Цягам 2020 году, па дадзеных Праваабарончага цэнтру «Вясна», суды ў Беларусі вынесьлі мінімум 103 прысуды ў крымінальных справах, зьвязаных з падзеямі да і пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
У справаздачы праваабаронцаў гаворыцца, што на працягу месяца ўлады працягвалі актыўна ўжываць крымінальны перасьлед грамадзян з палітычных матываў:
- у зьняволеньні знаходзяцца 220 палітвязьняў, іх усё больш. Агульная колькасьць фігурантаў крымінальных справаў у выбарчы і поствыбарчы пэрыяд склала больш за тысячу чалавек, пры гэтым праваабаронцы ведаюць ня ўсе прозьвішчы;
- працягнулася практыка затрыманьняў удзельнікаў мірных дэманстрацый пратэсту і прымяненьня гвалту ў дачыненьні да іх удзельнікаў;
- за ўдзел у сходах на працягу студзеня затрымалі ня менш за 873 чалавек. Вядома пра 489 прыцягнутых да адміністрацыйнай адказнасьці, зь іх 304 чалавек пакаралі арыштамі, 137 — штрафамі;
- не спыняецца ціск на праваабаронцаў. У студзені ўзялі пад варту кіраўніка гомельскага абласнога аддзяленьня ПЦ «Вясна» Леаніда Судаленку і валянтэрку Тацяну Ласіцу, а ў дачыненьні да прадстаўнікоў праваабарончай арганізацыі «Офіс па правах людзей з інваліднасьцю» пачалі праверку ДФР;
- зьмясьцілі пад варту журналіста Андрэя Аляксандрава і яго партнэрку Ірыну Злобіну;
- 15 студзеня Менскі абласны суд паўторна прысудзіў сьмяротнае пакараньне Віктару Скрундзіку.
Экспэрты ПЦ «Вясна» адзначылі працяг узмацненьня рэпрэсій і яшчэ большае пагаршэньне крызісу правоў чалавека ў краіне. Цягам месяца намеціліся тэндэнцыі да яшчэ большага пагаршэньня сытуацыі ў сувязі з магчымым прызнаньнем экстрэмісцкім сымбаля пратэсту — беларускага нацыянальнага бел-чырвона-белага сьцяга.