Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пісталеты ў паясных торбах, маскіроўка пад пратэстоўцаў. Што стала вядома на працэсе па справе Генадзя Шутава


Аляксандар Кардзюкоў на судзе
Аляксандар Кардзюкоў на судзе

У абласным судзе Берасьця 25 лютага чакаецца прысуд па справе Генадзя Шутава і Аляксандра Кардзюкова. Апошняга вінавацяць у супраціўленьні асобе, якая ахоўвае грамадзкі парадак, а таксама ў спробе забойства.

За шклом у залі прысутнічаў толькі Аляксандар Кардзюкоў, бо Генадзь Шутаў памёр ад агнястрэльнай раны ў патыліцу яшчэ ў жніўні, што не перашкодзіла пракурору Генадзю Бураму прасіць суд прызнаць яго вінаватым у непадпарадкаваньні.

Пракурор просіць пакараць Кардзюкова 10 гадамі пазбаўленьня волі.

Сьцісла

  • На судзе назвалі сапраўднае імя забойцы Генадзя Шутава.
  • Расказалі пра падрабязнасьці ўдзелу вайсковага спэцназу ў разгоне. пратэстаў.
  • Вайскоўцы ў цывільным ня толькі мелі пры сабе зброю, але і ўдзельнічалі ў пратэстах пад выглядам звычайных людзей.
  • Вайсковец, які забіў Шутава, падпарадкоўваўся камандзіру АМАП, які быў добра знаёмы з самім Шутавым.
  • Працэс быў адкрыты, нягледзячы на хадайніцтвы пракурора і спэцназаўцаў.
  • Адзіны цывільны сьведка забойства Шутава не пацьвярджае словаў вайскоўцаў.

Вайскоўцы ў цывільным

Генадзя Шутава застрэліў капітан Сіл спэцыяльных апэрацый в/ч 89417 Мар’інай Горкі Раман Гаўрылаў. Пра гэта стала вядома толькі ў залі суду з матэрыялаў справы і паказаньняў самога Гаўрылава.

Раман Гаўрылаў (зьлева) і Арсень Галіцын. Фота: Белсат
Раман Гаўрылаў (зьлева) і Арсень Галіцын. Фота: Белсат

І ён, і яго напарнік, прапаршчык той жа вайсковай часткі Арсеній Галіцын, 11 жніўня знаходзіліся на вуліцах Берасьця ў цывільнай вопратцы па заданьні камандзіра мясцовага АМАПу.

Пры гэтым у жніўні 2020 году МУС сьцьвярджала, што Шутаў быў паранены ў сутычцы зь міліцыянтамі, калі накінуўся на іх з арматурай у руках. Гэта таксама аказалася няпраўдай. Паводле абвінавачваньня, у Генадзя Шутава ў руках не было нічога, кавалак мэталічнай трубы меў пры сабе яго сябар Аляксандар Кардзюкоў.

У першы дзень працэсу Кардзюкоў расказаў, што бачыў, як Шутаў пасьля першага стрэлу апускаецца перад Гаўрылавым на калені, павярнуўшыся да яго сьпінай і заклаўшы рукі за патыліцу. Што было далей, дакладна невядома.

Суд не разглядае абставіны сьмерці Генадзя Шутава. Ні судзьдзя Сьвятлана Крамянеўская, ні пракурор не задавалі Раману Гаўрылаву дадатковых пытаньняў пра гэта. Зь яго прамовы ў першы дзень працэсу вядома, што ён спрабаваў пацэліць Шутаву ў перадплечча, аднак трапіў у патыліцу.

Пісталеты насілі ў паясных сумках, па горадзе перамяшчаліся на тралейбусе

На другі дзень працэсу стала вядома, чым вайскоўцы Сіл спэцыяльных апэрацый займаліся на вуліцах Берасьця 11 жніўня 2020 году. Пра гэта расказалі сам Арсеній Галіцын і Раман Гаўрылаў.

Са словаў вайскоўцаў, у абласны цэнтар з Мар’інай Горкі яны прыбылі яшчэ ў чэрвені 2020 году для ўдзелу ў вайсковых гульнях. Неўзабаве пасьля 9 жніўня групу прыкладна з 20 вайскоўцаў перадалі ў падпарадкаваньне берасьцейскаму АМАПу. Вайскоўцаў падзялілі на невялікія групы па 5–6 чалавек, кожнай зь якіх распараджаўся адзін з амапаўскіх камандзіраў. Пры гэтым вайскоўцы нават ня ведалі дакладна яго званьня і імя. Гаўрылаў і Галіцын свайго камандзіра з АМАПу называлі проста Антонам, сувязь зь ім мелі праз звычайны мабільны тэлефон.

Ужо пазьней з матэрыялаў справы стала вядома, што 11 жніўня спэцназаўцы падначальваліся камандзіру аддзелу АМАПу Берасьця Антону Пракурату, які быў добра знаёмы з загінулым Генадзем Шутавым і Аляксандрам Кардзюковым.

З паказаньняў вайсковага камандзіра Гаўрылава і Галіцына, маёра Лабковіча, стала вядома, што загад накіраваць вайсковы спэцназ «на дапамогу АМАПу» аддаў камандзір Сіл спэцыяльных апэрацый Беларусі, генэрал-маёр Вадзім Дзенісенка. Сам Дзенісенка ў суд не зьявіўся, спаслаўшыся на хваробу. Яго паказаньні зачыталі на закрытым паседжаньні. Зь іх вынікала, што ён дзейнічаў адпаведна загаду міністра абароны Віктара Хрэніна.

Вадзім Дзенісенка
Вадзім Дзенісенка

Як спэцназаўцы маскаваліся ў натоўпе

«Вайскоўцам можна было карыстацца толькі мабільнай сувязьзю, ніякіх спэцсродкаў сувязі ім не выдавалася, — гаварылася ў паказаньнях Лабковіча, дадзеных падчас сьледзтва (сам маёр Лабковіч у залі суду так і не зьявіўся, ён захварэў у першы ж дзень працэсу. — РС). — Таксама я асабіста забіраў вечарам 11 жніўня ў Гаўрылава і Галіцына выдадзеныя ім раней пісталеты Макарава. У абедзьвюх абоймах адсутнічала па два патроны».

Гаўрылаў і Галіцын на другі дзень суду таксама расказалі, што паводле атрыманага ад камандзіра АМАПу Антона (Антона Пракурата, ён у суд таксама не зьявіўся, але даваў паказаньні праз аўдыёсувязь. — РС) заданьня ўдзень 11 жніўня яны спачатку знаходзіліся на пешаходнай вуліцы Савецкай, а бліжэй да вечара паехалі тралейбусам на ўскраіну гораду на вуліцу Маскоўскую.

Пісталет Макарава
Пісталет Макарава

Пры сабе яны мелі пісталеты Макарава, якія насілі ў звычайных паясных сумках. Акрамя гэтага, Арсеній Галіцын расказаў, што, сярод іншага, у іх абавязкі ўваходзіла ўдзельнічаць у пратэстах самім.

«На вуліцы Савецкай мы зьліваліся з натоўпам, пляскалі ў ладкі, крычалі, — расказаў спэцназавец. — Стараліся дзейнічаць так, як і іншыя людзі ў натоўпе».

Сам Антон Пракурат таксама ў гэты час знаходзіўся ў горадзе ў цывільнай вопратцы, пры сабе меў пісталет турэцкай вытворчасьці Canik.

Чаму вайскоўцы вырашылі страляць па людзях

Вэрсіі спэцназаўцаў і абвінавачанага Аляксандра Кардзюкова разыходзяцца. Кардзюкоў прызнае, што ўдзень разам з Генадзем Шутавым яны пілі алькаголь у яго гаражы (паводле матэрыялаў справы, у крыві забітага Шутава было 1,28 праміле. — РС), пасьля чаго вырашылі пайсьці на вуліцу Маскоўскую паглядзець, што там адбываецца.

Кардзюкоў кажа, што па дарозе знайшоў кавалак мэталічнай трубы і ўзяў з сабой для самаабароны. Ля дому № 334 на Маскоўскай вуліцы яны з Шутавым знаходзіліся прыкладна 30 хвілін. Пасьля заўважылі двух маладых людзей і падышлі да іх пагаварыць. У адказ пачулі брудную лаянку і атрымалі штуршкі і ўдары.

«Я ўпаў. Падаючы, ударыў аднаго зь іх трубой па назе, — расказаў Аляксандар Кардзюкоў. — Пасьля ўскочыў. Па нас пачалі страляць, я выкінуў трубу і пачаў уцякаць. Мне ў сьпіну стралялі. Калі б я не ўцякаў, то мяне б застрэлілі гэтаксама, як Шутава».

Па вэрсіі Гаўрылава і Галіцына, Аляксандар Кардзюкоў і Генадзь Шутаў падышлі да іх адмыслова з мэтай распачаць канфлікт, а Кардзюкоў адразу ўдарыў Гаўрылава трубой па галаве, ад чаго той страціў арыентацыю ў прасторы. Вайскоўцы сьцьвярджаюць таксама, што Шутаў уступіў у бойку зь імі, а Кардзюкоў пасьля папераджальных стрэлаў у паветра кінуў мэталічную трубу ў жывот Галіцыну. Вайскоўцы расказваюць пра папераджальныя стрэлы ў паветра.

«Яны падышлі да нас і адразу сказалі „Ну што, усіх зазьнялі?“ — расказаў на працэсе Арсеній Галіцын. — А пасьля Кардзюкоў ударыў Рамана Гаўрылава трубой па галаве».

Вэрсію спэцназаўцаў ускосна абверг прадпрымальнік Уладзімер Лесік, дапытаны на другі дзень працэсу. Ён быў за 30–40 мэтраў ад месца стральбы і паказаў, што ня чуў крыкаў «Стой! Страляць буду», а таксама ня бачыў, як Кардзюкоў наносіць удар спэцназаўцу.

Чаму працэс не закрылі

Так пастанавіла судзьдзя Сьвятлана Крамянеўская. Аб закрыцьці працэсу на другі дзень хадайнічалі пацярпелыя Гаўрылаў і Галіцын. Яшчэ перад пачаткам паседжаньня яны патрабавалі ў сакратаркі пускаць у залю толькі «патрэбных людзей», а на яго пачатку выступілі з хадайніцтвам перад судом. Вайскоўцы сьцьвярджаюць, што атрымалі дзясяткі ананімных пагрозаў у першы дзень суду і непакояцца за ўласную бясьпеку і бясьпеку сваіх родных.

Акрамя спэцназаўцаў, аб частковым закрыцьці суду хадайнічаў пракурор Генадзь Буры.

У выніку судзьдзя Крамянеўская адмовіла ў абодвух выпадках. За закрытымі дзьвярыма чыталі толькі адзін «сакрэтны том» матэрыялаў справы.

Прысуд па справе Генадзя Шутава і Аляксандра Кардзюкова будзе абвешчаны 25 лютага. Пракурор просіць пакараць абвінавачанага 10 гадамі пазбаўленьня волі (максымальна магчымы тэрмін па гэтым артыкуле — пажыцьцёвае зьняволеньне. — РС). Аляксандар Кардзюкоў сваёй віны не прызнае. Крымінальнай справы па факце сьмерці Генадзя Шутава так і не завялі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG