Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Узаемнае падлізваньне


Саша Раманава
Саша Раманава

Заявы францускага актора Жэрара Дэпардзьё, зробленыя ім у інтэрвію беларускаму тэлебачаньню па выніках яго візыту ў Беларусь, мы папрасілі пракамэнтаваць галоўнага рэдактара папулярнага інтэрнэт-выданьня KYKY.ORG Сашу Раманаву.

Творцы — людзі нэрвовыя і раптоўныя. Прыгадайце Алівэра Стоўна, які на чым сьвет стаіць лае Абаму і яго палітыку. Часам здаецца, што сутнасьць рэвэрансаў Стоўна ў бок Пуціна — ня шчырае захапленьне палітыкай Расейскай імпэрыі, а жаданьне больш балюча ўкалоць радзіму, якая нібыта больш яго не шануе. Чаму таго ж Стоўна ня любіць радзіма? На жаль, геній сьпісаўся за гады, усе апошнія фільмы няўдалыя.

Нешта падобнае адбываецца з Дэпардзьё і Францыяй. Новых вялікіх карцінаў няма, а таму пакрыўджаны чалавек выкарыстоўвае любую магчымасьць, каб падчапіць радзіму і апявае краіны, дзе яго «не называюць вартым жалю», як зрабіў прэм’ер-міністар Жан-Марк Эро, асудзіўшы нежаданьне Депардзьё плаціць 87% падаткаў. З чалавечага пункту гледжаньня гэта ня самыя годныя паводзіны, яны падобныя на сварку разьведзеных мужа і жонкі, якія робяцца ворагамі і паліваюць адзін аднаго дзярмом пасьля 30 гадоў сумеснага жыцьця.

І мне здаецца, Беларусь тут зусім ні пры чым. Усё сказанае Депардзьё ня мае дачыненьня да рэальнасьці. Бо яму ў Беларусі паказвалі толькі пацёмкінскую вёску ды новенькі трактар. Ён бачыў любоў і захапленьне з усіх бакоў, і гатовы плаціць той самай манэтай: хочаце чуць, што ў вас дэмакратыя, і людзі жывуць лепш, чым у Францыі — на здароўе. Хочаце падатак на дармаедаў — з Депардзьё ня станецца, француз лічыць, гэта добры падатак. Вось гэтае ўзаемнае падлізваньне выгадна абодвум бакам: дысыдэнт можа рабіць балюча радзіме, а мы — перавабіць на свой бок вялікага, але, на жаль, састарэлага актора, які стаў спачатку прыдворным блазнам Расеі, танцуючы з Кадыравым (і атрымаўшы за гэта пяціпакаёвую кватэру) і абняўшыся з Пуціным, а потым заканамерна быў аблашчаны прэзыдэнтам Беларусі.

Лепш за ўсё пра Депардзьё прыкладна год таму сказаў Андрэй Більжо на «Эхо Москвы»: «Адчуваньне, што Дэпардзьё — як „дурнічка“. Такая прыдуркаватая, добрая, наіўная, вясковая дзяўчына. Над якой усе сьмяюцца. А яна не разумее, што кажуць і пра што гавораць. І усьміхаецца, і скача, і сьпявае... А ўсе тыкаюць ў яе пальцам, рагочуць, маўляў, давай, давай, дурнічка».

Саша Раманава

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG