Глядзіце размову цалкам на відэа.
Тут фрагмэнты размовы:
Сьцісла
- Сузаснавальнік KYKY.org Аляксандар Васілевіч сядзіць у камэры на 12 чалавек, сярод якіх доктар, айцішнік, трэнэр, інжынэр і алкаш. Апошнім месяцам Саша перахварэў на каранавірус, доўга не атрымліваючы лячэньня. У яго псуецца зрок.
- Мы лёгкія на пад’ём, маем пачуцьцё гумару, умеем рабіць запатрабаваны аўдыторыяй кантэнт, таму нашы выданьні хутчэй будуць мяняцца, чым вяртацца да старых фарматаў. Гэта як вярнуцца ў Беларусь да жніўня 2020 году. Як ты гэта зробіш, калі гэтай краіны ўжо не існуе.
- Як і ўва ўсіх забароненых за «экстрэмізм» выданьняў, наш асноўны дамэн KYKY.org адкрываецца праз VPN. Дадаткова для таго, каб людзі ўнутры Беларусі не гублялі доступ да выданьня, мы купляем дамэны з ідыёцкімі назвамі massandry.net, mininform.lol, omon.wtf.
«Журналісты ўжо пяць месяцаў спадзяюцца, што хутка вернуцца ў Менск»
— Рэдакцыя прыняла рашэньне часова пакінуць Беларусь пасьля арышту сузаснавальніка kyky.org, бізнэсоўца Аляксандра Васілевіча, уладальніка рэклямнага агенцтва і галерэі сучаснага мастацтва «Ў». Саша, як зьмянілася ваша рэдактарскае, журналісцкае і чалавечае жыцьцё пасьля вымушанага пераезду рэдакцыі?
— Жыцьцё зьмянілася на 200%, бо ніхто з нас ня быў гатовы да эміграцыі. У выніку каманда нашых двух сайтаў KYKY.org i The Village Беларусь раскіданая па трох краінах — Літва, Польшча і Ўкраіна. Выданьне працягвае існаваць, і мая задача як дырэктара, каб людзі рэгулярна атрымлівалі заробак, а гэта неверагодна складаны квэст паміж трыма краінамі ў сытуацыі, калі ты чакаеш рэгістрацыі кампаніі ў ЭЗ зь верасьня мінулага году. Журналісты ўжо пяць месяцаў чакаюць і спадзяюцца, што хутка вернуцца ў Менск.
Я прымушаю сябе мець інтарэс да польскай культуры, гісторыі, чытаю шмат, вучу мову, інакш даўно б пагрузілася б у дзіўны дэпрэсіўны стан. Часам лаўлю сябе на думцы, што мне абсалютна ўсё роўна, дзе жыць. Новую краіну я сабе не выбірала. У маім выпадку ўсё ўпіраецца ў дачку-падлетка, якая за некалькі месяцаў засвоіла польскую мову і вучыцца ў мясцовым ліцэі. У Літве і Эстоніі яна б так хутка ня ўправілася. Пакуль што мы пажывем у Варшаве.
«Ня падаць духам і верыць у тое, што ўсё скончыцца хутка і перамогай»
— Якая самая апошняя інфармацыя пра Аляксандра Васілевіча, яго справу, настрой, намеры?
— Інфармацыю пра Сашу атрымліваю празь ягоную жонку Надзю Зелянкову, бо мае «фальшыўкі з Польшчы» даходзяць да яго надзвычай рэдка, а ад яго — яшчэ радзей. 28 студзеня было роўна 5 месяцаў, як Саша знаходзіцца ў СІЗА, яму ўвесь час падаўжаюць тэрмін знаходжаньня пад вартай. Сядзіць ён у камэры на 12 чалавек, сярод якіх доктар, айцішнік, трэнэр, інжынэр і алкаш, як я ведаю зь лістоў.
Апошнім месяцам Саша перахварэў на каранавірус, доўга не атрымліваючы лячэньня. У яго псуецца зрок у камэры. Гэта дрэнныя навіны. Добрыя навіны — Надзя здолела арганізаваць сетку дастаўкі перадачаў у турму, і ў выніку Саша мае прыстойную ежу. Што тычыцца ягоных намераў, то, ведаючы Сашу, скажу, што гэта — ня падаць духам і верыць у тое, што ўсё скончыцца хутка і перамогай.
«Краіна, якой яна была да жніўня 2020-га, ужо не існуе»
— Відавочна, што са жніўня 2020-га зьмянілася і канцэпцыя выданьня, цяпер пратэсты і рэпрэсіі ў Беларусі — галоўны ракурс. Ці канчаткова гэта? У якім выпадку kyky.org вернецца да сваіх асноўных, так бы мовіць, лягчэйшых тэмаў?
