Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта форма ўмяшаньня ў нашы справы». Экспэрты ацанілі пагадненьне аб супрацы беларускага МУС з «Росгвардией»


Паміж Міністэрствам унутраных справаў Беларусі і Фэдэральнай службай войскаў нацыянальнай гвардыі Расеі заключана пагадненьне аб супрацоўніцтве ў сфэры «дзяржаўнай і грамадзкай бясьпекі». Пагадненьне падпісалі ў канцы лістапада 2020 году, зьвесткі пра яго на Нацыянальным інтэрнэт-партале зьявіліся толькі 18 сьнежня. Экспэрты адзначаюць, што якраз на гэты час прыпадаюць надзвычай жорсткія дзеяньні беларускіх сілавікоў супраць мірных дэманстрантаў, і задаюцца пытаньнем, ці ня дасьць гэтая дамова Расеі магчымасьць умяшацца ва ўнутраныя справы Беларусі.

Акурат гэтага асьцерагаецца доктар юрыдычных навук, прафэсар, былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду Беларусі Міхаіл Пастухоў. Ён лічыць, што такая магчымасьць рэальная. Экспэрт адзначыў, што сярод формаў супрацы МУС Беларусі і «Росгвардии» на першых пазыцыях такія, як рыхтаваньне кадраў і сумесныя вучэньні.

«Сумесныя вучэньні спэцслужбаў — гэта цалкам закрытыя мерапрыемствы, пра якія грамадзтву робіцца вядома ці пасьля іх, ці ўвогуле ніколі. Апошнімі месяцамі было шмат размоваў пра ўдзел расейскіх сілавікоў у разгоне мірных акцыяў на вуліцах беларускіх гарадоў. Падазрэньні ёсьць, але доказаў няма і законнай базы не хапала. Дык вось у рамках гэтага пагадненьня такі ўдзел робіцца цалкам магчымым. Ім цяпер ня трэба ўводзіць нейкіх вялікіх частак, якія будуць прыкметныя. Некалькі соцень спэцыялістаў у балаклавах — і справа зробленая», — мяркуе Міхаіл Пастухоў.

На думку экспэрта, пункт пагадненьня пра сумесную падрыхтоўку кадраў таксама небясьпечны, найперш для сувэрэнітэту краіны.

«Падрыхтоўка беларускіх праваахоўнікаў спэцыялістамі „Росгвардии“ — гэта шлях да фармаваньня прарасейскай калёны ў нетрах праваахоўнай сыстэмы Беларусі. На маю думку, такая пятая калёна ўжо дзейнічае, а цяпер ёй для росту даюць новыя магчымасьці», — кажа Міхаіл Пастухоў.

Ён лічыць, што пагадненьне паміж МУС і «Росгвардией» да падпісаньня мусіла прайсьці праз парлямэнцкае абмеркаваньне, бо яно непасрэдна датычыцца палажэньняў Канстытуцыі аб нацыянальнай бясьпецы.

«Ёсьць падстава біць у званы, бо такое пагадненьне — форма ўмяшаньня ў нашы ўнутраныя справы», — мяркуе прафэсар Міхаіл Пастухоў.

Гвардзейцы патрулююць вуліцу ў Маскве
Гвардзейцы патрулююць вуліцу ў Маскве

«На падставе асабістых стасункаў паміж дыктатарамі»

У пагадненьні МУС Беларусі з «Росгвардией» бакі дамовіліся таксама супрацоўнічаць у «сумеснай барацьбе з тэрарызмам і экстрэмізмам», «ахове маёмасьці фізычных і юрыдычных асобаў», «сілавой падтрымцы для супрацьдзеяньня злачыннасьці» ды ў іншых кірунках.

Паводле 4-га разьдзелу дамовы для дапамогі аднаго боку другому ад яго мусіць паступіць адпаведны запыт. Аднак прадугледжана і тое, што бок, які аказвае дапамогу, выступае з уласнай ініцыятывай, якую афармляе ў пісьмовай форме не пазьней як праз тры дні. Ці азначае гэта, што часткі войскаў «Росгвардии» могуць зьявіцца на тэрыторыі Беларусі нават без узгадненьня з МУС Беларусі?

Кіраўнік парталу «Belarus Security Blog» Андрэй Паротнікаў такую магчымасьць выключае, але нагадвае, што адносіны паміж кіраўніцтвам Беларусі і Расеі рэгулююцца ня толькі пагадненьнямі.

«Гэта пагадненьне паміж ведамствамі, а пытаньні ўводу войскаў у паўнамоцтве нават ня ўраду, а кіраўніцтва краіны. Але зазначу, што, як відаць з практычных крокаў, у Расеі такія дзеяньні, як увод войскаў нацгвардыі, рэгулююцца не падобнымі адкрытымі пагадненьнямі, а тэлефонным правам. Гэта значыць, калі Лукашэнка тэлефануе Пуціну і гістэрычна просіць дапамагчы, ніякіх пагадненьняў для гэтага не спатрэбіцца. Калі сапраўды сытуацыя будзе выходзіць з-пад кантролю, ніхто ня будзе зьвяртаць увагу ні на якія праўныя дакумэнты і абгрунтаваньні. Расея гэта адназначна паказала ва Ўкраіне», — мяркуе Андрэй Паротнікаў.

Таксама экспэрт прапануе ўлічваць тое, што паміж Беларусьсю і Расеяй могуць існаваць закрытыя пагадненьні.

«Прыкладам, нядаўна Лукашэнка ўхваліў плян выкарыстаньня рэгіянальнай групоўкі войскаў Беларусі і Расеі, а ў той групоўцы ня толькі вайсковыя адзінкі, але і часткі ўнутраных войскаў, часткі нацгвардыі Расеі. Такі плян ёсьць, але ён сакрэтны, пра яго нам нічога невядома. Другое, нельга выключаць, што няма сакрэтных пагадненьняў і паміж ведамствамі дзьвюх краін. Наагул жа варта не забываць, што падзеі на постсавецкай прасторы вельмі часта разьвіваюцца на падставе ня нейкіх праўных дакумэнтаў, а асабістых стасункаў паміж дыктатарамі», — мяркуе экпэрт у пытаньнях бясьпекі Андрэй Паротнікаў.

Кіраўнік «Росгвардии» Віктар Золатаў на прыёме ў Пуціна ў траўні 2020 году
Кіраўнік «Росгвардии» Віктар Золатаў на прыёме ў Пуціна ў траўні 2020 году

Фэдэральная служба войскаў нацыянальнай гвардыі Расеі ўтворана ў красавіку 2016 году на базе частак унутраных войскаў Расеі. Дырэктарам «Росгвардии» прызначаны генэрал арміі Віктар Золатаў, які у 1990-я гады быў ахоўнікам Уладзіміра Пуціна, тады віцэ-мэра Санкт-Пецярбургу. У канцы 2020 году незалежныя мэдыя ў Расеі апублікавалі дасьледаваньні аб імавернай датычнасьці Віктара Золатава да маштабнай карупцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG