Судзьдзя Маладэчанскага раёну Вольга Дубовік агучыла прысуд у крымінальнай справе супраць Вадзіма Гурмана — 3,5 года пазбаўленьня волі, піша «Рэгіянальная газета».
8 лютага прайшло апошняе пасяджэньне. Мужчыну прызналі вінаватым паводле двух крымінальных артыкулаў: за актыўныя дзеяньні, што груба парушаюць грамадзкі парадак (ч. 1 арт. 342) і за пагрозы забойствам міліцыянтаў Маладэчанскага РАУС (арт. 364). Пакараньня, якое ў выніку дала судзьдзя Дубовік, якраз прасіў пракурор.
Таксама суд вырашыў, што Гурман абавязаны выплаціць кампэнсацыю «маральнай шкоды» чатыром пацярпелым міліцыянтам — Дзьмітрыю Смаленскаму, Паўлу Сіняўскаму, Вадзіму Лазару і Аляксандру Цярэнцьеву, па 500 рублёў кожнаму. Яшчэ двое пацярпелых міліцыянтаў — Нехвядовіч і Радзько — не падавалі пазоваў аб кампэнсацыі.
Сам Гурман на адным з папярэдніх пасяджэньняў казаў, што ў той дзень на цэнтральнай плошчы Маладэчна некалькі разоў выходзіў да міліцыянтаў, гаварыў ім пра недапушчальнасьць гвалтоўных дзеяньняў і сам меў мірныя намеры, але тыя на яго словы не рэагавалі. У пастарунку Гурману і іншаму затрыманаму пагражалі згвалтаваньнем і пад вялікім маральным і фізычным ціскам прымусілі падпісаць паперы, зьместу якіх ён нават ня бачыў.
5 лютага ў апошнім слове ён спытаўся ў міліцыянтаў, як яны будуць глядзець людзям у вочы.
«Ладна жонка, але дзіця спытаецца: „Тата, што ты зрабіў сёньня на працы?“ А вы адкажаце сумленна і праўду, што сёньня вы пасадзілі невінаватага чалавека і разбурылі яго сям’ю? Думаю, ні адзін з вас не адкажа праўду».
Вадзім Гурман нарадзіўся ў 1999 годзе. На судзе ён сказаў, што ў яго неўзабаве народзяцца двое дзяцей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Маладэчне судзяць хлопца, які на працэсе заявіў, што 11 жніўня міліцыянты пагражалі яму згвалтаваньнем ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Звыш 300 спартоўцаў просяць генпракурора Расеі не дапусьціць экстрадыцыі Кудзіна ў Беларусь