«Прэзыдэнт пачаў гаварыць абсалютна пра іншае». Пагаварылі з Жаннай Тарасевіч, пасьля выступу якой Лукашэнка атакаваў бізнэс

Старшыня Бізнэс-саюзу прадпрымальнікаў і наймальнікаў Жанна Тарасевіч. Фота з сайту Усебеларускага народнага сходу.

Старшыня Бізнэс-саюзу прадпрымальнікаў і наймальнікаў Жанна Тарасевіч не шкадуе, што яе выступ выклікаў рэзкую рэакцыю з боку Аляксандра Лукашэнкі. Яна сьцьвярджае, што яе выступ быў накіраваны на стварэньне, а не на разбурэньне.

Як адрэагаваў Лукашэнка?


Пасьля выступу на Ўсебеларускім народным сходзе кіраўніцы Бізнэс-саюзу прадпрымальнікаў і наймальнікаў Жанны Тарасевіч, якая расказала пра бюракратычныя бар’еры для прадпрымальнікаў, акрэсьліла пэўныя праблемы бізнэсу, слова ўзяў Аляксандар Лукашэнка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Будзем выразаць гарачым жалезам». Лукашэнка выказаўся пра бізнэс і Бабарыку

Ён заявіў, што «дзяржава перад бізнэсам на калені ня стане», абвінаваціў бізнэс у працы «на разбурэньне дзяржавы», назваў бізнэсоўцаў «мярзотнікамі», паабяцаў, што іх будуць душыць, іпэшнікаў «прывядуць у прытомнасьць», загадаў «спыніць рабунак зь лёгкай рэгістрацыяй бізнэсу» і прыгразіў, што «гарачым жалезам будзе выразаць такіх бізнэсоўцаў».

Вось што кажа па выніках свайго ўдзелу ва Ўсебеларускім народным сходзе сама Жанна Тарасевіч.


«Я не лічу, што выступіла рэзка»


— Спадарыня Жанна, не шкадуеце, што выступілі на Сходзе? Бо ваш выступ выклікаў такую рэзкую рэакцыю кіраўніка дзяржавы?

— Я не лічу, што выступіла рэзка. Я працую ў Саюзе ўжо 20 гадоў. І ў сваім выступе казала, што Саюз працуе на мэты разьвіцьця і падтрымкі бізнэсу. Калі заснавальнік нашага Саюзу Макс Самуілавіч Куняўскі быў жывы, мы для сябе прыдумалі дэвіз: «Мы для прадпрыемстваў, а не прадпрыемствы для нас». Таму гэта не мая асабістая думка, гэта супольная думка сяброўскіх арганізацый. І мы з гэтымі прапановамі выступалі неаднаразова.

Калі мне было прапанавана выступіць на УНС, былі розныя думкі сябраў Саюзу: удзельнічаць, ня ўдзельнічаць. Бо наш Саюз заўсёды займаў канструктыўную пазыцыю, і ня важна, якая ўлада. Сёньня Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка пры ўладзе, заўтра будзе Іваноў, Пятроў ці Іванова, Сідарава. Калі праблемы будуць існаваць, Саюз заўсёды будзе займаць такую пазыцыю. Мы раіліся на радзе праўленьня і вырашылі скарыстацца гэтай пляцоўкай.

І мэта майго выступленьня была — акрэсьліць праблемы, якія хвалююць бізнэс-супольнасьць. Мой выступ якраз быў накіраваны на стварэньне: ня хто вінаваты, а што рабіць. Але рэакцыя была крыху іншая. Высновы можна зрабіць і з гэтай рэакцыі таксама.

— І што вы прапанавалі рабіць?

— Пазыцыя, якую я агучыла, — ня новая пазыцыя. Прапановы па пэнсійнай рэформе мы распрацоўвалі з 2013 году, аналітыку па падатках мы робім пастаянна. Казала пра неабходнасьць гарантаваць магчымасьць усім аб’ектам эканомікі працаваць у празрыстых, роўных і аднолькава зразумелых умовах. Казала пра бюракратыю. І наагул, усе гэтыя пытаньні ляжаць на паверхні, яны проста былі сыстэматызаваныя і вынесеныя на сход. Калі быў заклік да таго, што «давайце будзем гаварыць сумленна і шчыра», — я выступіла з сумленнымі і шчырымі прапановамі, як сёньня бізнэс бачыць сытуацыю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму Лукашэнка абрынуўся на прыватны бізнэс

Што да рэакцыі кіраўніка дзяржавы, я мяркую, што гэта была нават не рэакцыя на мой выступ, а рэакцыя на другі бок. Яго абурыў заробак у канвэртах. Так, ён ёсьць. Але трэба ж разглядаць прычынна-выніковыя сувязі: высокія падаткі, высокія абавязковыя адлічэньні ў ФСАН, і чаму людзі сыходзяць. Я казала пра тое, што трэба крыху зьніжаць нагрузку, і тады людзі ня будуць плаціць заробак у канвэртах. Дарэчы, якраз сумленны бізнэс — не за зарплату ў канвэртах. І сябры нашага Саюзу падымаюць гэтае пытаньне, таму што многія сумленныя бізнэсоўцы бяруць на працу інвалідаў, карыстаюцца грамадзянска-прававымі дамовамі, шукаюць, як крыху зьнізіць нагрузку.

