5 прычын, чаму ў Беларусі растуць цэны амаль на ўсё

Харчовы асартымэнт

Лекі, прадукты, «камуналка», сьвятло, бэнзін і многае іншае ў Беларусі падаражэла. Разьбіраемся, чаму так адбылося.

Цэны ў Беларусі вырасьлі амаль на ўсё: прадукты, «камуналка», паліва, электрычнасьць. За мінулы год інфляцыя ў Беларусі склала 7,4% — гэта найвышэйшы паказчык за 5 гадоў. Чаму ж так адбываецца?

Курсавая розьніца

Шмат якія прадукты, якія прадаюцца ў Беларусі, прывозяць з-за мяжы. Або іх вытворчасьць зьвязаная з інгрэдыентамі ці тэхналёгіямі, якія там набываюцца. Пра гэта кажа старшы навуковы супрацоўнік Beroc Леў Львоўскі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як падаражэлі прадукты зь леташняга красавіка

«Калі расьце даляр, то лягічна, што мусіць вырасьці кошт умоўнага „Сьнікерса“. Пры гэтым цэны растуць ня прама прапарцыйна курсу даляра. Калі расьце даляр, імпартныя прадукты растуць у цане ня так моцна», — адзначае экспэрт.

Рост цэнаў ад імя дзяржавы

Праезд у транспарце, паслугі ЖКГ, электраэнэргія — на ўсе гэтыя паслугі цэны рэгулююцца адміністрацыйна, то бок «ад імя дзяржавы».

«Гэта цэны, якія вызначае ўрад. Калі дзяржава павышае адміністрацыйныя цэны, гэта закранае і іншыя сфэры. Нядаўна прыбралі ільготны падатак на даданую вартасьць зь некаторых катэгорый тавараў, таму гэтыя цэны растуць», — гаворыць Леў Львоўскі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паднялі падаткі — вырастуць цэны. Як гэта адаб’ецца на людзях

З новага году вырас падатак на даданую вартасьць на некаторыя лекі і дзіцячыя тавары. Адпаведна, на іх вырасьлі цэны.

Акцызы на бэнзін

Дзяржава таксама рэгулюе цэны на паліва — праз акцызы. Толькі за студзень аўтамабільнае паліва ў Беларусі даражэла два разы: на 1 капейку 21 студзеня і на 1 капейку 28 студзеня. Гэтае падаражэньне ўплывае і на цэны на прадукты, «бо іх трэба прывезьці».

Падаткі

Рост цэнаў на паслугі і тавары таксама зьвязаны з падаткамі, «калі гэтыя падаткі зьмяняюцца». Калі расьце зямельны падатак, падатак з прадпрымальнікаў ці падатак на прыбытак, так ці інакш гэтыя страты пакрываюцца ростам цэнаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як у 2021 годзе маюць вырасьці камунальныя тарыфы

З 1 студзеня ў Беларусі вырас падатак на прыбытак для апэратараў мабільнай сувязі — з 18% да 30%. Таксама паднялі адзіны падатак для прадпрымальнікаў (на колькі — вырашаюць мясцовыя органы ўлады), а таксама арэнду і зямельны падатак з гандлёвых цэнтраў (з 0,7% да 1,5%).

Інфляцыя ня можа быць нулявой

Наогул не расьці цэны ня могуць, бо тады людзі будуць «менш спажываць і больш назапашваць». То бок інфляцыя — нармальны працэс, калі яна не такая вялікая, як у Беларусі. Напрыклад, ва Ўкраіне за мінулы год яна склала каля 5%, у Польшчы — 3,4% (і гэта самы высокі паказчык за апошнія гады), а ў Беларусі — 7,4%.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь скончыла 2020 год з найвышэйшым паказьнікам інфляцыі за чатыры гады

«Гэта натуральны манэтарны працэс, інфляцыя ня можа быць нулявой, тады людзі будуць больш назапашваць і больш спажываць. Рост цэнаў патрэбны, каб не стымуляваць людзей хаваць грошы пад падушкай», — кажа Леў Львоўскі.

Сярэдні заробак у Беларусі са сьнежня 2019 году па сьнежань 2020-га вырас на 16%. Інфляцыя ў 7,4% «зьела» амаль палову гэтага павышэньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Заробак 752 рублі. Як жывуць у самых бедных рэгіёнах Беларусі

У далярах жа ён нават скараціўся: у сьнежні 2019-га за сярэдні заробак можна было купіць 589 даляраў, а ў сьнежні 2020-га — ужо толькі 578.