— Цяпер на заблякаваным сайце KYKY.org мільён візытаў за студзень. Да блякаваньня было 5 мільёнаў. Гэта падзеньне трафіку ў пяць разоў. Калі глядзіш гугл-аналітыку, разумееш, што якія б тэмы мы ні падымалі — лёгкія ці цяжкія, мы ўсё гэтак жа будзем заставацца мэдыя, якое не даспадобы, якому забаранілі існаваць у Беларусі — the Village Беларусь крыху раней, KYKY.org крыху пазьней. Дзіўна думаць, як вернесься да старой тэматыкі, калі ты заблякаваны за нейкі «экстрэмізм».
Мы лёгкія на падʼём, маем пачуцьцё гумару, умеем рабіць запатрабаваны аўдыторыяй кантэнт, таму нашы выданьні хутчэй будуць мяняцца, чым вяртацца да старых фарматаў. Гэта як вярнуцца ў Беларусь да жніўня 2020 году. Як ты гэта зробіш, калі гэтай краіны ўжо не існуе. Цяпер мы паспрабуем запусьціць Patreon зь мерчам з рознымі худзі, майкамі, дызайн якіх рэдакцыя адбірае на свой густ, каб зрабіць тэставаньне новай мадэлі манэтызацыі. Асноўная гісторыя — не працягнуць ногі, бо калі ня будзе чым плаціць заробак, зусім будзе няважна, лёгкі кантэнт ці цяжкі, ці ёсьць ён.
Рэгістрацыя выданьня ў ЭЗ дасьць магчымасьць найперш легалізавацца, знаходзіцца тут не на птушыных правах, атрымаць дазвол на жыхарства для супрацоўнікаў. Каб мы маглі афіцыйна зарабляць. Цяпер у нас няма такой магчымасьці.
«У нас ёсьць забаўная гульня зь Міністэрствам інфармацыі»
— Якая дапамога ці падтрымка патрэбная вашай рэдакцыі цяпер?
— У нас ёсьць забаўная гульня зь Міністэрствам інфармацыі. Наш сайт заблякаваны па іх рашэньні за «экстрэмізм». Як і ва ўсіх выданьняў, наш асноўны дамэн KYKY.org адкрываецца праз VPN. Дадаткова для таго, каб людзі ўнутры Беларусі не гублялі доступу да выданьня, мы купляем дамэны з ідыёцкімі назвамі. І пакуль улады заўважаць, што KYKY ўсё роўна існуе і трафік ідзе на нейкі ідыёцкі дамэн кшталту massandry.net, mininform.lol, omon.wtf, праходзіць тыдзень ці два. Дамэн mininform.lol пратрымаўся каля месяца. І калі аўдыторыі Свабоды цікава паўдзельнічаць у такой гульні, у такім атракцыёне, можна дапамагчы нам купіць ідыёцкі дамэн, каб яшчэ тыдзень чытаць KYKY без блякаваньня. Дамэн каштуе грошай, і мы зьбіраем іх на PayPal.
Мы абвяшчаем конкурсу тэлеграм-канале «Кулуары КУКУ». Чытачы нам прыдумалі massandry.net. Цяпер мы даступныя на дамэне kykyold.org. І яго падказалі нашы чытачы. Паколькі ніхто з СМІ купляй бязглуздых дамэнаў не займаецца, то мы, натуральна, прыцягваем увагу. Чаму мы гэта робім? Гэта пэўнага кшталту дэцэнтралізацыя пратэсту. У рэдакцыі мы лічым, што нашы артыкулы павінны быць даступныя жыхарам Беларусі, і дзеля таго, каб нас чыталі, мы гатовыя ахвяраваць сваім брэндам — прыбраць цэнтральны дамэн і ператварыцца ў мноства новых, якія яшчэ не пасьпелі заблякаваць. У гэтую гульню можна гуляць вечна. Фантазіі ў каманды хапае, каб прыдумляць новае, а чытачы з задавальненьнем падтрымліваюць гэта. У дадзенай сытуацыі самае галоўнае — не губляць аптымізму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Узаемнае падлізваньне«Беларускія журналісты аказаліся сапраўднымі героямі»
— Мы з вамі размаўляем у дзень, калі пачаўся гучны судовы працэс над журналісткамі Кацярынай Андрэевай і Дарʼяй Чульцовай. Як вы, як кіраўніца мэдыя, глядзіце на ўсе рызыкі і магчымасьці незалежных СМІ працаваць у цяперашніх умовах і даносіць праўдзівую інфармацыю для аўдыторыі? Чым можна ахвяраваць, што найважнейшае, да чаго трэба быць падрыхтаванымі?