Я пачала гаварыць пра гэтыя праблемы — а прэзыдэнт чамусьці пачаў гаварыць абсалютна пра іншае. Вось і атрымалася такая сытуацыя.

Чыноўнік павінен не выкрываць і караць, а стаць кансультантам і дарадцам для бізнэсу

— А што тычыцца бюракратычных бар’ераў, пра якія вы казалі?

— Што тычыцца бюракратыі, сёньня чыноўніку сапраўды лягчэй сказаць «не», чым сказаць «так». Атрымліваецца, што чыноўнік кажа: «Прынясі мне яшчэ адну даведку, пайдзі яшчэ папрацуй над дакумэнтамі». Магчыма, чыноўнік думае: калі ён хутка падпіша і скажа «так», яго могуць абвінаваціць у карупцыі, чаму, маўляў, Іванову сказаў «так», а Сідараву «не». І не заўсёды чыноўнікі гатовыя пачуць бізнэсоўцаў

Мы езьдзілі шмат па рэгіёнах, і простыя людзі казалі: «Я не пасьпеў адкрыцца, як прыйшоў пажарны, санстанцыя ці яшчэ хто. Я яшчэ ні рубля не зарабіў. Але ж да мяне не прыйшоў прадстаўнік улады і не запытаўся: „Чым табе дапамагчы? Можа, ты чагосьці ня ведаеш?“».

Нават калі правяраючы прыйшоў, мы ж гаворым аб прафіляктыцы. Няхай бы прыйшоў і сказаў: «Давай я табе дапамагу, падкажу, дзе правільна паставіць дзьверы, вакно, каб не было пытаньняў».

Вось тут трэба прыбіраць бюракратыю, каб бізнэсовец не баяўся правяраючага. Правяраючы павінен быць як доктар: мне баліць — я прыйшла і запыталася, што мне можна, вітаміны, лекі. Так і чыноўнік павінен дапамагаць. Няважна, ён будзе правяраючы, кантралёр, ён будзе прымаць нейкія кіроўныя рашэньні, ён будзе выдзяляць зямлю — ён павінен быць найперш кансультантам і дарадцам для бізнэсу, а ня проста правяраючым, каб прыйсьці, выкрыць і пакараць.

Бо часам гэты дыялёг бізнэсу ў адносінах да ўлады атрымліваецца такі інэртны таму, што бізнэс не давярае: прыйшоў правяраючы — значыць, мяне зараз пакараюць, напішуць прадпісаньне, аштрафуюць ці наагул прыкрыюць мой аб’ект. Вось такога быць не павінна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто такі бізнэсовец Генадзь Кірэйкаў, пра затрыманьне якога паведамілі беларускія СМІ


«Я гатовая адказваць за кожнае сваё слова»


— Як толькі Аляксандар Лукашэнка ўзгадаў «адну гандлёвую сетку», не называючы яе, СМІ «вылічылі», што маецца на ўвазе «Грын», і паведамілі пра затрыманьне яе заснавальніка Генадзя Кірэйкава.

— Што да гандлёвай сеткі «Грын» — нічога не магу пракамэнтаваць, яна не зьяўляецца сябрам нашага саюзу.

Аднак што да сяброўскіх нашых арганізацый, іх праблем і пытаньняў, што я падымала, — я гатовая адказваць за кожнае сваё слова. І пра бюракратыю, пра сьметніцы, якія стаяць ня ў тым куце, у якім трэба. Гэта рэальныя праблемы рэальных кампаній.

Я падымала праблемы прыватных мэдычных кампаній — падвойнага цэнаўтварэньня, рэгуляваньня цэнаў у стаматалёгіі. Навошта рэгуляваць цэны на, умоўна кажучы, керамін ці цырконій — гэта якраз больш для багатых. Навошта гэтыя тарыфы ўсталёўваць? Калі практычна кожны можа паставіць зубы «па кішэні» за невялікую плату ў дзяржаўных паліклініках.

Гэта былі рэальныя прыклады, што трэба ўдасканаліць, каб былі інвэстыцыі і каб яны заставаліся ў краіне

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 9 рэзыдэнцый, Tesla і Maybach: Дзе жыве, на чым езьдзіць і лятае Лукашэнка