Пра гэта ў Facebook паведаміла яго жонка Надзея Зелянкова, таксама фігурантка крымінальнай справы.
25 сьнежня ў Аляксандра Васілевіча заканчваўся тэрмін зьняволеньня ў адпаведнасьці з папярэднім рашэньнем сьледзтва. Аднак за дзень да вызваленьня родным сказалі, што ён застанецца за кратамі сама меней яшчэ на два месяцы.
На пачатку сьнежня ў сужэнцаў нарадзілася дачка, якую тата яшчэ ня бачыў.
Аляксандра Васілевіча затрымалі 27 жніўня супрацоўнікі ДФР Камітэту дзяржкантролю, з таго часу ён пад вартай. У кватэры і ў офісах адбыліся ператрусы.
4 верасьня Васілевічу і ягонай жонцы Надзеі Зелянковай выставілі абвінавачаньне ў крымінальным злачынстве. Ён знаходзіцца пад вартай у СІЗА № 1 Менску, яна на волі. У чым іх абвінавачваюць, афіцыйна невядома, адвакатка дала падпіску аб невыдаваньні.
10 кастрычніка Аляксандар стаў адным з удзельнікаў сустрэчы Лукашэнкі з палітзьняволенымі ў СІЗА КДБ.
Аляксандар Васілевіч — сузаснавальнік онлайн-выданьняў kyky.org і The Village Беларусь, уладальнік агенцтва Vondel/Hepta і прасторы «Галерэя Ў».
У жніўні яго ўжо затрымлівалі ў КДБ, куды ён прынёс хадайніцтва аб зьмене меры стрыманьня Віктару Бабарыку. Тады суд Фрунзэнскага раёну Менску асудзіў яго на 14 дзён адміністрацыйнага арышту.