Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маладэчне судзяць хлопца, які на працэсе заявіў, што 11 жніўня міліцыянты пагражалі яму згвалтаваньнем


Адна з жнівеньскіх акцый пратэсту ў Маладэчне. Архіўнае фота.
Адна з жнівеньскіх акцый пратэсту ў Маладэчне. Архіўнае фота.

Маладэчанскія міліцыянты, паводле абвінавачанага ў гвалце над імі Вадзіма Гурмана, спрабавалі зьняць яму і іншаму затрыманаму штаны. Твары ім залілі газам.

У судзе Маладэчанскага раёну прайшло новае судовае слуханьне ў крымінальнай справе Вадзіма Гурмана. Яна заведзеная супраць яго за падзеі 9 жніўня ў Маладэчне, піша Праваабарончы цэнтар «Вясна».

Вадзім Гурман, Маладэчна, фота «Рэгіянальнай газеты».
Вадзім Гурман, Маладэчна, фота «Рэгіянальнай газеты».

Паводле абвінавачаньня, Гурман правакаваў натоўп на «актыўныя дзеяньні супраць міліцыі і пагражаў гвалтам міліцыянтам». Яму прад’явілі абвінавачаньні паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (Арганізацыя групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак і зьвязаныя зь відавочным непадпарадкаваньнем законным патрабаваньням прадстаўнікоў улады) і арт. 364 (Гвалт альбо пагроза ўжываньня гвалту ў дачыненьні супрацоўніка органаў унутраных спраў).

На папярэдніх пасяджэньнях дапыталі пацярпелых у справе, якімі прызналі 6 міліцыянтаў. Некаторыя падалі супраць яго грамадзянскія пазовы на кампэнсацыю маральнай шкоды «ад пачутых пагрозаў».

На наступны дзень паказаньні даваў сам Гурман. Ён сказаў, што 9 жніўня каля 20 гадзін зь сябрамі прыйшоў на цэнтральную плошчу гораду. Прыкладна праз паўгадзіны каля 25 міліцыянтаў сталі ў шэраг насупраць людзей. Па словах Гурмана, ён некалькі разоў выходзіў да міліцыянтаў, казаў ім пра недапушчальнасьць гвалтоўных дзеяньняў і сам меў мірныя намеры, але тыя на яго словы не рэагавалі.

Потым прыехалі амапаўцы і пачалі біць людзей, цягнуць іх у аўтазакі. У той дзень Вадзіму ўдалося вярнуцца дадому здаровым. Але 11 жніўня Гурмана затрымаў АМАП, яго і іншых білі і залівалі сьлезацечным газам. Пабіцьце працягвалася ў двары РУУС. Па словах Гурмана, яму і яшчэ аднаму затрыманаму Патаповічу пагражалі згвалтаваньнем і спрабавалі зьняць штаны, аднак усё ж спыніліся па камандзе кагосьці з кіраўніцтва. Гурман прызнаўся, што ўжо ня думаў выйсьці адтуль жывым.

Гурман пад моцным маральным і фізычным ціскам падпісаў паперы, якія яму далі, іхнага зьместу ён ня ведае, бо тады ня мог чытаць.

У пасьлявыбарчых падзеях у Маладэчне 9 жніўня ўдзельнічаў і Мікіта Крыўцоў, якога пазьней знайшлі мёртвым. Ягоныя сябры лічаць, што Крыўцова забілі. Вэрсія сілавікоў была, што ён скончыў жыцьцё самагубствам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG