Быў за тамаду на вясельлях сілавікоў, вёў стрымы з пратэставых акцый. Хто такі блогер Сяргей Пятрухін

Сяргей Пятрухін, архіўнае фота

11 лютага ў Кастрычніцкім раённым судзе Магілёва пачынаецца працэс над блогерам зь Берасьця Сяргеем Пятрухіным. Блогера вінавацяць адразу паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: 342 («арганізацыя альбо падрыхтоўка масавых беспарадкаў), 369 («абраза прадстаўніка ўлады») і 391 («абраза судзьдзі»).

Як лічаць праваабаронцы, абвінавачаньні наўпрост зьвязаныя зь дзейнасьцю Пятрухіна як відэаблогера, які шмат гадоў паведамляў пра карупцыю ў горадзе і рэзка выказваўся аб сацыяльных праблемах рэгіёну.

Зь сельскага клюбу на YouTube

Берасьцейскі праваабаронца Раман Кісьляк успамінае, як Сяргей Пятрухін расказваў, што раней працаваў у сельскім клюбе.

«Ён чалавек зь вялікім гумарам, і гэта адразу вылучае і яго і ягоную працу», — мяркуе Раман Кісьляк.

Пасьля Пятрухін працаваў на радыё, займаўся рэклямай, а таксама зарабляў як тамада на карпаратывах і вясельлях.

«Казаў, што даводзілася працаваць на вясельлях у правахоўнікаў і судзьдзяў — людзей, якія выносяць прысуды, прымаюць рашэньні пра лёс іншых. А гэта на іх вельмі псыхалягічна цісьне. І ён апавядаў пра такія моманты і як на яго гэта паўплывала», — згадвае Раман Кісляк.

У 2014 годзе Сяргей Пятрухін зьняў паўгадзінны ролік пра сваё змаганьне з ЖЭСам № 4 у Берасьці, які стаў вельмі папулярным у горадзе. Ягоны канал «Народный репортёр» на YouTube праглядзелі больш за 900 тысяч чалавек.

Да блогера сталі зьвяртацца жыхары гораду, якія не маглі даць рады праблемам у афіцыйных установах.

Так, Сяргей Пятрухін зрабіў сюжэт пра высяленьне сям’і з дома ў цэнтры гораду. Пазьней гэты ўчастак атрымаў чыноўнік. На Сяргея Пятрухіна завялі крымінальную справу аб паклёпніцтве, якая то спынялася, то зноў аднаўлялася.

«Не хачу, каб ў такой краіне жылі мае дзеці»

«Калі ўзяўся за „Народнога репортёра“, я зразумеў, што законы не працуюць. Я проста ашалеў. Любога чалавека можна выселіць, забраць у яго ўсё, што хочаш, падмануць. Я проста зразумеў, што не хачу, каб у такой краіне жылі мае дзеці», — дзяліўся блогер думкамі з журналістам Tut.by.

У 2016 годзе блогер яшчэ верыў у магчымасьць палепшыць парадак у краіне праз Палату прадстаўнікоў. Але спроба стаць дэпутатам ня спраўдзілася, а Сяргей зазнаў моцны ціск. У блогера шмат разоў праводзілі ператрусы, забіралі тэхніку, выклікалі ў міліцыю.

«Калі стану дэпутатам, у мяне будуць іншыя паўнамоцтвы, большы доступ да тых тэмаў, якія цікавяць», — казаў Пятрухін

За 2018 год Сяргея Пятрухіна некалькі разоў арыштоўвалі, ён адбыў за кратамі 23 дні, атрымаў некалькі вялікіх штрафаў. Блогер падлічыў, што яго аштрафавалі агулам больш як на 3,5 тысячы эўра. Выплаціць штрафы не ўдалося б, каб не грашовая дапамога жыхароў гораду, найперш паплечнікаў у супрацьстаяньні акумулятарнаму заводу, які ўлады Берасьця дазволілі пабудаваць проста каля гораду.

Гэта, бадай што, самы гучны пратэставы праект, у якім удзельнічаў Сяргей Пятрухін. Падчас пратэстаў супраць будайніцтва акумулятарнага заводу да каналу «Народный репортёр» далучыўся іншы вядомы актывіст — Аляксандар Кабанаў. Яны разам праводзілі расьсьледаваньні дзейнасьці і будаўніцтва прадпрыемства.

