Адпаведныя ўказы пра вузел «Баранавічы» сыстэмы папярэджаньня аб ракетным нападзе пад Ганцавічамі і пра радыёстанцыю ў Вялейцы апублікавалі 16 лютага.
У распараджэньнях, датаваных 12 лютага, гаворыцца пра ўхваленьне папярэдне прапрацаваных зь беларускім бокам праектаў пратаколаў аб выкарыстаньні аб’ектаў.
Тэрміны зьбіраюцца працягнуць на 25 гадоў з моманту падпісаньня і прыняць аўтаматычны працяг на наступныя 5-гадовыя пэрыяды, калі дамову не разарве адзін з бакоў, папярэдзіўшы за год да сканчэньня 5-гадовага пэрыяду. Такі пратакол мае набыць моц ад 31 траўня 2021 году, калі бакі на яго пагодзяцца.
Калі і дзе мае адбыцца падпісаньне новага пратаколу, не паведамляюць. Ранейшыя дамовы дзейнічаюць да 7 чэрвеня 2021 году.
Абодва аб’екты ня лічацца вайсковымі базамі Расеі. Вялейскі вузел сувязі дзейнічае з 1964 году і выкарыстоўваецца для сувязі з атамнымі падводнымі лодкамі, праводзіць радыётэхнічную выведку і «радыёэлектронную барацьбу». Радыёлякацыйную станцыю «Волга» пад Ганцавічамі збудавалі ў 1980-х гадах, але пачалі выкарыстоўваць толькі ў 2003-м для патэнцыйнага выяўленьня балістычных ракет.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як у Беларусі зьявіліся расейскія вайсковыя аб’екты ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Макей прапанаваў адмовіцца ад «нэўтралітэту» ў Канстытуцыі Беларусі. Яго падтрымаў прадстаўнік Генштабу