Усяго ў той дзень, паводле міліцыі, затрымалі 24 жанчыны, але валянтэры праваабарончага цэнтру «Вясна» гавораць пра 26 пэнсіянэрак. Іх абвінавацілі ў парушэньні закону аб масавых акцыях. Большасьць зь іх пасьля «сутак» на Акрэсьціна ў суботу вызвалілі да судоў і 1 сакавіка некаторых асудзілі: каго на адміністрацыйны арышт, каму далі вялікі штраф. Сёньня ў Заводзкім судзе прайшлі чарговыя працэсы.
«Зразумела канчаткова, што нічога не дакажаш»
Алену Васільеву, пэнсіянэрку, былую выкладчыцу ангельскай мовы ў адным зь менскіх ВНУ, судьдзя Кацярына Мурашка аштрафавала на 50 базавых велічынь, альбо 1450 рублёў. Другі пратакол, складзены на спадарыню Васільеву нібыта за непадпарадкаваньне, суд адправіў на дапрацоўку. Калі будзе суд паводле гэтага пратаколу, невядома.
«Гэта тры мае пэнсіі! І за што? Абсалютна бяздоказна. Бачыла розныя суды, але цяпер канчаткова пераканалася, што правасудзьдзя ў нашым не знойдзеш», — абуралася пасьля працэсу Алена Міхайлаўна.
Паводле жанчыны, міліцыянт, які супраць яе сьведчыў, недакладна ўказаў час і месца яе затрыманьня, хлусіў, што яна нібыта была апранута ў бел-чырвона-белыя колеры, хаця жанчына насіць цёмнае паліто, ды сьцьвярджаў, што сам ён на цывільнай вопратцы меў схаваны надпіс «Міліцыя», які нібыта прадэманстраваў Васільевай пры затрыманьні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Зь людзей працягваюць зьдзекавацца». Пэнсіянэрцы з анкалёгіяй далі 20 сутак за кнігу Васіля Быкава«Разам з адвакатам прапаноўвалі суду праглядзець запісы зь відэакамэр, усталяваных на плятформе, дзе мяне затрымалі, але судзьдзя адмовілася. Тады я канчаткова зразумела, што нічога ім не дакажаш», — сказала пра суд Алена Васільева.
У перапынку паміж паседжаньнямі Алена Міхайлаўна расказала пра ноч і дзень, якія адбыла на Акрэсьціна пасьля затрыманьня.
«Ноч не магла заснуць: матраца і коўдры не далі, у камэры было халодна, ня больш за 14 градусаў, ляжала зь сяброўкай на адным ложку на голых дошках», — згадала Алена Міхайлаўна.
За час, праведзены ў ізалятары на Акрэсьціна, жанчыне, як і іншым яе сукамэрніцам, не прапаноўвалі ежы, а ахоўнікі зь іх кпілі: казалі, што за пратэсты ім нехта плаціць грошы ды абражалі крыўднымі мянушкамі.
У вандроўку на электрычцы Алена Васільева ўзяла томік аповесьцяў Уладзімера Караткевіча. Прызнае, што чытала кнігу падчас паездкі. «Але што з таго? Хіба гэта злачынства?»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як затрымалі і судзілі жанчын зь беларускімі кнігамі«Аблава ў электрычцы»
Жанчына мяркуе, што міліцыянты, якія затрымалі яе ды іншых пэнсіянэрак, рыхтаваліся да гэтага як да спэцапэрацыі.
«У вагоне сядзелі маладзёны, яўна пераапранутыя ў аматараў зімовага лову. Неяк усё ж было заўважна, што яны несапраўдныя рыбакі: буры ў іх зусім новыя, вопратка нават ня ношаная. У мяне сэрца ёкнула, як іх пабачыла. Потым яны за намі выйшлі на прыпынку на Кальварыйскай і пачаліся затрыманьні», — згадала Алена Васільева.
