва ўмовах жорсткага дэфіцыту часу аказваў дапамогу цяжкім пацыентам, тады як тыя, хто не патрабаваў неадкладнай дапамогі, чакалі сваёй чаргі. Здавалася б, штатная сытуацыя, калі б сярод іх не апынуўся прадстаўнік сілавых структураў, які запатрабаваў прывілеяў на падставе свайго сацыяльнага статусу. Нягледзячы на пагрозу рэпрэсій, выбар доктара на карысьць больш цяжкіх хворых адпавядае прафэсійнай этыцы. Аднак прадстаўнікі МУС запатрабавалі праверку па гэтым факце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Зламалі дзьве хрыбеткі, білі па вушах і сьпіне» — 2 верасьня лекара жорстка пабілі пры затрыманьні
Этычныя дылемы мэдыкаў, якія працуюць у сілавых структурах
Найпершы абавязак мэдыка – дзейнічаць у інтарэсах пацыентаў, а абавязак мэдыкаў перад грамадзтвам – спрыяць правасудзьдзю і не дапускаць парушэньняў правоў чалавека.
Дылемы, якія вынікаюць з гэтага, найбольш вострыя для мэдыкаў, якія працуюць у органах міліцыі, узброеных сілаў і іншых службаў бясьпекі або ў пэнітэнцыярных установах. Інтарэсы іх працадаўцаў і калегаў, якія не зьяўляюцца мэдыкамі, могуць супярэчыць інтарэсам пацыентаў, якія знаходзяцца пад вартай. Мэдыкаў нельга абавязваць адмовіцца ад прафэсійнай незалежнасьці.
Гэтая сытуацыя ілюструецца выпадкам, калі на падстанцыю хуткай дапамогі патэлефанаваў прадстаўнік ізалятара на Акрэсьціна і абурыўся, што супрацоўнікі «хуткай» спачуваюць арыштаваным. Гэты запіс тэлефоннай размовы дэманструе ня толькі прафэсійную незалежнасьць работнікаў хуткай дапамогі, але і ўскосна сьведчыць пра негуманнае абыходжаньне з арыштаванымі ў гэтай установе.
Лекары павінны дамагацца, каб кожны зьняволены мог прайсьці любы неабходны мэдычны агляд і атрымаць лячэньне. Калі пад вартай непаўналетні, то лекары, апроч іншага, абавязаны выступаць яшчэ і ў якасьці іх абаронцаў, паводле Стамбульскага пратаколу.
У якасьці прыкладу можна прывесьці гісторыю 16-гадовага падлетка, шпіталізаванага ў жніўні пасьля арышту і зьбіваньня, якога мэдыкі былі вымушаныя паўторна зьмясьціць у стацыянар пасьля допыту ў верасьні.
Як лекары не дазволілі сілавікам выкарыстоўваць машыны «хуткай дапамогі» для затрыманьняў
Паводле Стамбульскага пратаколу, лекары абавязаныя зьвяртаць увагу на выпадкі, калі дзеяньні, у якіх яны ўдзельнічаюць, супярэчаць нормам этыкі, маюць негуманны характар, неадэкватныя ці нясуць патэнцыйную пагрозу здароўю пацыентаў, і адкрыта пярэчыць ім.
Так, беларускія мэдыкі катэгарычна пратэставалі супраць выкарыстаньня сілавікамі машын «хуткай дапамогі» для затрыманьня пратэстоўцаў. Мэдычная супольнасьць расцаніла гэты факт як дыскрэдытацыю прафэсіі і выступілі салідарна. На працягу наступных двух месяцаў машыны «хуткай дапамогі» не па прызначэньні не выкарыстоўвалі.
Чаму лекары маюць быць салідарныя з рэпрэсаванымі калегамі
Паводле Стамбульскага пратаколу, работнікі аховы здароўя абавязаны таксама падтрымліваць калегаў, якія выступаюць супраць парушэньняў правоў чалавека. Неаказаньне такой падтрымкі можа ня толькі прывесьці да парушэньня правоў пацыентаў, але і падарваць рэпутацыю мэдыцынскай прафэсіі. А нанясеньне шкоды прафэсійнай годнасьці лічыцца сурʼёзнай прафэсійнай правінай.
Тут варта адзначыць прыклад дырэктараў двух вядучых беларускіх навукова-практычных цэнтраў (кардыялёгіі і дзіцячай анкалёгіі, гематалёгіі і імуналёгіі), якія насуперак ціску і рэпрэсіям падтрымалі свае калектывы і захавалі прафэсійны аўтарытэт і рэпутацыю гуманістычных лідэраў.
Галоўная выснова Надзеі Пятроўскай
Цяпер беларускія мэдыкі выконваюць свой прафэсійны абавязак ва ўмовах працяглага палітычнага крызісу і прававога дэфолту. Ёсьць сурʼёзны дысананс паміж запатрабаваньнямі грамадзтва і мэдычнай супольнасьці ў прыватнасьці і адказам дзяржаўнай сыстэмы, якая рэагуе толькі рэпрэсіўнымі мерамі. Але якія б прынцыпы не навязвала дзяржаўная ідэалёгія, арыентырамі і ўнівэрсальнымі стандартамі для людзей гуманітарных прафэсій павінны заставацца фундамэнтальныя правы і свабоды чалавека.