«Наколькі я ведаю, яны плянуюць прадставіць канчатковую справаздачу ў сакавіку, і ім былі дадзеныя адпаведныя дакумэнты для разгляду. У склад камісіі ўваходзіць і прадстаўнік Украіны. Мы спадзяёмся і на абʼектыўную ацэнку, і на адпаведную рэакцыю нашых суседзяў у сувязі з гэтай місіяй і ў цэлым у сувязі з сытуацыяй Беларускай АЭС», — сказаў Павал Латушка ў часе онлайн-абмеркаваньня тэмы «БелАЭС: выратаваньне Ўкраіны ад блэкаўту ці фінансаваньне рэжымаў Лукашэнкі і Пуціна».
Паводле яго, насуперак афіцыйным заявам аб энэргетычнай незалежнасьці, з увядзеньнем БелАЭС Беларусь яшчэ больш павялічвае сваю фінансавую і ядравую залежнасьць ад Расеі.
«Пытаньне акупнасьці таксама праблематычнае ў сувязі з тым, што краіны Балтыі і Эўразьвязу адмаўляюцца набываць беларускую электраэнэргію», — дадаў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна аднавіла пастаўкі беларускай энэргіі. Дэпутаты парлямэнту супрацьЛатушка таксама лічыць, што Ўкраіна, прымаючы пастаўкі беларускай электраэнэргіі, ня толькі наўпрост фінансуе Аляксандра Лукашэнку і рэпрэсіі беларусаў, але і ўзмацняе сваю энэргетычную залежнасьць ад Расеі, якая фінансуе будаўніцтва станцыі.
«Фактычна, набываючы энэргію з атамнай станцыі, вы наўпрост фінансава падтрымліваеце нелегітымны рэжым, аплачваючы яго прывідны, стратны і заведама нявыгадны для беларускага народу і краіны праект. Фактычна вы павялічваеце і рызыкі Ўкраіны ад выкарыстаньня атамнай электрастанцыі ў суседняй дзяржаве, фінансуючы небясьпеку для Ўкраіны. І гэтыя сродкі ідуць на стварэньне большых рызыкаў. Зноў жа, вы ўскосна фінансуеце і спансуеце дручкі, якімі сёньня зьбіваюць братэрскі для Ўкраіны беларускі народ. І мы тут ня бачым ніякай двухсэнсоўнасьці», — заявіў Павал Латушка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Да 25% энэргіі зь першага энэргаблёку беларускай АЭС». Колькі энэргіі Ўкраіна купляе ў БеларусіУкраіна ня мае паставак наўпрост зь БелАЭС
Прэзыдэнт цэнтру глябалістыкі «Стратэгія ХХІ» Міхайла Ганчар падкрэсьліў, што Ўкраіна набывае электраэнэргію з абʼяднанай энэргетычнай сыстэмы Беларусі, а не зь БелАЭС. «Няма ніякага імпарту наўпрост зь Беларускай АЭС. Гэта тэхнічна немагчыма, улічваючы колькасьць энэргаліній», — патлумачыў экспэрт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна не падоўжыла забарону на пастаўкі энэргіі зь Беларусі і Расеі. Што гэта значыцьУ той жа час Міхайла Ганчар прызнаў, што існуюць пытаньні да бясьпекі Беларускай атамнай электрастанцыі.
«БелАЭС зараз уводзіцца паскоранымі тэмпамі. Да станцыі ёсьць шмат пытаньняў — і да якасьці канструкцыяў, і да рэактарнай сталі. Таму я не выключаю, што найбліжэйшым часам пасьля падпісаньня ліцэнзіі і допуску ўжо да прамысловай эксплюатацыі і поўнамаштабнага падключэньня да энэргасеткі будуць і адключэньні, і непаладкі, бо, як мы бачым, усё адбываецца ў такім штурмавым рэжыме. І гэта насьцярожвае», — дадаў ён.
Ці вернуцца ў Кіеве да забароны беларускай электраэнэргіі
Дэпутатка Вярхоўнай Рады Ўкраіны Іна Соўсун (фракцыя «Голас») паведаміла, што парлямэнцкі галіновы камітэт ужо разгледзеў праект закону, які дазволіць забараніць пастаўкі электрычнай энэргіі з Расеі і Беларусі, як гэта было летась.
«Калі ён будзе вынесены на разгляд у сэсійную залю, сказаць цяжка, але я рызыкну выказаць здагадку, што ў залю ён трапіць толькі пасьля завяршэньня ацяпляльнага сэзону», — мяркуе дэпутатка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Палітычнае пытаньне не абмяркоўвалася, а забароны няма». Прэм’ер Украіны пра пастаўкі электраэнэргіі зь БеларусіІна Соўсун патлумачыла, што цяпер пастаўкі імпарту абумоўленыя скарачэньнем магутнасьцяў блёкаў украінскіх АЭС і іншых электрастанцый на тле павелічэньня спажываньня электраэнэргіі ў сувязі з умовамі надвор’я.
Колькі Ўкраіна выкарыстала энэргіі зь Беларусі
Паводле інфармацыі нацыянальнай энэргетычнай кампаніі «Укренерго», у студзені Ўкраіна атрымала зь Беларусі 180,6 мільёна кіляват-гадзін, яшчэ 0,01 мільёна кіляват-гадзін — у межах тэхналягічных ператокаў, зьвязаных з тым, што пакуль што ўкраінская энэргасыстэма інтэграваная з сыстэмамі Расеі і Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусі ўпершыню давялося скарыстацца аварыйнай дапамогай Украіны праз адключэньне БелАЭСАбʼём аварыйнай дапамогі Ўкраіне зь Беларусі ў студзені склаў 3,13 мільёна кіляват-гадзін, у той час як Беларусі спатрэбілася 0,01 мільёна кіляват-гадзін украінскай электраэнэргіі, каб збалянсаваць працу беларускай энэргетычнай сыстэмы пасьля аварыйнага адключэньня блёку БелАЭС.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гандлёвага эмбарга няма». У Кіеве ня бачаць падставаў адмаўляцца ад гандлю зь Беларусьсю ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік Мінэнэрга Ўкраіны: «Мая задача — тэрмінова выйсьці з аб’яднанай энэргасыстэмы Беларусі і Расеі»