Паводле падлікаў Алены Васільевай ды іншых затрыманых пэнсіянэрак, усяго ў той дзень у «аблаве на электрычцы» было задзейнічана некалькі дзясяткаў міліцыянтаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пэнсіянэрка з электрычкі — аб затрыманьні і Акрэсьціна: «Нам сказалі, што лепш бы мы шкарпэткі вязалі»Калі Раісу Алецкую выводзілі з суду, яна пасьпела сказаць: «Гэта не суд, а пасьмешышча»
Судзьдзя Анастасія Осіпчык разгледзела справу пэнсіянэркі, былога будаўніка Раісы Алецкай. У жанчыны ў торбе знайшлі томік вершаў Янкі Купалы і таксама прыцягнулі да адказнасьці як удзельніцу несанкцыянаванай масавай акцыі з «ужываньнем бел-чырвона-белай вопраткі», як было сказана ў пратаколе затрыманьня.
Паводле валянтэраў праваабарончага цэнтру «Вясна» сьведка-міліцыянт з прозьвішчам Ржэўскі, як і ў справе Алена Васільевай, пераблытаў месца і час затрыманьня Раісы Алецкай і таксама сьцьвярджаў, што яна разам з іншымі актывісткамі нібыта выкрыквала проста ў вагоне «Жыве Беларусь».
Раіса Алецкая гэта адмаўляла. Жанчына падрабязна расказала суду, што зь ёй адбывалася, як села на чыгуначным вакзале ў электрычку, якая накіроўвалася ў бок Ждановічаў. Раіса Іванаўна сядзела каля вакна і чытала кнігу, сказала суду, што нікому не замінала і нічога не выкрыквала, а на прыпынку «Менск-Паўночны» праз вакно ўбачыла на плятформе нейкую мітусьню.
«Мужчына ў вопратцы рыбака дагнаў і паваліў на зямлю жанчыну», — згадала Раіса Алецкая і прызналася, што моцна напалохалася. Тады жанчына вырашыла сысьці з электрычкі раней, чым зьбіралася, у Масюкоўшчыне, але на выхадзе з плятформы да яе падышлі людзі ў цывільным і, не назваўшыся, пацягнулі ў аўтобус.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Справа не ў шантажы». Абвінаваўца Аліна Касьянчык адказала аднаклясьнікам на публікацыю «Свабоды»«Нас, затрыманых было больш за 20 чалавек, усе жанчыны, у асноўным пэнсійнага ўзросту. Потым нас вазілі па горадзе, падвозілі да розных райаддзелаў міліцыі».
Паводле Раісы Іванаўны, яна асабліва запомніла сцэну каля Маскоўскага райаддзела, дзе з аўтобуса вывелі маладую жанчыну, якая была разам з бабуляй 85 гадоў.
«Бабуля за яе гэтак ухапілася, плакала, не хацела адпускаць у міліцыю. Ніколі ў жыцьці ня бачыла, каб чалавек так баяўся міліцыі», — апавядала ў судзе Раіса Алецкая тое, што бачыла з вокнаў міліцэйскага аўтобуса.
У выніку Раісу Алецкую суд пакараў арыштам на 15 сутак. Паводле праваабаронцаў «Вясны», якія прысутнічалі на працэсе, яшчэ да абвяшчэньня судовай пастановы ў залю зайшоў міліцыянт, які потым павёз Раісу Алецкую ў ізалятар на Акрэсьціна.
«Вырак суду быў прадвызначаны», — мяркуюць праваабаронцы. Яны адзначаюць, што такі прысуд не выключала і Раіса Алецкая, якая прыйшла ў суд з торбай рэчаў.
3 сакавіка ў Заводзкім судзе будуць судзіць затрыманых 27 лютага пасажыраў той жа электрычкі Алену Лебядзінскую і Іну Жаковіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ліст 28-мі» альбо як Гарбачоў беларускую мову ратаваў