Палітзьняволеная Марыя Калесьнікава піша скаргі на ўмовы ўтрыманьня ў менскім СІЗА-1 і на сваю крымінальную справу ў Мін'юст, Генпракуратуру, Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў МУС. Аднак ня ўсе скаргі Марыі даходзяць да інстанцый, паведаміў тэлеграм-канал Каардынацыйнай рады.
Супрацоўнікі СІЗА таксама не перадалі ў Мін'юст зварот Марыі, які яна напісала ў сувязі з пазбаўленьнем ліцэнзіі сваёй адвакаткі Людмілы Казак. Калесьнікава заклікала спыніць «расправу» над «адной з найлепшых адвакатак Беларусі»:
«Пазбаўленьне Людмілы ліцэнзіі — парушэньне майго права на абарону, ціск на мяне і сыстэматычнае супрацьдзеяньне аказаньня мне юрыдычнай дапамогі. Гэта чацьвёрты адвакат, які за гэта падвяргаецца ціску», — перадала Калесьнікава з-за кратаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За тыдзень скасавалі ліцэнзіі ўжо пяці адвакатамСябра Каардынацыйнай рады Марыя Калесьнікава асьцерагаецца застацца зусім без абароны, бо «аказаньне ёй юрыдычнай дапамогі спалучана з рызыкай апынуцца ў турме або пазбавіцца ліцэнзіі». Яна выказала падзяку юрыстам, якія спрабуюць абараніць яе.
«Гэта адвакаты, якія, нягледзячы на пагрозу страты прафэсіі, пагрозу асабістым бясьпецы і свабодзе не перастаюць служыць закону і бліскуча выконваюць свой абавязак. Для мяне гонар, што маёй абаронай займаюцца найлепшыя прафэсіяналы Беларусі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адвакат Людміла Казак зьвярнулася ў Вярхоўны суд і патрабуе скасаваньня адміністрацыйнай справыУ чым абвінавачваюць Калесьнікаву
Марыю Калесьнікаву схапілі на вуліцы Менску 7 верасьня 2020 году і спрабавалі вывезьці зь Беларусі, але на мяжы яна парвала свой пашпарт. Тады яе афіцыйна затрымалі і выставілі абвінавачаньне «ў закліках да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь, учыненых з выкарыстаньнем СМІ і сеткі інтэрнэт».
У канцы сьнежня Генэральная пракуратура завяла супраць Калесьнікавай і іншых сяброў Каардынацыйнай рады крымінальныя справы «па фактах стварэньня экстрэмісцкага фармаваньня і кіраваньня ім з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам».
У лютым Калесьнікаву і аднаго зь яе адвакатаў Максіма Знака абвінавацілі ў «змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам» (ч. 1 арт. 357) і ў «стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня і кіраваньні ім» (ч. 1 арт. 361-1), пакінуўшы пад вартай.
Яшчэ адзін адвакат Калесьнікавай — Ільля Салей — знаходзіцца пад хатнім арыштам. Яшчэ дваіх яе адвакатаў, Аляксандра Пыльчанку і Людмілу Казак, пазбавілі ліцэнзій.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калесьнікава зь СІЗА зьвярнулася да сусьветнай адвакацкай супольнасьці ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зварот у падтрымку адвакаткі Людмілы Казак, якая абараняе Калесьнікаву, падпісалі больш 100 яе калег ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятлана Алексіевіч: «Час ідэалізму мінуў, вясна запатрабуе ад нас жорсткага рэалізму»