— У нейкі момант беларускія журналісты аказаліся сапраўднымі героямі. Гэта як зь любымі героямі на любой вайне — ты не рыхтуесься зь дзяцінства ахвяраваць сваім жыцьцём і свабодай дзеля сваёй прафэсіі. Магчыма, у будучыні тыя, хто будуць паступаць на журфак БДУ, будуць мець на ўвазе, што, працуючы журналістам у Беларусі, ты можаш сесьці ў турму за сваю пазыцыю.
Да 2020 году такіх рызыкаў не было. Былі рызыкі для выданьня — атрымаць гіганцкі штраф і разарыцца. Былі рызыкі быць забітым за тое, што рабіў журналісцкае расьсьледаваньне пра гандаль зброяй з Іракам, як Вераніка Чаркасава, ці быць забітым, як Павал Шарамет. А цяпер будуць рызыкі сесьці ў турму на сурʼёзны тэрмін за стрым зь месца падзеяў, як Дарʼя Чульцова і Кацярына Андрэева, ці публікацыю матэрыялу, які супярэчыць гарачкаваму трызьненьню «сініх пальцаў», як у выпадку з Кацярынай Барысевіч.
Калі мы ўсе вернемся ў новую Беларусь, думаю, што ні ў кога не падымецца рука ганіць незалежных журналістаў, як было раней — кшталту нехта ў некага матэрыялы перадрукоўвае ці аднабока капае. Усё гэта ўспрымаецца як лухта, таму што журналісты незалежных СМІ цяпер героі, і іх праца вельмі важная. Інакш Беларусь увогуле ня ведала б, што адбываецца.
— Як аўтарка біяграфіі выдаўца і рэдактара Пятра Марцава, як вы думаеце, што ён казаў бы цяпер і рабіў бы апошнія паўгода?
— Думаю, што Пётар Марцаў словам і справай падтрымаў бы Віктара Бабарыку яшчэ ў траўні 2020 году. Гэта чалавек яго маштабу, яго рамантызму, яго культурнага і духоўнага ўзроўню. Пётар быў бы валянтэрам штабу, магчыма, каардынатарам. Чым бы гэта скончылася, ня будзем меркаваць, бо зь цяперашнімі валянтэрамі штабу ўсё сурова цяпер.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На кнігу «Асьцярожна, Марцаў!» сабралі 158 мільёнаў
«Я не чакала, што мы сапраўды большасьць»
— Учора ўвечары выйшаў дакумэнтальны фільм Вольгі Абрамчык «Мы ня ведалі адно аднаго да гэтага лета». Наколькі для вас было нечаканым — ня тое што гвалт і жорсткія рэпрэсіі ўладаў, а тое, што зробяць беларусы гэтым летам і восеньню?
— Я заўсёды любіла беларусаў і адчувала, што мы найлепшыя людзі на зямлі. У Менску я жыву ў раёне чыгуначнага вакзалу. І я адчула шок нават не на мітынгу 16 жніўня, а пасьля яго, калі пайшла на свой выбарчы ўчастак на вуліцы Сьвярдлова падпісваць пэтыцыю, каб на нашым участку паказалі вынікі галасаваньня. Я была перакананая, што на ўчастак прыйду толькі я са сваёй дачкой. Раён Сьвярдлова і Кірава — спэцыфічны, як я кажу, там жывуць удовы чэкістаў, ён ніколі не вылучаўся апазыцыйнымі настроямі.
І я стаю злая каля брамы гімназіі, разумеючы, што ніхто ня прыйдзе, і бачу, як ідзе бабуля зь дзядулем, дзядуля з сабачкам, сямейная пара за 80 — чалавек 20 пэнсіянэраў, пра якіх я ніколі б не падумала, што ім цікавыя вынікі выбараў. Каб пачаць размову, пытаюся ў дзядулі пра сабачку, а ён адказвае, што сабачка добры, зусім ня гаўкае, толькі калі Лукашэнку па тэлевізары пабачыць. І гэтыя простыя пэнсіянэры з вуліц Кірава і Сьвярдлова падпісваюць пэтыцыю з патрабаваньнем новых сумленных выбараў. Тады я рэальна зразумела, што мы ня ведалі адно аднаго да гэтага лета.
Потым бабулька за 80 запыталася: а што там на плошчы, калі мы пойдзем, яшчэ нешта будзе адбывацца? І яны павольна пайшлі на плошчу Незалежнасьці, на якой у той момант знаходзілася каля 100 тысяч чалавек. Я не чакала, што настолькі розныя групы падтрымліваюць агульны настрой, што мы сапраўды большасьць.