1 сакавіка пачалі афіцыйна дзейнічаць зьмены ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэньнях, якія апублікавалі ў студзені.
Пратэсты
Судзіць за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях будуць паводле артыкулу 24.23 (замест 23.34). Караць змогуць арыштам, грамадзкімі работамі і штрафамі.
Штрафы налічваюцца ў базавых велічынях, якая на студзень 2021 году складае 29 рублёў.
- да 100 базавых велічыняў для ўдзельнікаў (2900 рублёў);
- да 150 б. в. для арганізатараў;
- да 200 б. в. — за паўторнае парушэньне, удзел за ўзнагароджаньне, для юрыдычных асобаў;
- да 500 б. в. — за ўдзел юрыдычнай асобай за ўзнагароджаньне.
Выкарыстаньне і выраб забароненых сьцягоў і сымбаляў (24.46)
Штрафы
- да 20 б. в. для фізычных асобаў;
- да 40 б. в. для індывідуальных прадпрымальнікаў;
- да 60 б. в. для юрыдычных асобаў;
Выраб прадукцыі з заклікамі да экстрэмісцкай дзейнасьці (19.11)
За выраб, захоўваньне, перавозку і распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі з заклікамі да экстрэмізму
Штрафы
- да 20 б. в. для фізычных асобаў,
- да 50 б. в. для індывідуальных прадпрымальнікаў,
- да 200 б. в. для юрыдычных асобаў.
Непадпарадкаваньне (24.3)
Арышт, грамадзкія работы, штраф да 100 б. в.
Абраза службовай асобы пры выкананьні (24.4)
- Штраф да 30 б. в.
- Публічная абраза, у СМІ ці інтэрнэце — арышт, грамадзкія работы, штраф да 200 б. в.
Уцягненьне непаўналетняга ў антыграмадзкія паводзіны (19.4)
Артыкул дапоўнілі фразай «уцягненьне непаўналетняга ва ўдзел у сходзе, мітынгу, вулічным шэсьці, дэманстрацыі, пікетаваньні, іншым масавым мерапрыемстве, якія праводзяцца з парушэньнем вызначанага парадку».
- Штраф, як і за алькаголь і наркотыкі — да 30 б. в.
Наўмыснае блякаваньне транспартных камунікацый (18.1)
У артыкул дадалі фразу «за блякаваньне ў месцы правядзеньня масавага мерапрыемства або з стварэньнем аварыйнага становішча».
- Штраф да 50 б. в., і могуць забраць правы да 2 гадоў.
Гудкі на акцыях (18.3.4)
Увялі адказнасьць «за парушэньне правілаў карыстаньня гукавымі сыгналамі ў месцы правядзеньня масавага мерапрыемства».
- Штраф да 10 б. в., і яшчэ могуць забраць правы на тэрмін да аднаго году.
Новае пакараньне — грамадзкія работы
- Са згоды пакаранага,
- у вольны ад працы і вучобы час,
- ня больш за 4 гадзіны на дзень,
- агулам ня больш за 60 гадзінаў (і ня менш за 8),
- толькі для людзей ад 18 гадоў да пэнсійнага веку.