Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Трасуцца рукі, цякуць сьлёзы». Загадчыца аддзяленьня РНПЦ дзіцячай анкалёгіі звольнілася праз сытуацыю ў краіне


Надзея Пятроўская
Надзея Пятроўская

З РНПЦ дзіцячай анкалёгіі, гематалёгіі і імуналёгіі звольнілася загадчыца анкалягічна-гематалягічнага аддзяленьня № 3 (вядома як аддзяленьне для дзяцей старэйшага ўзросту — ад 7 да 18 год) Надзея Пятроўская, паведамляе «Наша Ніва».

Стаж яе працы — 21 год. Доктарку затрымлівалі на пратэставай акцыі мэдыкаў 7 лістапада, далі штраф 25 базавых (675 рублёў).

Са словаў самой Надзеі, яна пайшла на звальненьне, бо ўжо не магла якасна рабіць сваю работу ад хваляваньняў. Пры гэтым, кажа яна, «гэта не палітычны крок», а вымушанае рашэньне.

«Прычына маёй заявы — агульны псыхалягічны фон, сытуацыя ў краіне і ў мэдычнай супольнасьці, вечнае адчуваньне стрэсу. Можа, гэта я такая крохкая, не даю рады, але мне стала эмацыйна цяжка працаваць якасна і засяроджана. Працаваць у аддзеле зь дзецьмі, хворымі на анкалёгію, некаторыя зь якіх сыходзяць, гэта і так маральна цяжка, а тут навалілася... Работа патрабуе вялікай засяроджанасьці, а я не магу, і ўсё!

Трасуцца рукі, цякуць сьлёзы, я ня ўпэўнена ў сваіх дзеяньнях, баюся прыняць няправільнае рашэньне і тым самым нашкодзіць дзеткам больш, чым я нашкоджу ім сваім сыходам. На мяне вельмі цісьне сытуацыя, якая склалася ў краіне і мэдычнай супольнасьці, як гэта ўсё выстаўляюць па тэлебачаньні, які бруд ліюць. Таму я вырашыла звольніцца», — патлумачыла «Нашай Ніве» Надзея.

Па яе словах, вернецца да прафэсіі яна ў іншай палітычнай і псыхалягічнай абстаноўцы. А пакуль упэўненая, што без кавалка хлеба не застанецца. Эміграваць не зьбіраецца.

Надзея кажа, што новая дырэктарка РНПЦ падпісала заяву хутка, утрымаць не спрабавала, пажадала мудрасьці — да яе ў Пятроўскай пытаньняў няма, крыўдаў таксама. Але яна адзначае, што ранейшы кіраўнік, напэўна, змог бы падтрымаць і знайсьці словы, каб матываваць да працягу работы.

Замяніць Пятроўскую, па яе словах, пакуль ёсьць каму.

Агулам у РНПЦ дзіцячай анкалёгіі склалася вельмі напружаная сытуацыя: мэдыкі адкрыта праяўляюць сымпатыі да беларусаў, якія пратэстуюць, у прыватнасьці калегаў-мэдыкаў. Нядаўна ў РПНЦ, насуперак волі пэрсаналу, зьмянілася кіраўніцтва. Работнікі рыхтуюць адкрыты зварот да грамадзтва і ўладаў, некаторыя пішуць заявы на звальненьне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG