Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Супраць Лукашэнкі?» Мужчына ў Берасьці ўдарыў мэдыка ў твар. Міліцыя вядзе праверку


Машына хуткай дапамогі. Ілюстратыўнае фота.
Машына хуткай дапамогі. Ілюстратыўнае фота.

Мужчына ў Берасьцейскай гарадзкой бальніцы хуткай мэдыцынскай дапамогі ўдарыў мэдыка па твары.

Відавочцы зьнялі гэты момант на відэа і даслалі ў рэдакцыю Tut.by.

Мяркуючы па відэазапісе, невядомы мужчына лаяўся і казаў мэдыку:

«Чуеш? Супраць Лукашэнкі? Што, не верыш? А ты сёньня лекар? Ты ж учора супраць Лукашэнкі... — пасьля гэтых слоў ён ударыў мэдыка ў твар.

У кадры зьявіўся міліцыянт і адвёў нападніка. Мэдык выглядае разгубленым. Падрабязнасьці канфлікту невядомыя.

Ва УУС Берасьцейскага аблвыканкама TUT.BY пацьвердзілі, што інцыдэнт быў 5 студзеня.

«Па гэтым факце Ленінскі РАУС праводзіць праверку», — распавяла афіцыйны прадстаўнік УУС Натальля Сахарчук.

Што сказаў нападнік

Tut.by адшукаў мужчыну, які ўдарыў лекара. Гэта Мікалай, яму 55 гадоў, жыве ў Берасьцейскім раёне, працуе кіроўцам школьнага аўтобуса. Ён кажа, што 5 студзеня быў у Берасьці п’яны, «упаў на прыпынку, разьбіў галаву».

«Да мяне падышлі два амапаўца — ветлівыя хлопцы, выклікалі хуткую дапамогу. А ў мяне такая палітыка — я за цяперашнюю ўладу, за прэзыдэнта. Чаго ім не хапае? Нармальна ж жывем!»

Мужчына ведае пра пратэсты мэдыкаў у Беларусі, гэтай зьявай ён не задаволены. Распавёў, што ў прыёмным аддзяленьні стаў казаць супрацоўнікам хуткай дапамогі, што ён думае пра гэта і пра Лукашэнку — каб самога не прынялі за тых, хто пратэстуе.

«Яны мне сказалі, за каго ты, за каго?. І сталі мяне тузаць, адзін узяў за шыю! Калі б яны мяне не патузалі, я б нікога не ўдарыў!»

Што ўкладвае мужчына ў слова «тузаць», падрабязьней даведацца не ўдалося.

«Апрацавалі рану, абсьледавалі і адпусьцілі. На другі дзень мне патэлефанаваў участковы і сказаў, што трэба сустрэцца».

Пра тое, што відэа з яго паводзінамі ўжо шырока разышлося, мужчына ведае:

«Мне, вядома, сорамна, няёмка, але ўжо як ёсьць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG