Жанна Румас, жонка Сяргея Румаса, спачатку пацьвердзіла ў камэнтары «Нашай Ніве», што мужа дома няма, але запэўніла, што «сама ва ўсім разьбярэцца». Пазьней яна паведаміла Tut.by, што яе муж «знаходзіцца ў ад’езьдзе за межамі Беларусі». Тэлефон Сяргея Румаса недасяжны. Тым часам «Наша Ніва» са спасылкай на ўласныя зьвесткі сьцьвярджае, што Сяргей Румас у адной з краінаў, дзе жывуць яго старэйшыя сыны, — або ў Італіі, або ў Вялікай Брытаніі.
Прадстаўнікі беларускіх сілавых структураў не пацьвярджаюць і не абвяргаюць затрыманьня (так заявілі ў КДБ) або не даюць камэнтароў (МУС, Сьледчы камітэт).
Са спасылкай на тры крыніцы Tut.by паведамляе, што сілавікі затрымалі групу былых і дзейных банкіраў (уключна з топ-мэнэджарамі Белаграпрамбанку) і бізнэсоўцаў. Афіцыйна затрыманьні не былі пацьверджаныя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы банкір, бараніў бел-чырвона-белы сьцяг ад міліцыі. 10 фактаў пра былога прэм’ера Сяргея РумасаНазіральнікі прыгадваюць, што 16 жніўня жонка экс-прэм'ера Жанна Румас разьмясьціла ў сацсетках сэлфі з мужам на фоне пратэстоўцаў з даху «Банка разьвіцьця».
У свой час Румас кіраваў гэтым банкам і, на думку экспэртаў, гэта быў адзін з самых прагрэсіўных праектаў банкаўскай сфэры за ўсе гады незалежнасьці краіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якія мэты Лукашэнкі — такі і ўрад. Чаму рыначніка Румаса замянілі сілавіком ГалоўчанкамАляксандар Лукашэнка гэтак казаў пра замену Сяргея Румаса на Рамана Галоўчанку на прэм'ерскай пасадзе пасьля жнівеньскіх падзеяў:
«Ёсьць і іншыя, якіх мы своечасова разгледзелі і адправілі каго на спачынак, каму проста прапанавалі займацца бізнэсам. Яны таксама дзесьці посьцяцца».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бабарыка адказаў на прэтэнзіі Лукашэнкі, пра АЭС і магчымую супрацу з РумасамАкрамя таго, Сяргей Румас быў у добрых стасунках з калегам-банкірам Віктарам Бабарыкам.
Таксама зьявілася інфармацыя аб затрыманьні выканаўцы абавязкаў дырэктара ААТ «Беларуская лясная кампанія», экс-кіраўніка «Белінвэстбанку» Генадзя Сысоева і шэрагу топаў «Белаграпрамбанку».
Што варта ведаць пра Румаса
Сяргея Румаса прызначылі прэм’ерам 18 жніўня 2018 году, звольнілі 4 чэрвеня 2020-га. Свабода прыгадала, чым ён адзначыўся на гэтай пасадзе.
Заступаўся за заўзятараў зь бел-чырвона-белым сьцягам і гербам Пагоня
Сяргей Румас любіць футбол, яго часта можна было заўважыць на трыбунах, калі ён быў і віцэ-прэм’ерам, і кіраўніком ураду. Ад красавіка 2011-га па 2019 год Сяргей Румас кіраваў Фэдэрацыяй футболу. Падчас сустрэчы Беларусь — Македонія ў Барысаве затрымалі заўзятараў за нацыянальную сымболіку. Тады Фэдэрацыя футболу стала на іх абарону.
Шматдзетны бацька
Сяргей Румас з жонкай маюць чатырох сыноў. Старэйшы сын Валер скончыў эканамічны факультэт БДУ, пасьля вучыўся ў Лёндане, але вярнуўся на радзіму. Яшчэ трох сыноў завуць Максім, Сяргей і Філіп.
Пасьпяховы банкір
Сяргея Румаса ўзялі на працу ў Нацыянальны банк адразу пасьля службы ў войску, але ў 1990-х ён на некаторы час падаўся ў камэрцыю. Займаў высокія пасады ў камэрцыйных банках «Паўночны Захад» і «Садружнасьць».
Пасьля гэтага Румас працаваў у «Беларусбанку», але найбольш пасьпяховым было знаходжаньне на пасадзе старшыні «Белаграпрамбанку», за час ягонага кіраваньня банк займеў у 1,5 раза больш укладчыкаў. У часы кіраваньня Румаса гэты банк называлі найбольш стабільным.
Бацька Румаса працаваў з Кебічам
Мікалай Румас, бацька Сяргея Румаса, працаваў ва ўрадзе Кебіча ў 1990-м на пасадзе намесьніка міністра фінансаў. Некаторы час нават выконваў абавязкі міністра фінансаў. Там жа бацька Румаса наладзіў стасункі зь Міхаілам Мясьніковічам.
Дамогся мінімальнай інфляцыі
Сяргей Румас як былы банкір у тандэме з Нацбанкам здолеў дасягнуць мінімальнай інфляцыі ў 5%. Некалькі разоў быў пабіты рэкорд стаўкі рэфінансаваньня, якая цяпер 8%.
Сяргею Румасу на сваёй пасадзе давялося выцягваць з крызісу многія сфэры, напрыклад дрэваапрацоўку, мадэрнізацыя якой так і не дала выніку. Але гэтая сфэра і цяпер у крызісе.
Па выніках першага году прэм’ерства Сяргея Румаса ВУП Беларусі вырас на 3%, летась толькі на 1,2%.
Амаладзіў кабінэт міністраў
Пры Румасу значна амаладзіўся кабінэт міністраў, там працавалі міністар фінансаў Максім Ермаловіч (42 гады), Дзьмітры Круты (39 гадоў), першы віцэ-прэм’ер Аляксандар Турчын (44 гады).
Перажыў «падатковы манэўр» і пагрозу інтэграцыі
На сваёй пасадзе Сяргей Румас засьпеў няпростыя часы для беларускай эканомікі: у Расеі правялі падатковы манэўр, які моцна ўдарыў па беларускай нафтаперапрацоўцы. Страты ацанілі ў больш як 400 мільёнаў даляраў.
Таксама на пачатку году Расея прыпыніла пастаўкі нафты ў Беларусь, гэтую праблему таксама мусіў разьвязваць урад Румаса. А 2019 год скончыўся для ўраду перамовамі пра «паглыбленую інтэграцыю», у гэтым пытаньні ўрады Беларусі і Расеі так і не дамовіліся.
Прыхільнік прыватызацыі і інвэстыцый
Сяргей Румас першапачаткова выступаў за прыватызацыю прадпрыемстваў і залучэньне інвэстыцый у беларускую эканоміку. Ён выступаў супраць крэдытаваньня стратных прадпрыемстваў, субсыдый і льготаў для іх. Аднак цалкам спыніць гэты працэс прэм’еру не ўдалося. Нядаўна дзяржава зноў выдзеліла грошы стратнай дрэваапрацоўцы ды іншым прадпрыемствам.
Сышоў займацца бізнэсам
Паводле Аляксандра Лукашэнкі, які прызначыў новы ўрад, да Сяргея Румаса «асаблівых нараканьняў няма», але «чалавек хоча займацца бізнэсам». Цяпер урад узначаліў былы кіраўнік ВПК Раман Галоўчанка.