Што зьмянілася, што засталося нязьменным у трох апытаньнях Chatham House, пачынаючы зь верасьня 2020 году? З каго складаецца беларускае грамадзтва? Ладная частка беларускага грамадзтва ня хоча Лукашэнкі — а чаго яно хоча? Ці праўда, што беларусы атрымалі прышчэпку супраць аўтарытарызму?
Пра гэта на падставе вынікаў апошняга апытаньня Chatham House разважае каардынатар праекту Рыгор Астапеня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бабарыка — самы папулярны палітык Беларусі, паводле апытаньня Chatham House
Астапеня
- У верасьні ў беларускім грамадзтве было значна больш аптымізму, цяпер яно больш скептычна ставіцца да перамогі пратэсту
- У пэўным сэнсе яно расчараванае
- Не зьмянілася тое, што грамадзтва ў большасьці не прымае Лукашэнкі, не прымае гвалту, які чыніць яго сыстэма
- Не зьмянілася доля прыхільнікаў бел-чырвона-белага сьцяга, яна прыкладна захавалася на ўзроўні 35%
- У большасьці беларускае грамадзтва ня ставіцца адмоўна да бел-чырвона-белага сьцяга, такое стаўленьне толькі ў адносна вузкай групы — у «бастыёна Лукашэнкі», 23% лічаць, што ён фашысцкі і яго трэба забараніць
- Гэта дае падставы лічыць, што пры зьмене ўлады бел-чырвона-белы сьцяг стане дзяржаўным
- Ёсьць вялікая група, якая лічыць, што пытаньне сьцяга наагул неістотнае
- Сярэднія групы — «назіральнікі», «скептыкі» і «абыякавыя» — не па ўсіх пытаньнях паводле сваіх поглядаў — паміж «ядром пратэсту» і «бастыёнам Лукашэнкі»
- «Назіральнікі» — прыхільнікі пратэсту, яны супраць гвалту, у іх няма даверу да Лукашэнкі, але яны ня вельмі ўдзельнічалі ў пратэстах
- Для людзей, якія жывуць па-за Менскам, тое, што пратэсты зьменшыліся, відавочна, у іх пратэсты былі пераважна ў жніўні-верасьні
- «Скептыкам» не падабаецца ні ўлада, ні пратэст. Многія зь іх галасавалі супраць усіх, ім падабаецца Ўладзімір Салаўёў, які пляжыць і Лукашэнку, і пратэстоўцаў
- Яны ня вераць, што пратэст можа перамагчы
- Яны ўсьведамляюць, што на выбарах былі фальсыфікацыі
- «Абыякавыя» — тыя, хто называе сябе апалітычнымі, яны спрабуюць нічога ня ведаць і жыць у сваім сьвеце
- Сярод іх папулярны чырвона-зялёны сьцяг, яны не давяраюць Ціханоўскай і крыху давяраюць Лукашэнку
- Калі параўнаць колькасьць тых, хто глядзеў навагоднія віншаваньні Ціханоўскай і Лукашэнкі (наўпрост ці ў запісе), то атрымаецца, што гэтыя лічбы прыкладна аднолькавыя
- Беларускае грамадзтва ў цэлым не ўспрымае Ціханоўскую як асобу, за якую потым давядзецца галасаваць як за прэзыдэнта
- Людзі ўсьведамляюць, што ўсё пачалося з Бабарыкі. Калі ён уступіў у кампанію, зьявілася ўяўленьне, што Лукашэнка можа прайграць
- Значная частка беларусаў абʼяднаная адмаўленьнем Лукашэнкі, хоць і не ўсяго, што зь ім зьвязана
- Людзі хочуць абіраць мясцовых начальнікаў (старшыняў рай- і аблвыканкамаў, кіраўнікоў гарадоў) наўпрост
- Значная частка людзей выказваецца за закрыцьцё стратных прадпрыемстваў і за выплату іх супрацоўнікам дапамогі па беспрацоўі
- У нас грамадзтва даволі лібэральнае ў гэтым пытаньні
- Зьніжаецца падтрымка захаваньня сьмяротнага пакараньня, цяпер гэта менш за 50% сярод гарадзкіх жыхароў, гэта паказьнік крызісу даверу да дзяржавы
- Многія людзі адчуваюць сваю безабароннасьць перад свавольствам уладаў
- Калі спрабаваць адшукаць асноўныя каштоўнасьці беларусаў, то гэта бясьпека, дабрабыт і павага
- Мы пыталіся, як павінны прызначацца кіраўнікі раённых судоў, РУУС. Людзі пра гэта ніколі ў жыцьці ня думалі
- Для многіх беларусаў дэмакратычны праект — новы і нязвыклы
- Прышчэпка ад аўтарытарызму ёсьць, але пытаньне, наколькі яна трывалая
- Падчас пратэстаў мы не пабачылі працэсу палітычнага структураваньня, паўстаньня партыяў, рухаў, арганізацыяў