У нядзелю ў Менску затрымлівалі 13-гадовага актора, які граў у фільме Купалу-падлетка

Цімур Недзьведзь.

У нядзелю, 31 студзеня, сярод затрыманых аказаўся 13-гадовы Цімур Нядзьведзь. Гэта актор, які ў фільме «Купала» граў Янку Купалу ў падлеткавым узросьце.

Пра тое, што адбылося, «Нашай ніве» расказаў бацька, рэжысэр Павал Недзьведзь, які быў з сынам у той дзень.

«Мы сустрэліся зь Цімурам у абед на Кастрычніцкай. Ён ходзіць па нядзелях здымацца ў Крыжаноўскага, ужо цягам двух гадоў. Пасьля заняткаў зайшлі па гамбургер і зьбіраліся на вакзал — сын жыве з мамай у Заслаўі, трэба было пасадзіць на электрычку.

Па дарозе я сустрэў знаёмую, разгаварыліся. І раптам спыняецца бус, выходзяць дужыя хлопцы ў чорным і хапаюць гэту жанчыну. Узялі пасьля малога: маўляў, ён таксама паедзе з намі. Кажу: „Я не аддам сына, ён непаўналетні“. — „А, зразумела, вы таксама праходзьце ў бус“», — апісвае Павал падзеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тэлеграм-каналы парушылі стандарт журналісцкай этыкі, зьмясьціўшы пірацкую вэрсію фільму «Купала», — БАЖ 

Унутры затрыманых запісалі на камэру. «Гэта відэавізытка», — жартаваў бацька з сынам. Іх доўга вазілі па горадзе.

«Праз рацыю ў супрацоўнікаў, якія езьдзілі з намі, спыталі, якая ў іх загрузка, і сказалі браць групу на праспэкце. «Колькі чалавек браць?» — «Колькі возьмеце», — прыводзіць дыялёг Павал.

Так у аўтобусе апынулася экскурсійная група. Пазьней усіх завезьлі ў Фрунзенскае РУУС.

Бацьку выклікалі першым. Апыталі, што здарылася, запісалі яго словы ў пратакол. Пасьля абшукалі, забралі шнуркі, перапісалі рэчы. На гутарку яго выклікалі некалькі разоў розныя супрацоўнікі. Загадалі разблякаваць тэлефон, рыліся ў перапісках (зачапіліся за сяброў зь бел-чырвона-белымі стужкамі ў кантактах), дапытвалі, што яму не падабаецца ў гэтай краіне.

«Адзін з супрацоўнікаў казаў: „Мы шукаем актывістаў, усіх, хто незадаволены ўладай. Калі вы ведаеце такіх людзей, можаце паведаміць нам“. Я адмовіўся».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хутка ня будзе ў каго лячыцца нават па знаёмстве». У нядзелю ў Менску затрымалі вядомых дактароў

Апытваць сына Павал не дазваляў, але калі вярнуўся да яго, убачыў, што ў Цімура правяралі тэлефон. Знайшлі ў «сьметніцы» фота зь летняга маршу і зь ліфта, дзе вісела бел-чырвона-белая налепка. Нагняталі: «Дойдзе да таго, што сын пойдзе на барыкады і падарве цягнік».

Пасьля доўгіх размоў Паўла адпусьцілі. А сына павялі ў інспэкцыю ў справах непаўналетніх. Разам зь ім ужо была маці, якую праз тэлефон папрасілі прыехаць.

«Я ўвесь час падбадзёрваў сына. Але ён пасьля гэтых апытаньняў дрэнна сябе адчуваў, давялі хлопца. Калі ён прыехаў дадому, адразу лёг спаць. Ня ведаю, ці з гэтай нагоды, але на наступны дзень уся кляса запаўняла анкеты, дзе дзеці пісалі, хто іх гадуе, у якіх умовах жывуць».

У панядзелак а 10-й вечара да Паўла дадому прыйшоў інспэктар у справах непаўналетніх, сказаў, што хлопца паставілі на ўлік. Цяпер візыту міліцыі чакаюць у Заслаўскай гімназіі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень 2020 – люты 2021. Мы сьведкі. „Паглядзела яго картку і ўбачыла месца працы — АМАП“. АБНАЎЛЯЕЦЦА