Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Людзі ў палоне ў аднаго чалавека, які заяўляў пра свае злачынствы». Палітвязьня Дубкова асудзілі на 7 гадоў


Дзьмітры Дубкоў у судзе
Дзьмітры Дубкоў у судзе

Гэта адзін з двух найбольш суворых прысудаў у поствыбарчы пэрыяд. У апошнім слове Дзьмітры Дубкоў параўнаў усіх палітвязьняў з палоннымі.

Суд Савецкага раёну Менску асудзіў палітвязьня Дзьмітрыя Дубкова на 7 гадоў. Яго прызналі вінаватым паводле ч. 3 арт. 214 (крадзеж транспартнага сродку) і ч. 2 арт. 293 (удзел у масавых беспарадках) Крымінальнага кодэксу. Якраз такога пакараньне ў судзьдзі Алены Жуковіч прасіла пракурор Настасься Маліка, піша Праваабарончы цэнтар «Вясна».

Дзьмітры Дубкоў — 29-гадовы дальнабойнік. У ноч з 10 на 11 жніўня ён прысутнічаў на акцыі пратэсту каля станцыі мэтро «Пушкінская» ў Менску. Яго папрасілі перагарадзіць дарогу машынай, што ён і зрабіў.

У апошнім слове Дубкоў параўнаў цяперашняе жыцьцё беларусаў з творам «Фэрма» Джорджа Оруэла. Ён сказаў, што кіраўніка ў «групы» — хоць гэтак кваліфікавала справу сьледзтва — не было. Як не было і выкраданьня транспартнага сродку. Дубкоў сказаў, што адмовіўся ад зьдзяйсьненьня злачынства. Усе свае парушэньні палітвязень лічыць вартымі максымум адміністрацыйнага перасьледу, а ніяк не крымінальнага.

«Я ня згодны з вынікамі выбараў, бо дзяржава дзейнічае ў інтарэсах адной асобы. Я не разумею, чаму гэта адбываецца. Цяпер сотні сядзяць ні за што, і яны знаходзяцца ў палоне ў аднаго чалавека, які заяўляў пра свае злачынствы».

Прысуд Дзьмітрыю Дубкову — самы суворы ў поствыбарчы пэрыяд. Таксама 7 гадоў зьняволеньня прысудзілі Ўладзімеру Гароху ў Наваградку. Яго прызналі вінаватым у падрыхтоўцы «дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак», у горадзе і ў іншых раёнах Горадзенскай вобласьці. Нічога з тых парушэньняў парадку насамрэч зьдзейсьнена не было.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG