25 лютага ў Берасьці абласны суд прызнаў Аляксандра Кардзюкова вінаватым у супраціўленьні асобе, якая ахоўвае грамадзкі парадак, а таксама ў спробе забойства. Судзьдзя Сьвятлана Крамянеўская прысудзіла мужчыну 10 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
Гэта столькі, колькі і прасіў пракурор Генадзь Буры. Сам Кардзюкоў сваёй віны не прызнаў. Кардзюкоў і родныя Шутава заявілі, што будуць абскарджваць прысуд.
Працяг сюжэту Сваякі асуджаных пасьля выраку Шутаву і Кардзюкову: «У судзьдзі і пракурора дрыжэлі рукі». ВІДЭА
Разам з Аляксандрам Кардзюковым вінаватым у непадпарадкаваньні службовай асобе «без прызначэньня пакараньня» прызналі загінулага ў жніўні 2020 году Генадзя Шутава. Яго на працэсе прадстаўляла дачка Анастасія, яна прасіла суд прызнаць бацьку невінаватым. Крымінальную справу па факце гібелі Генадзя Шутава так і не распачалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хацеў стрэліць у перадплечча». На судзе ў Берасьці стала вядома, хто забіў Генадзя ШутаваСуд прайшоў у адкрытым рэжыме, закрытай была толькі частка паседжаньня на другі дзень, дзе агучваліся матэрыялы з «сакрэтнага тома» справы.
Пацярпелымі на працэсе выступілі двое вайскоўцаў мар’інагорскага спэцназу (вайсковая часткі № 89417 Сіл спэцыяльных апэрацый) — прапаршчык Арсеній Галіцын і капітан Раман Гаўрылаў. Паводле матэрыялаў справы і прызнаньняў самога Гаўрылава, менавіта ягоны стрэл зь пісталета Макарава стаў сьмяротным для Генадзя Шутава.
Раман Гаўрылаў (зьлева) і Арсень Галіцын падчас працэсу. Фота: Белсат
Што адбылося
Берасьцеец Генадзь Шутаў загінуў ад агнястрэльнага раненьня, якое атрымаў позна ўвечары 11 жніўня, падчас акцыі пратэсту ў абласным цэнтры. Відавочцам падзей стаў яго сябар Аляксандар Кардзюкоў. Пасьля канфлікту з двума асобамі (на судзе стала вядома, што гэта вайскоўцы-спэцназаўцы Гаўрылаў і Галіцын), які скончыўся для Шутава агнястрэльным раненьнем у патыліцу, Кардзюкову ўдалося ўцячы. Яго затрымалі 14 жніўня. Кардзюкоў пасьпеў расказаць свайму суседу па гаражах, што змог схавацца ад сілавікоў пад бальконам аднаго з дамоў на Маскоўскай вуліцы.
Генадзь Шутаў. Фота: Tut.by
Пасьля затрыманьня Аляксандра Кардзюкова перавялі ў СІЗА № 1 Менску і абвінавацілі паводле часткі 2 артыкула 363 Крымінальнага кодэксу («Супраціўленьне супрацоўніку органаў унутраных спраў альбо іншай асобе, якая ахоўвае грамадзянскі парадак»). Празь некалькі месяцаў абвінавачаньне Кардзюкову перакваліфікавалі на частку 2 артыкула 139 КК — «замах на забойства».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На судзе ў справе Шутава стала вядома, хто загадаў выкарыстоўваць узброеных вайскоўцаў падчас пратэстаўШто стала вядома падчас суду
- На судзе назвалі сапраўднае імя забойцы Генадзя Шутава.
- Расказалі пра падрабязнасьці ўдзелу вайсковага спэцназу ў разгоне пратэстаў.
- Вайскоўцы ў цывільным ня толькі мелі пры сабе зброю, але і ўдзельнічалі ў пратэстах пад выглядам звычайных людзей.
- Вайсковец, які забіў Шутава, падпарадкоўваўся камандзіру АМАП, які быў добра знаёмы з самім Шутавым.
- Працэс быў адкрыты, нягледзячы на хадайніцтвы пракурора і спэцназаўцаў.
- Адзіны цывільны сьведка забойства Шутава не пацьвярджае словаў вайскоўцаў.
Аляксандар Кардзюкоў нарадзіўся ў Кобрыні ў 1979 годзе. Жанаты, разам з жонкай гадуе непаўналетняе дзіця. У 2010 годзе быў асуджаны за хуліганства, адбыў пакараньне ў выглядзе грамадзкіх работ. Да 2011 году працаваў у аўтобусным парку Берасьця, пасьля першага суду займаўся падпрацоўкамі, зьбіраўся зарэгістравацца індывідуальным прадпрымальнікам.
Ахвяры беларускіх пратэстаў. Што важна ведаць
Аляксандар Тарайкоўскі, Аляксандар Віхор, Генадзь Шутаў і Раман Бандарэнка (зьлева направа)
За ўвесь час пратэстаў пры розных абставінах загінулі сама меней 4 чалавекі. Пры гэтым улады і кіраўніцтва МУС ні разу не прызналі, што людзі загінулі ад рук сілавікоў. Гэтыя людзі на сёньня лічацца ахвярамі пратэстаў:
- Аляксандар Тарайкоўскі, 34 гады, Менск, застрэлены сілавікамі на вуліцы Прытыцкага;
- Аляксандар Віхор, 25 гадоў, Гомель, памёр пасьля зьбіцьця ў міліцыі;
- Генадзь Шутаў, 43 гады, Берасьце, застрэлены сілавіком;
- Раман Бандарэнка, 31 год, Менск, пабіты да непрытомнасьці, памёр у шпіталі.
Таксама дагэтуль невядомыя абставіны сьмерці яшчэ некалькіх чалавек. Іх сваякі і сябры лічаць, што яны маглі быць забітыя падчас пратэстаў.
- Мікіта Крыўцоў, 28 год, Жодзіна, знойдзены павешаным;
- Аляксандар Дзямідаў, 25 гадоў, Бараўляны, знойдзены мёртвым;
- Канстанцін Шышмакоў, 29 гадоў, Ваўкавыск, нібыта ўчыніў самагубства;
- Арцём Парукаў, 19 гадоў, Менск, зьбіты машынай.