Аляксандар Кабанаў, Вольга Мікалайчык і Сяргей Пятрухін на ўручэньні прэміі «За мужнасьць» імя Віктара Івашкевіча 21 сакавіка 2019 году

«Затрымліваць прыехалі на 9 машынах»

У 2019 годзе Сьледчы камітэт завёў на Сяргея Пятрухіна новую крымінальную справу — за паклёп на ўчастковага міліцыянта. Блогер віны не прызнаў і сваёй грамадзянскай актыўнасьці не спыніў.

«Усе чыноўнікі прызначаныя, народных дэпутатаў няма, улада рэдка рэагуе на спадзевы людзей», — казаў Сяргей Пятрухін журналісту інтэрнэт-выданьня «Салідарнасьць».

16 чэрвеня 2020 Пятрухіна затрымалі ў вёсцы Востраў пад Пухавічамі. Затрымліваць блогера прыехалі на 9 аўтамабілях, было больш за 20 праваахоўнікаў, прыгадвае актывістка руху «Маці 328» Алена Кузьміна, на лецішчы якой тыдзень жыў Сяргей Пятрухін.

«Сяргей прыехаў дарабляць фільм пра нашу ініцыятыву. Яны пачыналі здымаць яго яшчэ ў траўні зь Ціханоўскім, але не пасьпелі, — расказвае Алена. — Першы раз міліцыянты прыйшлі па яго, але я не пусьціла на ўчастак, сказала, што яго няма. Але міліцыянты па полі падпаўзлі да плоту і паставілі падслушку. Гэта бачыў сусед. Так яны высьветлілі, што Пятрухін у нас, і зноў прыехалі, ужо зь нейкай паперай».

Сяргей Пятрухін, 2019 год

Алена Кузьміна апавядае, як затрымлівалі Пятрухіна:

«Заходзяць, крычаць, каб выйшаў да іх. А ён чалавек такі, што заўсёды з гумарам. Іншы б разгубіўся, пабачыўшы, што па яго прыехала столькі міліцыянтаў, а ён толькі расьсьмяяўся: „Ого, — кажа, — колькі вас на мяне аднаго — аблава!“».

Паводле Алены Кузьміной, міліцыянтаў хапіла акружыць увесь участак.

«Як Сяргей да іх спусьціўся з другога паверху, адразу моцна схапілі за абедзьве рукі і не адпускалі, нібыта можна было ад іх уцячы. Забралі ягоны заплечнік і павезьлі некуды», — згадала Алена Кузьміна.

«На працэс прыйшлі б сотні людзей»

Вядома, што з Пухавіцкага раёну затрыманага Сяргея Пятрухіна адвезьлі ў Кобрынь, а пасьля ў ізалятар у Менск. У студзені стала вядома, што абодвух блогераў, Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава, перавезьлі ў Магілёў і суд правядуць там.

Сяргей Пятрухін на судзе за абразу міліцыянта ў красавіку 2019 году. Яго тады пакаралі амаль на 15 тысяч рублёў

Праваабаронца зь Берасьця Ўладзімер Вялічкін зьвязвае гэта з папулярнасьцю Сяргея Пятрухіна і ягонага сябра Аляксандра Кабанава сярод берасьцейцаў.

«У нас на працэс прыйшлі б сотні людзей, тут у Сяргея і Аляксандра тысячы прыхільнікаў. Магчыма, таму ўлады і перавялі працэс у Магілёў, каб спакайней было», — мяркуе Ўладзімер Вялічкін.

Праваабаронца спрабуе ліставацца зь Сяргеем Пятрухіным, але адзначае, што сувязь зь ім пакуль аднабаковая.

«Атрымаў ад яго лісты, а вось ён маіх не атрымлівае. Чаму, ня ведаю. Ні на што не скардзіўся, пра ўмовы ўтрыманьня дык нават жартаваў. Паведамляў, што будзе суд і ён рыхтуецца», — расказаў пра Сяргея Пятрухіна Ўладзімер Вялічкін.

Беларускія праваабаронцы прызналі блогера Сяргея Пятрухіна палітвязьнем.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Блогер, будаўнік, мае чорны пояс у каратэ. Хто такі Аляксандар Кабанаў, якому пагражае да 3 год турмы
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі 7 новых палітвязьняў. Усяго такіх 246