«Зь Беларусьсю ў нас, на жаль, на заканадаўчым узроўні ня ўхвалены адпаведны закон, які б урэгуляваў усе гэтыя пытаньні. Пастаўкі электраэнэргіі зь Беларусі тэхнічна магчымыя, ніякіх абмежаваньняў няма, у нас ёсьць адпаведны ператок, 900 мВт, і пры неабходнасьці Ўкраіна можа імпартаваць. Нашыя электрычныя сеткі дапаўняюць адна адну, таму гэтая опцыя застаецца адкрытай», — сказаў Дзяніс Шмыгаль у інтэрвію агенцтву «Інтерфакс-Україна».
Кіраўнік украінскага ўраду дадаў, што пакуль пытаньне палітычнай мэтазгоднасьці энэргапаставак зь Беларусі не абмяркоўвалася.
У канцы 2020 году стала вядома, што нацыянальная энэргетычная кампанія «Укренерго» правяла некалькі аўкцыёнаў, па выніках якіх чатыры найбуйнейшыя ўкраінскія трэйдэры выкупілі амаль палову даступных магутнасьцяў, каб аднавіць у 2021 годзе энэргапатокі паміж Беларусьсю і Ўкраінай.
Паводле ўкраінскіх СМІ, найбуйнейшым пакупніком беларускай электраэнэргіі са студзеня 2021 году стала прадпрыемства ўкраінскага алігарха Віктара Пінчука «Дніпросталь-Енерго», якое атрымала магчымасьць атрымліваць кожны дзень зь Беларускай АЭС да 60 мэгават-гадзін.
У той жа час 18 студзеня стала вядома, што Беларусь вымушаная была прасіць на камэрцыйных умовах аварыйную дапамогу электраэнэргіяй з Украіны, каб стабілізаваць працу энэргетычнай сыстэмы ў сувязі з адключэньнем 16 студзеня першага блёку Беларускай АЭС. Дапамога трывала 18 хвілінаў.